Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Мацкевічу патрабуюць пастара; музыкаў Irdorath этапавалі; Лосік шле кветкі з турмы


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Па стане на раніцу 9 лютага ў Беларусі 1040 палітвязьняў.

Ігар Лосік даслаў букеты жонцы на гадавіну шлюбу

Зьняволены блогер Ігар Лосік зноў падарыў жонцы кветкі з-за кратаў.

Пра гэта Дар’я Лосік паведаміла ў Instagram. Дзевяць гадоў таму пара ажанілася. Ігар у апошнім лісьце папрасіў Дар’ю ня ехаць да яго ў Гомель зь перадачай, а застацца дома. Дар’я атрымала прынамсі шэсьць букетаў кветак і малюнак з ружамі і Лосікам ад мужа, якія яму дапамаглі падарыць знаёмыя на волі.

Ігар і Дар'я Лосікі, архіўнае фота
Ігар і Дар'я Лосікі, архіўнае фота

Музыкаў гурту Irdorath этапавалі ў Віцебск

Удзельнікаў фольк-гурту Irdorath Уладзімера Калача, Антона Шніпа, Пятра Марчанку перавялі ў віцебскі СІЗА.

Напісаць ім ліст можна па адрасе: 210026, Віцебск, вуліца Гагарына, 2.

Музыкі гурту Irdorath на маршы пратэсту ў Менску
Музыкі гурту Irdorath на маршы пратэсту ў Менску

Сябры «Хрысьціянскай візіі» патрабуюць дапусьціць пастара да Мацкевіча

Група Каардынацыйнай рады «Хрысьціянская візія» заклапочаная станам палітвязьня, філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча. У сваёй заяве сябры групы запатрабавалі выканаць элемэнтарныя правы грамадзяніна, у тым ліку даць доступ да неабходнай рэлігійнай літаратуры, у першую чаргу да Сьвятога Пісаньня, а таксама дапусьціць да Мацкевіча пастара, каб аказаць духоўную дапамогу.

Мацкевіч трымае галадоўку з 4 лютага. «Хрысьціянская візія» адзначае, што гэта ўжо ня першая галадоўка палітвязьня.

«У 2006 годзе ён падтрымаў пост-галадоўку вернікаў поўнаэвангельскай царквы „Новае жыцьцё“, стаўшы яе натхняльнікам і ўдзельнікам. Такі радыкальны спосаб пратэсту супраць перасьледу стаў для вернікаў апошняй магчымасьцю абараніць царкоўны будынак, пераабсталяваны з кароўніка. У выніку галадоўкі ў 2006 годзе і дзякуючы шырокай кампаніі хрысьціянскай і грамадзкай салідарнасьці, царкоўнай грамадзе ўдалося адстаяць будынак, які ўлады спрабавалі ў яе канфіскаваць.

Уладзімер Мацкевіч — актыўны дзеяч хрысьціянскай супольнасьці Беларусі з 2000 году. Вера адыгрывае важную ролю ў яго асабістым і грамадзкім жыцьці. Будучы прыхільнікам рэфармацкага кірунку пратэстантызму, Мацкевіч напісаў пра яго заснавальніка Жана Кальвіна артыкул для „Найноўшага філязофскага слоўніка“. Тэма хрысьціянства, хрысьціянскіх прынцыпаў і ўладкаваньня грамадзтва на хрысьціянскіх асновах — адна з галоўных у філязофскіх тэкстах, публіцыстыцы, публічных выступах Уладзімера Мацкевіча. Ён аўтар „Дактрыны беларускага кансэрватызму“, якая была часткова прынятая аргкамітэтам БХД у якасьці яе ідэалягічнай асновы».

Тым часам паплечніца Мацкевіча Тацяна Новікава заклікала беларусаў падпісаць пэтыцыю за выкананьне патрабаваньняў Уладзімера Мацкевіча.

«Мы рызыкуем страціць аднаго тых людзей, зь якім мы страцім ня толькі розум і сумленьне, але і ўсе арыенціры. Мацкевіч ужо шосты дзень галадае ў СІЗА, і мы ведаем, што ён не адступіць. Яго патрабаваньні выканальныя!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG