Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны


Вуліца Камуністычная (былая Юраўская) пасьля пажару 25 чэрвеня 1941 году
Вуліца Камуністычная (былая Юраўская) пасьля пажару 25 чэрвеня 1941 году

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Пажары і падпалы першых дзён

Гісторыя менскай архітэктуры часоў акупацыі поўная недакладнасьцяў, «белых плямаў» і нават загадак і супярэчнасьцяў. Пачынаецца ўсё з падпалаў гарадзкой забудовы першых дзён вайны.

Для савецкіх гісторыкаў, як і для тых постсавецкіх, што застаюцца пад уплывам клясычнай савецкай гістарыяграфіі, тут пытаньняў не паўстае. Гаворка вядзецца выключна аб нямецкіх дывэрсантах, якія пры дапамозе вадкага фосфару падпальвалі дамы менчукоў яшчэ да прыходу ў горад асноўных нямецкіх частак.

«Сброшенные с самолетов диверсионные банды немецких фашистов, в организации которых принимали активное участие варшавский и берлинский центры белорусской эмиграции, в городах советской Белоруссии видели основную опасность для агрессивного фашизма и потому удар свой направили почти исключительно против городов.

Минск главным образом испытал на себе тяжесть диверсионного террора. Зажигательные бомбы и специальные зажигательные пакеты с самолетов, жидкий фосфор в руках диверсантов на земле — все было использовано, чтобы уничтожить сердце города — его центр.

Немецкие фашисты видели в уничтожении центра города, где расположены были самые крупные здания, средство одновременно с пополнением запасов стратегического сырья (черные и цветные металлы) лишения белорусского народа также материальных и культурных ценностей, что помогло бы сломить его волю к сопротивлению, лишить его возможности активной борьбы и наконец помогло бы уничтожить в основном и самый народ, превратить остатки его в послушных фашизму рабов.

Одновременно же можно было основательно пограбить и поднажиться. Минск же являлся одним из богатейших городов Советского Союза и особенно за годы советского существования накопил громадные материальные и культурные ценности, что немецким фашистам было хорошо известно.

Пожарами первых дней войны уничтожено множество отличных зданий, в которых как в книге можно было читать историю города. Уничтожены здания, имеющие прямое отношение к истории нашей партии и истории непосредственно революционного движения в Белоруссии...»

Гэты тэкст належыць беларускаму пісьменьніку Рыгору Мурашку (1902–1944), які да вайны загадваў кабінэтам маладога аўтара ў Доме пісьменьнікаў, а ў вайну жыў у акупаваным Менску. Лічыцца, што ў жніўні 1943 году ён быў завэрбаваны дэсантаванай у раёне Менску групай спэцыяльнага прызначэньня Цэнтральнага штабу партызанскага руху пад камандаваньнем маёра С. Казанцава і стаў яе менскім агентам.

25 чэрвеня 1941 году, раніца. Немцы мэтадычна адзначылі белай рамкай раён найбольшых разбурэньняў ад налётаў і пажараў 24 чэрвеня. Кварталы Старога гораду, Плошчы Свабоды і Новага гораду, у тым ліку вуліц Ленінскай і Савецкай, яшчэ пажарамі не кранутыя і маюць цэлыя дахі. Аэрафотаздымак Люфтвафэ.
25 чэрвеня 1941 году, раніца. Немцы мэтадычна адзначылі белай рамкай раён найбольшых разбурэньняў ад налётаў і пажараў 24 чэрвеня. Кварталы Старога гораду, Плошчы Свабоды і Новага гораду, у тым ліку вуліц Ленінскай і Савецкай, яшчэ пажарамі не кранутыя і маюць цэлыя дахі. Аэрафотаздымак Люфтвафэ.

Увосень 1943 году Мурашка сышоў у партызанскі атрад на Лагойшчыне і ў пачатку 1944 году падрыхтаваў на імя маёра Казанцава шэраг рукапісных нататак, у якіх ацэньваў матэрыяльную і культурную шкоду, нанесеную немцамі сталіцы Беларусі. Вышэйпрыведзеная цытата якраз і ўзятая з адной з такіх нататак.

Загінуў Рыгор Мурашка ў красавіку 1944 году падчас прарыву блякады. Быў ён членам партыі з 1920 году, у 1919–1920 гадах, падчас польскай акупацыі, арганізоўваў антыпольскі партызанскі рух на Случчыне, у 20-я гады служыў у Чырвонай арміі, быў на партыйнай рабоце, пасьля працаваў адказным сакратаром часопісу «Бальшавік Беларусі».

Вопыт кадравага партыйца і камуністычнага пра­пагандыста вельмі добра адчуваецца і ў прыве­дзе­най цытаце, асабліва ў яе першых радках. Адно з пы­таньняў, якое паўстае пры іх чытаньні — адкуль Му­рашка, ня маючы доступу да зьвестак савецкай кон­травыведкі, мог ведаць, што ў падрыхтоўцы ня­ме­цкіх дывэрсантаў першых дзён вайны бралі ўдзел «варшавский и берлинский центры белоруской эми­грации», асабліва калі ўлічыць той факт, што нем­цы праз увесь час акупацыі наогул не прызнава­лі ўдзелу сваіх дывэрсантаў у падпалах Менску.

Як бы там ні было, прысутнасьць у горадзе нямецкіх дывэрсантаў сапраўды магла мець месца, як і іх спробы ажыцьцявіць дывэрсійныя акты і акты сабатажу. Гэта — клясыка вайны і, так бы мовіць, адзін бок праўды пра першыя дні вайны ў Менску.

Другі бок праўды прадстаўляюць цьверджаньні акупацыйных уладаў і беларускіх выданьняў часоў акупацыі, што актыўны ўдзел у падпалах Менску прымалі і савецкія дывэрсанты. У сваім першым нумары 21 верасьня 1941 году «Менская газэта» ў артыкуле «Сапраўдныя разбуральнікі гораду» пісала:

«Гнілыя будынкі, фабрыкі, заводы гораду Менску становяць сабой руіны. Хто ж спаліў іх? Жыхары, якія вяртаюцца зь вёсак, думаюць, што горад спалены нямецкімі запальнымі бомбамі... Але спытайцеся ў сумленнага грамадзяніна Менску, які быў падчас бамбардыроўкі ў горадзе, і ён вам скажа, што горад спаліла не нямецкая пераможная армія, якая нясе вызваленьне нашаму народу, а жыды ды бальшавікі.

У той час, калі некаторыя дамы (дарэчы, іх было вельмі мала) сапраўды гарэлі ад запальных бомбаў, жыды ды бальшавікі падпальвалі іншыя, псавалі на фабрыках, заводах, лябараторыях каштоўныя варштаты, машыны і прылады.

Каб замесьці крывавыя сьляды свае больш чым дваццацігадовае злачыннае дзейнасьці, адкормленыя народным хлебам сталінскія сабакі з НКВД падпалілі 24 чэрвеня зь сярэдзіны той будынак, дзе пад катаваньнямі, зьдзекамі загінулі сотні сапраўдных патрыётаў свае бацькаўшчыны, культурных адукаваных людзей Беларусі.

Адступаючы, бальшавікі падпалілі будынак штабу Заходняй асобнай ваеннай акругі. Агонь са штабу перакінуўся далей, абняў Чырвонаармейскую вуліцу, і ўсё навокал згарэла...

У гатэль „Беларусь“ трапіла фугасная бомба. Яна разбурыла толькі частку яго. Але бальшавіком гэтага было замала. Яны падпалілі зь сярэдзіны — і гатэль згарэў.

Пасьля бамбардыроўкі 23 і 24 чэрвеня шмат якія пажары на вуліцах Ульянаўскай, Інтэрнацыянальнай, Энгельса і інш. спыняліся, але жыды і бальшавікі зноў падпальвалі...»

Тут важна зьвярнуць увагу, што выданьне сьмела апэлюе да жыхароў Менску як сьведак падпалаў. Наўрад ці гэта было б магчыма, калі б падпалаў зусім не было.

26 чэрвеня 1941 году. Дагараюць дамы на вуліцы Інтэрнацыянальнай пры яе сутыку зь Ленінскай і квартал паміж Інтэрнацыянальнай, Рэспубліканскай і Рэвалюцыйнай. Новы горад з вуліцамі Савецкай, Ленінскай, Энгельса і іншымі ужо спалены. Але Стары горад цалкам некрануты. Аэрафотаздымак Люфтвафэ
26 чэрвеня 1941 году. Дагараюць дамы на вуліцы Інтэрнацыянальнай пры яе сутыку зь Ленінскай і квартал паміж Інтэрнацыянальнай, Рэспубліканскай і Рэвалюцыйнай. Новы горад з вуліцамі Савецкай, Ленінскай, Энгельса і іншымі ужо спалены. Але Стары горад цалкам некрануты. Аэрафотаздымак Люфтвафэ

І вясною 1944 году «Беларуская газэта» ўсё яшчэ пераконвала чытача ў адказнасьці савецкіх агентаў за падпалы і разбурэньні першых дзён вайны:

«У чэрвені 1941 г. у часе свайго адступленьня, а лепш сказаць уцёкаў, жыда-бальшавіцкія камісары і іхныя лёкаі ператварылі значную частку Менску ў руіны...»

Гэтыя самыя цьверджаньні ўтрымліваліся і ў нямецкамоўных выданьнях, прызначаных для саміх немцаў, у прыватнасьці, у газэце «Minsker Zeitung». 22 чэрвеня 1942 году гэтае выданьне надрукавала ўспаміны аб першых днях вайны нейкай менскай немкі, якая, будучы замужам за расейцам, насіла прозьвішча Іванова і працавала тады лябаранткай у шпіталі. Вось кароткія фрагмэнты:

«Между тем сильный огонь уже держал в своих руках белорусскую столицу. Начало поджогам положили перед своим бегством коммунисты, а затем зажигательные бомбы завершили дело... Наступило 26 июня. Пламя приблизилось к зданию клиники. Напротив загорелся родильный дом... Между почерневшими от копоти руинами только несколько сохранившихся зданий, которых не коснулись руки коммунистических поджигателей...»

Праз тыдзень «Minsker Zeitung» зноў вярнулася да гэтай тэмы. Газэта апублікавала ўспаміны салдата-сувязіста Р. Кенігера, які са сваёй часткай уступіў у Менск 29 чэрвеня 1941 году:

«Через Минск война прошла как извержение вулкана — огнём и пеплом. Мы первый раз видим такие разрушения. На Западе мы уже видели разрушенные города, но разрушения такого масштаба — нет! Однако только часть их явилась результатом военных действий. В большинство строений большевики бросали зажжённые факелы. Эти безумные разрушения в Минске — дело рук большевиков».

26 чэрвеня 1941 году. На гэтым аэрафотаздымку белымі рамкамі адзначаныя пацярпелыя ад бамбаваньняў і пажараў 24–25 чэрвеня вялізныя тэрыторыі ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частках Менску. Унікальнасьць здымка ў тым, што ў верхняй рамцы колцамі пазначаныя месцы падзеньня бомбаў і разьмяшчэньня варонак ад іх. А вось у ніжняй рамцы такіх колцаў няма, што можа ўскосна сьведчыць пра падпалы на вуліцах Савецкай і Ленінскай, якія адбыліся 25 чэрвеня — у той дзень, калі кіраўніцтва БССР пакінула Менск. Аэрафотаздымак Люфтвафэ
26 чэрвеня 1941 году. На гэтым аэрафотаздымку белымі рамкамі адзначаныя пацярпелыя ад бамбаваньняў і пажараў 24–25 чэрвеня вялізныя тэрыторыі ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частках Менску. Унікальнасьць здымка ў тым, што ў верхняй рамцы колцамі пазначаныя месцы падзеньня бомбаў і разьмяшчэньня варонак ад іх. А вось у ніжняй рамцы такіх колцаў няма, што можа ўскосна сьведчыць пра падпалы на вуліцах Савецкай і Ленінскай, якія адбыліся 25 чэрвеня — у той дзень, калі кіраўніцтва БССР пакінула Менск. Аэрафотаздымак Люфтвафэ

Але ня толькі немцы цьвердзілі, што вялікія разбурэньні ў Менску — справа рук савецкіх агентаў. Пра гэта пісалі і многія тагачасныя заходнія выданьні. Інфармацыя пра падпалы ў Менску дакацілася нават за акіян. У верасьні 1941 году амэрыканскі часопіс «Life» апублікаваў два нямецкія здымкі Менску першых дзён вайны, на адным зь якіх была выяўленая спаленая каменная забудова 1930-х гадоў у зарэчнай частцы гораду, а на другім — Савецкая вуліца ў раёне яе перакрыжаваньняў з вуліцамі Ўрыцкага і Валадарскага. Камэнтар да гэтых здымкаў часопіс даў такі:

«Наўрад ці хоць адна бомба ўпала на гэтыя два пацярпелыя раёны Менску, сталіцы Беларусі з насельніцтвам 200 000 беларусаў, габрэяў і палякаў. Самі расейцы спалілі горад у межах тактыкі „выпаленай зямлі“, якую яны выкарыстоўваюць яшчэ з часоў абароны ад Напалеона. Чыстыя вуліцы Менску, без варонак ад бомбаў або друзу, паказва­юць, што гэтыя разбурэньні былі вынікам тактыкі „выпаленай зямлі“. Пажары былі пачатыя расейцамі праз падпалы на лесьвічных пляцоўках сучасных каменных будынкаў з мэтай пашкодзіць іх настолькі, каб зрабіць непрыдатнымі для выкарыстаньня ў якасьці казармаў для нямецкіх войскаў».

Кіраўніцтва БССР пакінула Менск у ноч на 25 чэрвеня 1941 году. Але ў горадзе яшчэ два дні — 25 і 26 чэрвеня — заставаліся значныя сілы канвойных войскаў НКВД СССР, у прыватнасьці, аддзелы 226-га менскага палка 42-й брыгады, а таксама некаторыя іншыя аддзелы і часткі іншых палкоў, у тым ліку і спэцыяльныя апэратыўныя групы. Вось данясеньне камбрыга НКВД А. Пляханава, датаванае 25 чэрвеня:

«24.06.41 части РККА, правительственные учреждения и наркоматы НКГБ и НКВД оставили город Минск. В городе царит беспорядок. Сброшенные парашютные десанты терроризируют население. На бригаду начальник гарнизона возложил задачу по очистке города от выброшенных десантов. Для очистки города мною в различных районах города высланы войсковые оперативные группы из работников НКГБ, оставшихся одиночек, переходящих через город Минск из Западных областей БССР. За 24 и 25.06 задержано в городе различных подозрительных лиц 8 человек».

Вуліца Савецкая пры сутыку з Валадарскага (на пярэднім пляне) і з Урыцкага (на другім пляне). Адзін з двух здымкаў часопісу «LIFE» за 22 верасьня 1941.
Вуліца Савецкая пры сутыку з Валадарскага (на пярэднім пляне) і з Урыцкага (на другім пляне). Адзін з двух здымкаў часопісу «LIFE» за 22 верасьня 1941.

Часткі НКВД СССР пакінулі Менск у 18.00 26 чэрвеня і накіраваліся ў раён Сьмілавічы—Чэрвень. Адтуль яшчэ 29 чэрвеня адна стралковая рота, а таксама аддзел пагранічнікаў і група апэратыўных работнікаў на аўтамашынах былі накіраваныя ў Менск

«для охраны военгородка 226 полка, наведения порядка в городе и борьбы с парашютными десантами противника».

Гэтая група пасьпела дасягнуць толькі Чырвонага Ўрочышча (цяпер раён аўтазаводу) і была адкліканая назад, бо Менск ужо цалкам быў заняты немцамі. Вось што пра гэтую спробу спэцатрадаў НКВД вярнуцца ў Менск піша сучасная беларуская дасьледчыца вайны Ірына Варанкова:

«Официальная трактовка задач отряда представляется неубедительной, поскольку никоим образом не объясняет внезапного решения вернуть военных в город, который только что был планово покинут. Скорее всего, основной целью отряда было уничтожение оставленного имущества 226-го пол­ка. Рискнём также предположить, что этот от­ряд и был той самой группой, посланной П. К. По­номаренко для уничтожения архивов СНК, хотя да­ты в документах указаны разные».

У сваёй кнізе Варанкова расказвае пра цьверджаньне Панамарэнкі, што ён 27 чэрвеня дасылаў у Менск спэцатрад НКВД для зьнішчэньня архіву Савету народных камісараў БССР, які ня быў эвакуаваны.

Ваколіцы Залатой Горкі з вуліцамі Фурмана, Чырвонай, Амбуляторнай, Першай Даўгабродзкай, Трамвайным завулкам і іншымі. Другі здымак з часопісу «LIFE» за 22 верасьня 1941 году.
Ваколіцы Залатой Горкі з вуліцамі Фурмана, Чырвонай, Амбуляторнай, Першай Даўгабродзкай, Трамвайным завулкам і іншымі. Другі здымак з часопісу «LIFE» за 22 верасьня 1941 году.

Мне ж тут дзьве апошнія цытаты спатрэбіліся для таго, каб, з аднаго боку, паказаць, што сілы НКВД заставаліся ў Менску да 26 чэрвеня і што ў горадзе ў гэты час дзейнічалі апэратыўныя групы НКГБ, а з другога — паказаць, што афіцыйныя пісьмовыя трактоўкі і фармулёўкі задач вайскоўцаў і энкавэдзістаў далёка не заўсёды супадалі зь іх рэальнымі задачамі. Напрыклад, цьверджаньне камбрыга НКВД А. Пляханава, што ён даслаў у розныя раёны Менску для барацьбы з дывэрсантамі «оставшихся одиночек, переходящих через город Минск из Западных областей БССР», таксама можа не адпавядаць сапраўднасьці. Якраз «адзіночак» лепш пасылаць на падпалы і для іншых актаў сабатажу.

Колькасны склад апэратыўных групаў НКВД і НКГБ, якія на працягу 25 і 26 чэрвеня дзейнічалі ў Менску і пакінулі горад разам з асноўнымі сіламі канвойных войск НКВД СССР, паводле афіцыйных архіўных дакумэнтаў, налічваў 160 чалавек. Даведацца пра іх рэальныя задачы ў гісторыкаў цяпер шанцаў вельмі мала.

Але ёсьць яшчэ і трэці бок, трэцяя крыніца інфармацыі пра падзеі першых дзён вайны ў Менску — старажылы, іх памяць і аповеды. Успаміны гэтых людзей таксама нельга абсалютна браць на веру, паколькі памяць людзкая — рэч ня надта дакладная і да таго ж выбарачная. Апрача таго ўспаміны могуць быць дэтэрмінаваныя палітычнымі поглядамі чалавека і яго канкрэтным лёсам.

Я падрыхтаваў выбарку з 39 малавядомых фатаздымкаў цэнтру Менску 1885–1950 гадоў, якую паказваў васямнаццаці менскім старажылам. Яны далі мне неацэнныя зьвесткі аб стане забудовы цэнтральнай часткі гораду ў 1941–1944 гадах, а таксама і ў некалькі наступных гадоў. Усе апытаныя жылі ў старой частцы гораду або працавалі ці вучыліся там у вайну.

Пачатак ліпеня 1941 году. Практычна ўсе цэнтральныя вуліцы Менску, якія мелі ідэалягічна правільныя, зьвязаныя з бальшавіцкай ідэалёгіяй і рэвалюцыяй назвы — Савецкая, Ленінская, Камуністычная, Энгельса, Карла Маркса, Урыцкага, Кірава — аказаліся спаленыя пасьля пажару 25 чэрвеня 1941 году, нібыта іх нехта не хацеў пакінуць ворагу цэлымі, непашкоджанымі. Аэрафотаздымак Люфтвафэ
Пачатак ліпеня 1941 году. Практычна ўсе цэнтральныя вуліцы Менску, якія мелі ідэалягічна правільныя, зьвязаныя з бальшавіцкай ідэалёгіяй і рэвалюцыяй назвы — Савецкая, Ленінская, Камуністычная, Энгельса, Карла Маркса, Урыцкага, Кірава — аказаліся спаленыя пасьля пажару 25 чэрвеня 1941 году, нібыта іх нехта не хацеў пакінуць ворагу цэлымі, непашкоджанымі. Аэрафотаздымак Люфтвафэ

Зь ліку 18 апытаных мною старых менчукоў шэсьць чалавек сьцьвярджалі, што бачылі, як супрацоўнікі НКВД падпальвалі дамы на вуліцах Савецкай, Ленінскай і некаторых іншых. З гэтай колькасьці ўспаміны чатырох чалавек, у прыватнасьці, расказ вядомага беларускага археоляга Ўладзімера Ісаенкі, не выклікаюць у мяне ніякіх сумненьняў.

Уладзімер Ісаенка на свае вочы бачыў як 25 або 26 чэрвеня апранутыя ў цывільнае, але з кабурамі на паясах людзі падпальвалі будынак абласной управы НКВД на сёньняшняй вуліцы Янкі Купалы і некаторыя іншыя будынкі ў той самай частцы гораду. На думку Ісаенкі, гэта адназначна былі савецкія дывэрсанты, бо немцы якраз былі зацікаўленыя ў захаваньні тых будынкаў, якія раней належалі савецкім карнымі органам.

Іншыя старажылы сьцьвярджалі, што бачылі, як людзі ў савецкай вайсковай форме ў першыя дні вайны з дапамогай агнямётаў падпальвалі будынкі на Савецкай і Ленінскай вуліцах. Гэтыя старажылы нават расказваюць, што менчукі спрабавалі перашкодзіць гэтым падпалам, у выніку чаго ў іх узьнікалі вострыя канфлікты з падпальшчыкамі.

Ці мог агонь ад гэтых савецкіх падпалаў перакінуцца на іншыя будынкі гораду? Вядома, мог. Але наўрад ці нехта некалі зможа ацаніць рэальныя маштабы гэтай шкоды, бо ў гісторыкаў сёньня практычна няма шанцаў вызначыць, кім канкрэтна быў падпалены той або іншы будынак і якія кварталы гарадзкой забудовы былі ахопленыя агнём ад таго або іншага пажару.

Тым ня менш факт удзелу савецкіх агентаў у падпалах прынамсі асобных будынкаў Менску можна лічыць даказаным. Але гэта, у сваю чаргу, ніякім чынам не абвяргае магчымасьці ўдзелу ў сабатажы і падпалах у горадзе і нямецкіх агентаў. Гэта была вайна, і абодва бакі ў ёй дзейнічалі паводле апэратыўнай абстаноўкі і ня надта лічыліся з матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасьцямі беларускага народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG