Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва па справе палітвязьня Грузьдзіловіча скончылася, ён меў спатканьне з жонкай


Журналіст Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота 2018 году
Журналіст Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота 2018 году

31 студзеня Мар’яна Грузьдзіловіч атрымала дазвол на спатканьне з мужам, зьняволеным карэспандэнтам Свабоды Алегам Грузьдзіловічам.

Мар’яна расказала Свабодзе, што спатканьне доўжылася адну гадзіну, размова адбывалася ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, у пакоі для спатканьняў, праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных апаратаў.

«Алег добра выглядаў, быў у чыстай вопратцы, на праблемы са здароўем і якасьць ежы ня скардзіўся. Было бачна, што ён вельмі рады спатканьню. Ён расказваў, што атрымлівае шмат лістоў ад родных, сяброў, знаёмых, зь Беларусі і іншых краін».

З размовы з мужам Мар’яна зразумела, што расьсьледаваньне крымінальнай справы Алега Грузьдзіловіча ўжо скончанае і цягам двух тыдняў чакаецца яе перадача ў суд пракурорам. Стала вядома, што Алегу Грузьдзіловічу ў СІЗА не прынялі кнігу, якую яму паслалі, — «1984» Джорджа Оруэла.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Фактычна справа заведзеная за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне.

За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG