Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: у Фядуты дыягнаставалі вострую сэрцавую недастатковасьць, Стэфановіч аднаўляецца пасьля каранавірусу


Аляксандар Фядута. Архіўнае фота
Аляксандар Фядута. Архіўнае фота

У Беларусі на 26 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 955 чалавек.

У Фядуты ў СІЗА здарыўся сэрцавы прыступ

У СІЗА-1 Менска ў Аляксандра Фядуты здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі, паведамляе «Вясна».

Праваабаронцам стала вядома, што ў сярэдзіне сьнежня палітолягу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту на Валадарцы дыягнаставалі вострую сэрцавую недастатковасьць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі.

Акрамя гэтага, Фядута абвясьціў мэдычны страйк — ён адмаўляецца прымаць таблеткі, безь якіх у яго можа здарыцца інфаркт. Такім чынам ён пратэстуе супраць абмежаваньняў ліставаньня з роднымі.

Адрас для ліставаньня: 220030, Менск, вуд. Валадарскага, 2. Фядута Аляксандар Іосіфавіч.

Ціснуць на антыфашыста і футбольнага заўзятара Тамаза Піпію


Ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by паведамляе, што да Тамаза Піпіі не дапускаюць адваката, яму забаранілі званкі блізкім, не аддаюць лісты. Таксама над ім чыняць фізычны гвалт. Тамаз Піпія футбольны заўзятар клюба «МТЗ-РІПА».

Яго затрымалі 26 верасьня ў Горадні па падазрэньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 23 верасьня, пасьля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Піпію засудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і абвінавацілі паводле

  • ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках
  • арт. 342 Крымінальнага кодэксу — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
  • арт. 364 Крымінальнага кодэксу — Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў

Кару ён адбывае ў наваполацкай калёніі № 1.

Бяляцкі рыхтуе торт да Новага году

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі даслаў ліст з-за кратаў, у якім расказаў, што рыхтуецца сьвяткаваць Новы год, чытае вершы Рыгора Барадуліна, успамінае адкрыцьцё Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча.

«Надвор’е крыху прыгнятае, трэба шукаць хоць нейкія крыніцы для аптымізму. Але колькі той зімы! Як у нас кажуць — „12 бань“, што значыць схадзіць 12 разоў у душ — і ўсё. Унутрана рыхтуюся да Новага году. Пачнуцца перадкалядныя канцэрты, шоў, навагоднія перадачы ў тэлевізары. Я замовіў у турэмнай краме вафельны корж, згушчанае малако, а жменя грэцкіх арэхаў і журавінаў у цукры ў мяне і так ёсьць. Так што буду рабіць торт... Працягваю чытаць вершы Рыгора Барадуліна. Яны ў яго складаныя, вобразныя, багата моўнай гульні. Пісаў сабе ў ахвоту, а чытачам — на задавальненьне».

СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.

Стэфановіч: «Я зноўку поўны сілаў і буду чакаць вясны»

Ад палітзьняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча дайшоў ліст, які ён напісаў у шпіталі. Удакладняе, што цяпер ужо пачуваецца значна лепей, а да таго даволі сур’ёзна перахварэў на каранавірус.

«Цяпер я ў мясцовым шпіталі, трэці тыдзень. Але мне значна лепей і хутка ўжо выпішуць. Такія вось справы. Я зноўку поўны сілаў і буду чакаць вясны. Самае дарагое, што ў нас ёсьць, — жыцьцё і свабода, свабода ў жыцьці і жыцьцё ў свабодзе. Гэта каштоўнасьць, якую асабліва адчуваеш, калі губляеш гэтую свабоду. Так, ты жывеш і жывы, але без свабоды гэтае жыцьцё непаўнавартаснае. Цаніце тое, што маеце. Увогуле, вядома ж, усё будзе добра!».

СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу.

Уладзімер Лабковіч: «У асноўным чытаю вершы»

Ад юрыста «Вясны» Ўладзя Лабковіча на розныя адрасы прыйшлі ліст і віншавальная паштоўка. Ён наракае, што карэспандэнцыя стала хадзіць горш, чым раней, нават ад маці і дзяцей. Просіць дасылаць яму вершы, тэксты песень і цікавыя пераклады на беларускую мову.

«У нас тут нічога адметнага не адбываецца. Я нават ня ведаю, якое на вуліцы надвор’е, бо сьнег у поле бачнасьці амаль не трапляе. Прынамсі добра, што ў камэры не халодна... Я стаў значна менш чытаць, бо кожны дзень баліць галава і моцна сапсаваўся зрок. Ды і штосьці з памяцьцю. Таму асноўнае, што чытаю, — гэта вершы. Таму вялікі дзякуй за цудоўны цёплы верш Алеся Дудара», — напісаў праваабаронца.

СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Уладзімеру Мікалаевічу Лабковічу.

Марфа Рабкова: «Трымаюся і стараюся не сумаваць»

Палітзьняволеная каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова скончыла азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы. Дзяўчыну вінавацяць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу, ёй пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Некалькі тыдняў таму ў камэру да Марфы перавялі жанчыну з псыхічным захворваньнем, якая не разумее, дзе знаходзіцца. Гэта стварае напружаную атмасфэру і няспынны псыхалягічны ціск для зьняволеных. Але праваабаронца піша, што трымаецца. А нядаўна ёй даслалі «мэмы» і яна згадвае забытыя ўражаньні.

«Такое адчуваньне, што я прагледзела стужку ў інтэрнэце. Забыты ўжо досьвед, вось успамінаю... Вырашыла адправіць паштоўку з гуртом „Касіяп=эя“. Мне яны падабаюцца, некаторыя іх песьні ёсьць у маіх аўдыёзапісах. А наагул я сама ў парадку, трымаюся і стараюся не сумаваць!»

СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG