Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улада Лукашэнкі выкараняла беларускую мову. 10 фактаў і прыкладаў з гісторыі


25 студзеня Лукашэнка раптам заклапаціўся захаваньнем беларускай мовы. Глядзім, як раней ягоная ўлада ставілася да роднай мовы.

«Беларуская мова, родная беларуская мова». Вы павінны разумець: нешта, што нас адрозьнівае ад іншых, — гэта ёсьць беларуская мова«, — заявіў Лукашэнка 25 студзеня. А што было раней?

«Беларуская мова — бедная мова»

У 1994 годзе, выступаючы на сэсіі Гомельскага гарсавету, Лукашэнка заявіў:

«Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, ня могуць нічога рабіць, акрамя як размаўляць на ёй, бо па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — руская і англійская», — сказаў тады Лукашэнка.

Пазбаўленьне беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай

У траўні 1995 году, менш як праз год пасьля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён ініцыяваў першы свой рэфэрэндум. Сярод іншых пытаньняў грамадзянам прапанавалі прагаласаваць за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай мовы нароўні зь беларускай.

Па выніках, якія апублікавалі ўлады, за гэта прагаласавала 83,3% выбаршчыкаў. Вынікаў рэфэрэндуму апазыцыя ў Беларусі не прызнала.

Зьмяншэньне ўжываньня беларускай мовы

Падчас перапісу 1999 году беларускую мову назвалі роднай 73,6% жыхароў Беларусі, а праз 10 гадоў, у 2009 годзе, беларускую мову назвалі роднай толькі 53,2% — на 20% менш.

Колькасьць жыхароў Беларусі, якія назвалі беларускую мову «хатняй», за гэты час зьменшылася на 15%.

За 15 гадоў удвая менш навучаньня на беларускай мове ў школе

У 2005 годзе на беларускай мове ў беларускіх школах навучаліся 280,2 тысячы вучняў. У 2020 годзе іх колькасьць скарацілася ў 2,6 раза — да 107,6 тысячы вучняў.

Па-расейску ж стала навучацца толькі больш: 922,9 тысячы ў 2005 годзе супраць 949,2 тысячы ў 2020 годзе. Гэта значыць, больш на 26,3 тысячы.

Закрыцьцё Коласаўскага ліцэю

У студзені 1990 году ў Менску заснавалі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Выкладаньне ў ліцэі вялося цалкам на беларускай мове, установа адукацыі адразу стала знакавай і статуснай.

Некаторы час ліцэй меў нават філіял у Сьветлагорску. Напады дзяржавы на ліцэй пачаліся яшчэ ў 1998 годзе, але канчаткова ўлады яго ліквідавалі ў 2003 годзе загадам Міністэрства адукацыі. Дэ-факта ліцэй захаваўся і працаваў яшчэ многія гады ў падпольлі.

Ціск на Саюз беларускіх пісьменьнікаў

Саюз беларускіх пісьменьнікаў — найстарэйшае творчае літаратурнае аб’яднаньне ў Беларусі. З 1997 году распараджэньнем Лукашэнкі ў саюзу забралі Дом літаратара, які быў ва ўласнасьці аб’яднаньня, а ў 2006 годзе арганізацыю канчаткова выселілі з гэтага памяшканьня, пазбавіўшы такім чынам юрыдычнага адрасу.

У 2002 годзе беларускія ўлады забралі ў Саюзу пісьменьнікаў літаратурна-грамадзкія пэрыядычныя выданьні, заснавальнікам якіх ён быў. На базе гэтых выданьняў дзяржава стварыла выданьне «Літаратура і мастацтва», а пазьней газэтна-часопіснае аб’яднаньне «Звязда».

У 2021 годзе Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў арганізацыю «Саюз беларускіх пісьменьнікаў». У саюз уваходзілі больш за 450 аўтараў.

Наступ на выкладаньне гісторыі Беларусі

Беларускія ўлады неаднойчы перапісвалі школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі. Выкладаньне гісторыі Беларусі вялося на беларускай мове ад 90-х гадоў, аднак пад ціскам уладаў гэта паступова спынялася і ад 2008 году стала неабавязковым. Цяпер гісторыю Беларусі выкладаюць па-беларуску толькі ў асобных школах і з ініцыятывы асобных выкладчыкаў.

Незадаволенасьць беларускай мовай на аўтадарогах

У 2019 годзе Лукашэнка заклапаціўся тым, што шыльды каля дарог у Беларусі пачалі рабіць па-беларуску. Яму не спадабалася абвестка «Выконвайце хуткасны рэжым». Маўляў, чалавек з Расеі не зразумее.

«Мне як беларусу зразумела, што хацеў сказаць аўтар. Едзе рускі чалавек ці рускамоўны беларус. Выконвай? Хуткасны? Але зразумеў, што рэжым. Няўжо зноў дыктатура Лукашэнкі? Вось ён тут едзе, і „рэжым“ напісаны», — сказаў Лукашэнка.

Ліквідацыя Таварыства беларускай мовы

Таварыства беларускай мовы — арганізацыя, створаная ў 1989 годзе з ініцыятывы Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры і Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі. Арганізацыя займалася пашырэньнем і прасоўваньнем беларускай мовы, мела свае выданьні. Таварыства беларускай мовы ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі 8 лістапада 2021 году.

Татальная ліквідацыя ўсіх грамадзкіх арганізацый, зьвязаных з мовай і культурай

У 2021 годзе ў Беларусі ўлады ліквідавалі амаль усе недзяржаўныя арганізацыі. Сярод іх — шмат арганізацый, якія прасоўвалі беларускую культуру.

Улады ліквідавалі Беларускі ПЭН-цэнтар, які займаўся папулярызацыяй літаратуры, аб’ядноўваў літаратараў, выдаваў прэміі ў галіне літаратуры.

Таксама ўлады ліквідавалі Таварыства беларускай школы, якое папулярызавала беларускую мову ў адукацыі, і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», якое аб’ядноўвала беларусаў па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG