Мікалай Казлоў сам, у суправаджэньні сяброў, прыйшоў у Цэнтральнае РУУС а 18-й па позьве, паведаміла прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.
«Я ня маю намеру нікуды зьяжджаць, ня маю намеру пакідаць сваю краіну. Прайду гэты шлях разам з беларусамі, — заявіў Казлоў. — Я па-ранейшаму лічу прысуд неправасудным, ён не заснаваны на фактах, няма ніводнага рэальнага доказу парушэньня мной закона. Мне сорамна за нашу судовую сыстэму, за тых судзьдзяў, якія прымалі рашэньне».
- 6 жніўня судзьдзя Ленінскага суду Менску Шоцік Т. В. прызнала Мікалая Казлова вінаватым паводле арт. 407 КК — «Разгалошваньне зьвестак дазнаньня, папярэдняга сьледзтва або закрытага судовага паседжаньня» — і прысудзіла яму 3 месяцы арышту. 9 лістапада Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд у сіле. Мікалай Казлоў прызнаны палітвязьнем.