Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — другая ў колькасьці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва ў Эўропе. Ці ўжо першая?


Пра статыстыку зьняволеных паведамляе партал Zerkalo.io са спасылкай на Інстытут дасьледаваньняў у галіне крымінальнай палітыкі (ICPR). Інстытут выдаў 13-е выданьне «Сусьветнага сьпісу турэмнага насельніцтва».

Згодна з апублікаванымі зьвесткамі, Беларусь займае другое месца ў Эўропе у колькасьці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва. Гэты паказчык у Беларусі складае 345 чалавек, вышэйшы ён толькі ў Турэччыне — 347. Усяго, паводле зьвестак арганізацыі, колькасьць беларускіх зьняволеных складае 32556 чалавек.

Пры гэтым рэальны паказчык Беларусі можа быць яшчэ вышэйшы. У ICPR адзначаюць, што дадзеныя, якія былі ўнесены ў сьпіс адносна Беларусі, актуальныя па стане на сьнежань 2018 году. Аднак, паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ў Беларусі было заведзена сама меней 2218 крымінальных справаў, зьвязаных з пратэстамі падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а 983 чалавекі аказаліся прызнанымі палітычнымі зьняволенымі. Зь вядомых праваабаронцам 1285 асуджаных за 2021 год пазбаўленьне волі ўжывалася ў адносінах да 537 чалавек, што складае 41,8% ад усіх асуджаных.

Акрамя таго, афіцыйную статыстыку агучвалі і беларускія ведамствы. Так, паводле зьвестак Генпракуратуры, на красавік мінулага году ў Беларусі было заведзена больш за 3 тысячы «постпратэставых» справаў. Аб завядзеньні 4691 «постпратэставай» справы ў ліпені 2021 году заявіў і Сьледчы камітэт.

Калі экспэрты з ICPR не ўлічвалі гэтых дадзеных у сваіх падліках, праўдападобна, што лічбы іх дасьледаваньня адносна Беларусі могуць аказацца заніжанымі.

Паводле дадзеных арганізацыі, у краінах – суседках Беларусі колькасьць зьняволеных на 100 тысяч чалавек складае: у Расеі — 326, у Польшчы — 190, у Літве — 184, у Латвіі — 165, ва Ўкраіне — 140.

У сьвеце ў цэлым Беларусь у гэтым паказьніку займае 20-е месца. Краіны з самым вялікім турэмным насельніцтвам (на 100 тысяч чалавек) — гэта ЗША (629), Руанда (580) і Туркмэністан (580).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG