Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі, у якім прапануецца імунітэт для былога прэзыдэнта


Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі

Зьявіўся тэкст праекту новай Канстытуцыі ад Канстытуцыйнай камісіі, створанай Лукашэнкам.

Праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі зьявіўся ў інтэрнэце на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Зялёным у тэксьце вылучаныя прапановы.

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца Ўсебеларускаму народнаму сходу

Праект замацоўвае статус Усебеларускага народнага сходу як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі. Сярод іх:

  • Усебеларускі народны сход зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • У выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта або немагчымасьці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаным Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі зноў абраным прэзыдэнтам пераходзяць да старшыні Савету Рэспублікі (паводле цяперашняй Канстытуцыі — да прэм’ер-міністра).
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай.

У Нацыянальнага сходу забіраюць права імпічмэнту прэзыдэнта

Ад парлямэнту прапануюць адабраць наступныя паўнамоцтвы:

  • вылучэньне большасьцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачаньня супраць прэзыдэнта ў зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства;
  • на падставе адпаведнага рашэньня Савету Рэспублікі прыняцьцё рашэньня аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады большасьцю ў прынамсі дзьве трэці галасоў ад поўнага складу.

Фактычна працэдура зьмяшчэньня прэзыдэнта мае зрабіцца яшчэ больш складанай. Усебеларускі народны сход можа зьняць яго з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі або ўчыненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства. Прапанова выставіць абвінавачаньне прэзыдэнту і зьняць яго з пасады ўносіцца Ўсебеларускаму народнаму сходу з ініцыятывы не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў ці ня менш як 150 тысяч грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Расьсьледаваньне абвінавачаньня арганізуе Ўсебеларускі народны сход.

Рашэньне зьняць прэзыдэнта з пасады Ўсебеларускі народны сход прымае паслья атрымання дакумэнту Канстытуцыйнага суду аб наяўнасьці фактаў сыстэматычнага або грубага парушэньня прэзыдэнтам Канстытуцыі ў выпадку, калі яго абвінавачваюць у такім парушэньні.

Што ў праекце сказана пра прэзыдэнта, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў

  • Пажыцьцёва робіцца чальцом Савету Рэспублікі (калі пагаджаецца);
  • Дэлегат Усебеларускага народнага сходу;
  • Мае недатыкальнасьць;
  • Ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, зьдзейсьненыя на пасадзе.

Канстытуцыйны рэфэрэндум заплянаваны на люты 2022 году, але дагэтуль няма канкрэтнай даты, а тэкст праекту дакумэнту хоць і абяцалі апублікаваць яшчэ ўвосень, выклалі толькі 27 сьнежня. Ніводзін экспэрт зь ліку апанэнтаў Лукашэнкі да выпрацаваньня праекту Канстытуцыі ня быў дапушчаны. На грамадзкае абмеркаваньне застаецца меней за два месяцы.

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч. Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

Што ў пераходных палажэньнях праекту Канстытуцыі

У абнародаваным для абмеркаваньня праекце Асноўнага закону фактычна з нуля напісаны апошні разьдзел (№ 9), які абагульняе «заключныя і пераходныя палажэньні».

Ідзецца перадусім пра магчымасьць «абнуленьня» папярэдніх шасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасьці, артыкул 143 у частцы прэзыдэнцкіх абавязкаў выглядае так:

«Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу з дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта».

У сваю чаргу артыкул 144 дае падставу меркаваць, што дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні так званага Ўсебеларускага народнага сходу:

«Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Што абяцала Канстытуцыйная камісія, скліканая Лукашэнкам

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадавала БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапановаў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён. Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы да зьмены Асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня сёлета камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале з старшынём Канстытуцыйнага суду Пётрам Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі альбо будзе новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі прынамсі да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. Заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў, што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG