Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 185 гадоў з дня нараджэньня Валера Ўрублеўскага


Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году

Падзеі 27 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

27 сьнежня 1836 году нарадзіўся Валер Урублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Напярэдадні паўстаньня Ўрублеўскі актыўна ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы.

Таксама ў гэты дзень

У 1831 годзе Чарльз Дарвін узышоў на карабель «Бігль», каб выправіцца ў пяцігадовае падарожжа

У 1918 годзе Рада БНР пераехала зь Вільні ў Горадню

У 1918 годзе адбылася нарада работнікаў Белнацкаму, ЦБ беларускіх сэкцыяў і прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б). На ёй былі вырашаныя пытаньні ўтварэньня ўраду Савецкай Беларусі ў складзе 16 чалавек

У 1932 году ў СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму

У 1934 годзе Пэрсія зьмяніла назву на Іран

У 1979 годзе пачалося савецкае ўварваньне ў Аўганістан

У гэты дзень нарадзіліся:

1459 — Ян I Ольбрахт, кароль польскі з 1492

1571 — Ёган Кеплер, нямецкі матэматык, астраном і оптык

1595 — Багдан Хмяльніцкі, украінскі гетман

1822 — Луі Пастэр, францускі хімік і бактэрыёляг, заснавальнік сучаснай мікрабіялёгіі ды імуналёгіі. Менавіта Пастэр прыдумаў тое, што цяпер называюць пастэрызацыяй

1888 — Яфім Бялевіч, дзяяч беларускага нацыянальнага руху

1906 — Аляксандра Саковіч, беларуская пісьменьніца

1919 — Галіна Макарава, беларуская акторка

1923 — Анатоль Вялюгін, беларускі паэт

Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч.
Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч.

1931 — Юры Карачун, беларускі графік

У гэты дзень памерлі:

1746 — беларускі кампазытар нямецкага паходжаньня Ян Голанд, які пісаў опэры ў Нясьвіжы пад апекаю Радзівілаў, а пасьля працаваў выкладчыкам у Віленскім унівэрсытэце

1925 — беларускі паўстанец Зыгмунд Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі.

Зь біяграфіі гэтага чалавека мог бы нарадзіцца добры тузін гістарычных раманаў. Адзін зь іх я пачаў бы з таго, як вучань чацьвертага клясу Віленскай гімназіі Зыгмунт Мінейка пасьля цырымоніі прысягі імпэратару Аляксандру II пад сакрэтам паведаміў сябрам, што паставіў на падпісным аркушы прыдуманае прозьвішча і, такім чынам, лічыць сябе не зьвязаным ніякімі абавязкамі.

Юнак стаў студэнтам адной з самых прэстыжных навучальных установаў імпэрыі — Акадэміі генэральнага штабу і павінен быў атрымаць дыплём вайсковага інжынэра, але хутка далучыўся да вызвольнага руху.

У жніўні 1861-га агент III аддзяленьня даносіў нача льству, што «кадет Сигизмунд Минейко ходит переодет крестьянином и разносит сочиненную неким Марцинкевичем на народном языке «Гутарку старога дзеда», где в стихах представлены судьбы Литвы и все притеснения приписаны российскому правительству». У выніку пільнасьці жандарскага шпега юнак мусіў тэрмінова сесьці ў паштовую карэту, каб урэшце апынуцца ў Генуі. Там Джузэпэ Гарыбальдзі адчыніў вайсковую школу для моладзі з былой Рэчы Паспалітай.

У 1863-м Мінейка — паўстанцкі начальнік Ашмянскага павету — трапляе ў рукі расейскіх карнікаў і выслухоўвае сьмяротны прысуд. Але прага Мураўёва-Вешальніка да грошай такая бязьмежная, што Зыгмунтавай маці шанцуе выкупіць сынава жыцьцё за 9 тысяч рублёў.

Наперадзе — дванаццаць гадоў катаргі ў Нерчынскіх капальнях. Аднак пакутны шлях нядаўняга камандзіра інсургентаў у Сібір дае віртуальнаму раманісту новы паварот сюжэту. На этапе Зыгмунт бярэ імя падобнага да яго памерлага таварыша, што засуджаны адно на пасяленьне. Паведаміўшы канвою пра ўласную «гібель», ён застаецца ў Томску і адчыняе там прыбытковую шапачную майстэрню. Празь нейкі час пад выглядам сібірскага купца Зыгмунт ужо запісваецца на прыём да самога пецярбурскага
генэрал-губэрнатара і атрымлівае зь яго рук замежны пашпарт.

У Парыжы ён заканчвае Акадэмію генштабу. Але Мінейкам не задаволеныя: былы паўстанец лічыць, што ня мае маральнага права служыць у Замежным легіёне, які ваюе ў Альжыры.

Другой радзімаю становіцца для яго Грэцыя.

Славу прыносяць Мінейку ня толькі шматлікія праекты дарог і мастоў, але і археалягічныя экспэдыцыі. Адна зь іх завяршаецца сэнсацыйным адкрыцьцём згаданага Сакратам храму Зэўса ў Дадоне. Зыгмунт рэстаўраваў легендарны Мармуровы стадыён у Афінах — сымбаль адроджаных Алімпійскіх гульняў. Грэцкі парлямэнт надаў нашаму суайчыньніку званьне ганаровага грамадзяніна гэтай краіны. Мінейка вітаў распад Расейскай імпэрыі ды імкненьне сваіх землякоў да незалежнасьці.

Ягоны ўнук Андрэас Папандрэў двойчы быў прэм’ер-міністрам Грэцыі.

Згадайце гэта, калі будзеце ўздымацца на афінскі Акропаль.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 124-125

1964 — Мікалай Чуркін, беларускі кампазытар і фальклярыст

1998 — Навум Кісьлік, беларускі пісьменьнік

2010 — у аўтакатастрофе загінула паэтка і журналістка Тацяна Сапач.

Тацяна Сапач
Тацяна Сапач

Мы былі знаёмыя вельмі даўно, хоць маглі б сустракацца часьцей (гэта, як зазвычай, разумееш, калі ўжо нічога нельга зьмяніць). Тым ня менш я меў адмысловы зварот да яе, на які Тацяна заўсёды весела адгукалася, — «ветраная жанчына». У тлумачальным слоўніку беларускай мовы вы знойдзеце два значэньні гэтага слова. Другое ў дадзеным выпадку аніяк не пасавала.

Цяпер, калі пабачылі сьвет вельмі раньнія Таніны вершы, бачыш, што іх аўтарка ўжо тады ведала ці прадчувала, у якую гавань плыве. Студэнткаю журфаку БДУ, дзе яна вучылася на «зорным» курсе — разам з Барысам Пятровічам, Ігарам Герменчуком, Сяргеем Навумчыкам, будучым мужам Сяргеем Дубаўцом, — Тацяна завіхалася ў Беларускай майстроўні.

Прыехаўшы працаваць па разьмеркаваньні ў Гомель (дагэтуль памятаю яе гомельскія блінцы), засноўвала там моладзевую суполку «Талака».

Зьявіўшыся ў Менску на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», у 1987-м стварыла праграму «Альбаросіка», што хутка адгукалася на тагачасныя зьмены ў грамадзтве і імкнулася паскараць іх.

Потым быў пераезд Дубаўцоў у Вільню. Разам зь сябрамі яны ехалі адраджаць у нашай старажытнайсталіцы беларускае жыцьцё. Аднак апынуліся ў віры змаганьня літоўцаў за незалежнасьць. Таня, стаўшы сваёй на нелегальным радыё, якое выходзіла ў этэр з гарышча Палацу спорту, заклікала беларусаў Літвы падтрымаць імкненьне да выхаду з імпэрыі. Тое ж рабіла на незалежным тэлебачаньні, чые перадач запісваліся ў кватэрах, а вяшчаньне ішло з Коўні.

Ад 1991-га і да аўтакатастрофы, вестка пра якую працяла сэрцы ўсіх, хто ведаў Тацяну, яна дваццаць гадоў рыхтавала беларускую тэлепраграму «Віленскі сшытак». А было ж яшчэ і супрацоўніцтва з Радыё Свабода і радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі», арганізацыя беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве Сьвятога Мікалая. Але найперш Таня была і застанецца паэткай. У напісаным ёю немагчыма знайсьці выпадковыя радкі. Будзённае, штохвіліннае, мімалётнае яе талент нязьменна ператвараў у нябеснае й касьмічнае.

Вядуць усе гасьцінцы і сьцяжыны
туды, дзе цераз рэчку гразкі брод.
Там па калена.
Там раней прайшлі.
А я умею плаваць адмыслова…

На яе дзень нараджэньня ў роднай вёсцы адбываюцца прысьвечаныя Тані чытаньні. А з-за пагоркаў, над якімі, паводле няпісанага запавету, разьвеяная частка праху, плыве срэбнае рэха яе голасу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 600-601

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG