Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: папу Францішку — 85; год таму прынялі закон аб пазбаўленьні грамадзянства РБ


Папа Францішак, 2016.
Папа Францішак, 2016.

Падзеі 17 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

17 сьнежня 1936 году ў Аргентыне нарадзіўся Францішак, папа Рымскі з сакавіка 2013 году. Францішак стаў першым папам, ад імя якога ў кастрычніку 2013 году ў Беларусь быў перададзены дакумэнт на беларускай мове. Гэта была падзяка Ядвізе Пастарнак зь Вілейскага раёну за служэньне Касьцёлу.

У гэты дзень год таму

  • Уступіла ў сілу рашэньне Эўразьвязу аб трэцім пакеце санкцыяў адносна Беларусі
  • Улады апублікавалі закон аб пазбаўленьні грамадзянства Беларусі
  • Апазыцыйныя палітыкі Валер і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію

Таксама ў гэты дзень

1903 — браты Райт зьдзейсьнілі першы ў гісторыі палёт на маторным самалёце.

1924 — утворанае прафэсійнае аб’яднаньне беларускіх кінэматаграфістаў і фатографаў «Белдзяржкіно». У гонар гэтае падзеі сёньня адзначаецца Дзень беларускага кіно.

1926 — у СССР адбыўся першы ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Насельніцтва БССР у той час складала 4 985 000 чалавек.

1933 — у СССР уведзеная крымінальная адказнасьць за гомасэксуалізм.

1988 — у Беластоку адбыўся І зьезд Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС). БАС узьнік у 1981 годзе, але тады польскія камуністычныя ўлады адмовілі яму ў рэгістрацыі. Тагачасным лідэрам БАСу быў Ян Максімюк, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Паўторны заснавальніцкі сход БАСу адбыўся 14 красавіка 1988 году ў Варшаве. Старшынём адноўленага БАСу стаў Яўген Вапа.

1998 — ЗША і Вялікая Брытанія пачалі ваенную апэрацыю супраць Іраку.

У гэты дзень нарадзіліся

1883 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.

1886 — Мікола Равенскi, беларускі кампазытар, дзеяч паваеннай эміграцыі.

Таму, для каго Беларусь — ня проста геаграфічны назоў, а — Радзіма, ня трэба тлумачыць, што такое гімн «Магутны Божа».

Верш-малітву Натальлі Арсеньневай паклаў на музыку Мікола Равенскі.

Зьявіўшыся ў 1919-м у Менску, ён паверыў у ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі і пачаў шукаць сваё месца ў нацыянальным Адраджэньні.

Калі б можна было перанесьціся ў тыя гады, я, нягледзячы на свае больш чым сьціплыя вакальныя дадзеныя, хацеў бы запісацца ў ягоны хор пры Беларускім рабочым клюбе. Равенскі зьбірае народныя песьні на Случчыне, піша музыку да твораў беларускіх паэтаў — у прыватнасьці, да хрэстаматыйных вершаў «Люблю наш край» Канстанцыі Буйло і «О Беларусь, мая шыпшына» Ўладзімера Дубоўкі.

Пасьля Маскоўскае кансэрваторыі ён зноў прыяжджае ў Менск — у той час, апынуцца ў якім мне ўжо не хацелася б. Арыштаваныя дзясяткі сяброў і знаёмых, сярод якіх брат Антон.

У 1938-м шанаванага калегамі й студэнтамі выкладчыка Беларускай кансэрваторыі Равенскага выключаюць з Саюзу кампазытараў.

Краязнаўцы гораду Чэрвеню з сымпатыяй згадваюць яго як рэгента мясцовага царкоўнага хору за часамі вайны. Ніхто не асуджае й ягонага ад’езду на Захад, бо чэрвенцы ведаюць, як пасьля прыходу савецкіх войскаў нейкі партызан без суда і сьледзтва застрэліў пасярод вуліцы ціхага бяскрыўднага чалавека — усяго за тое, што ён быў царкоўным старастам.

У Заходняй Нямеччыне Равенскі выкладаў сьпевы ў беларускіх гімназіях у Рэгенсбургу й Остэргофэне, быў рэгентам хору ў праваслаўнай парафіі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.

Колішні рэгенсбурскі гімназіст, а цяпер дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель зь вялікай цеплынёю апавядаў мне пра заняткі спадара Міколы зь беларускімі скаўтамі, для якіх ён напісаў «Гімн ваўчанятаў» і «Скаўцкую малітву».

Зноў сустрэўся з Равенскім Кіпель ужо ў бэльгійскім Лювэне.

Кампазытар пагадзіўся кіраваць там беларускім студэнцкім хорам, што потым даваў канцэрты ў многіх краінах Эўропы й атрымаў прэмію на міжнародным фэстывалі ў Брусэлі. Вялікі посьпех мелі запісаныя харыстамі кружэлкі, якія рэпрэзэнтавалі ў вольным сьвеце беларускую музыку.

На надмагільлі Равенскага ў Лювэне — ноты ягонага самага вядомага твору.

У Менску дагэтуль няма ні вуліцы яго імя, ні мэмарыяльнай дошкі на будынку Акадэміі музыкі. Але «Магутны Божа» будзе гучаць на нашай зямлі, пакуль будзе на сьвеце Беларусь.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 246-247.

1889 — Данiла Васiлеўскi, беларускі краязнаўца, гісторык, літаратуразнаўца, пэдагог.

1905 — Ёсіф Хейфец, савецкі кінарэжысэр беларускага паходжаньня.

1941 — Вячаслаў Дубінка, мастак, пісьменьнік, журналіст.

Вячаслаў Дубінка
Вячаслаў Дубінка

...Народжанаму ў вальналюбным Слуцку хлапчуку, сыну «антысаветчыка» (той восем гадоў мусіў прабавіць у Варкуце і вярнуўся адно пасьля сьмерці Сталіна), зь юных гадоў праглася рассунуць межы ўласнага сьвету. У сёмым клясе ён абтрос у суседа яблыньку, атрымаў на сокавыціскальным заводзіку чырвонец, купіў білет на цягнік, дакуль хапіла грошай, а далей на даху вагону даехаў да Адэсы, — каб убачыць мора і гэткім самым чынам ірвануць назад — насустрач матуліным кухталям.

Былы заўсёднік сустрэчаў у нонканфармісцкім асяродку «На Паддашку», Дубінка застанецца ўнікальным для Беларусі творцам. За тое, каб выдаць яму пасьведчаньне сябра, галасавалі прыёмныя камісіі чатырох творчых саюзаў — журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў і народных майстроў.

Ягоныя вандроўныя нарысы прыводзяць на памяць творы Рышарда Капусьцінскага. Прасякнутыя незьнішчальнай іроніяй кнігі «Браты сьвятой ночы» і «Сындыкат Мані Дулі», як і «Ня плач, душа мая», маглі б стаць літаратурным грунтам для авантурных сэрыялаў.

Але найбольшую славу прынесла Дубінку старадаўняе беларускае мастацтва выцінанкі, якое мяноўна ён вярнуў зь нябыту. Выцінанкі Вячаслава Дубінкі ілюструюць многія беларускія кніжкі, дапамагаюць мультыплікатарам здабываць міжнародныя прэміі, проста захапляюць сваёй сьціплай геніяльнасьцю. Знайдзіце, да прыкладу, у альбомах твор пад назовам «Пеўні ловяць сэрцам дух прыгожы».

Міліцыя колькі разоў затрымлівала «ненармальнага» з нажніцамі і паперай на вакзалах і ў аэрапортах. А пісаць, ізноў прыцягваючы ўвагу пільных ахоўнікаў парадку, ён найбольш любіў на менскім паштамце.

Ягонае сэрца спынілася на паўдарозе, на паўслове, на паўсправе. Рыхтаваў да друку кнігу прозы. Пісаў пра «другое слуцкае паўстаньне», што выбухнула ў 1967-м супраць няправеднага савецкага суда…

Заходзячы на паштамт, я дагэтуль наструньваюся: а раптам у чалавечым тлуме сустрэну ўважлівы цёплы позірк ягоных неўміручых у памяці вачэй?..

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 598-599.

У памяці

1630 — памёр Мялеці Сматрыцкі, беларускі і ўкраінскі пісьменьнік і рэлігійны дзяяч, біскуп, які выступаў супраць Берасьцейскай уніі 1596 году. У 1610 годзе выдаў кнігу «Трэнас», у якой заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб’яднаньня супраць каталіцкай экспансіі. Ягоным найбольш вядомым творам лічыцца «Граматыкі славенскае правільная сынтагма», у якой упершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся артаграфія, этымалёгія і сынтаксіс стараславянскай мовы. У 1627 годзе Сматрыцкі перагледзеў свае погляды і перайшоў ва ўніяцтва.

2006 — памёр Іван Навуменка, беларускі пісьменьнік.

2016 — памёр Леанід Маракоў, беларускі пісьменьнік і гісторык, дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў.

Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

...Ён быў таленавітым літаратарам, уражваў нечаканымі сюжэтамі і героямі. Але пакліканы быў, каб сказаць жудасную праўду пра незьлічоныя злачынствы камуністычнай улады ў Беларусі. Злачынствы бяз тэрміну даўнасьці.

Пачаўшы свой ахвярны жыцьцёвы чын з даведніка «Вынішчэньне. Рэпрэсаваныя беларускія літаратары», Леанід выдаў бібліятэку зь некалькіх дзясяткаў кніг, вярнуўшы праўду пра 25 тысяч нашых зьняволеных, закатаваных, расстраляных суайчыньнікаў — літаратараў, навукоўцаў, работнікаў асьветы і культуры, мэдыкаў, сьвятароў. Рыхтаваліся новыя кнігі — пра жонак «ворагаў народу», нацыянальныя мяншыні… Дзеля гэтага ён не шкадаваў заробленых раней грошай, залазіў у пазыкі, распрадаваў маёмасьць. Мог падысьці да паліцы, ласкава дакрануцца да карэньчыкаў чарговых энцыкляпэдычных тамоў і сказаць: «Вось гэта мая „Мазда“, вось гэта „Таёта“, а тут — самы наварочаны тэлевізар».

Ён прызнаваўся: некалі яго перасьледавала боязь сьмерці. Яна мінулася пасьля першых жа выданьняў, чые назвы пачыналіся з слова «Рэпрэсаваныя».

Ён почасту казаў: «Мы — дзеці горшых. Лепшых зьнішчылі».

Маракоў зьдзяйсьняў служэньне ісьціне ў краіне, якая не перажыла пакаяньня, у краіне, дзе стаяць помнікі бальшавіцкім катам. Тут патрабаваліся асаблівыя вера і сіла духу. Значна больш мужнасьці трэба было мець, каб называць імёны і ахвяраў, і тых, хто абвяшчаў і выконваў злачынныя прысуды. Вы чыталі Леанідаў даведнік «Ахвяры і каты»?

Ад пачатку 1990-х гадоў я дзесяць разоў зьвяртаўся ў розныя «інстанцыі» ў спадзяваньні знайсьці справу майго дзеда Максіма Дзянісава, расстралянага ў 1933-м. Сабраў цэлую калекцыю адказаў: «не захавалася», «утылізаваная», «не ўяўляецца магчымым».

Надзею падтрымліваў адзін Леанід. І ён — не памыліўся!

Пры іншай уладзе Маракоў стаў бы Героем Беларусі.

Адразу, як яго забралі ў рэанімацыю, дзьверы кватэры былі ўзламаныя і пакінутыя незачыненымі. Нічога каштоўнага ў разуменьні міліцыі ўзломнікі ня вынесьлі. Відавочна прыходзілі па іншае.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 698-699.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG