Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не трываць боль». Як ужываюць марыхуану ў лячэбных мэтах у сьвеце і ці магчыма гэта ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі анколяг Надзея Пятроўская прапанавала пагаварыць у рамках сваёй перадачы «Ня толькі пра здароўе з доктаркай Пятроўскай» пра ўжываньне марыхуаны ў лячэбных мэтах у сьвеце, першай рэакцыяй было, ці гэта самая актуальная і важная для беларусаў інфармацыя цяпер.

Але анкалягічныя хваробы, зьвязаныя зь імі пакуты, неабходнасьць абязбольваньня застаюцца ў любым грамадзтве, тым больш у пэрыяд гуманітарнага крызісу, як у Беларусі, калі шмат хворых на рак знаходзяцца за кратамі, а многія людзі праз стрэсавы стан могуць захварэць на рак.

  • Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, дзе працуе анколягам у мясцовым шпіталі.

«Анкалягічны пацыент не павінен трываць боль»

— Боль. Гэта тое, што цяпер адчувае палітвязень Рыгор Кастусёў, які месяцамі дамагаецца мэдычнай дыягностыкі дапамогі. Маральны і фізычны боль адчуваюць многія беларусы за кратамі і на свабодзе. Давайце засяродзімся на фізычным болю, і вы як анколяг, добра разумееце, што гэта такое, і як зь ім змагацца.

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

— Кожны разумее боль, для кожнага гэты вельмі непажаданы стан. Які б ні быў болевы парог у чалавека, кожны імкнецца аблегчыць боль максымальна хутка.

У анкалягічнай практыцы болевы сындром на тым ці іншым этапе сустракаецца практычна ва ўсіх пацыентаў і зьвязаны з самой хваробай або зь яе лячэньнем, або з тым і іншым разам. Руцінная ацэнка ступені болю зьяўляецца неад’емнай часткай анкалягічнай дапамогі. Існуюць розныя шкалы, якія дазваляюць «вымяраць» боль і падабраць адэкватнае абязбольваньне. Пацыенты звычайна могуць апісаць боль па 10-бальнай шкале, дзе 0 — гэта адсутнасьць болю, а 10 — невыносны боль.

Боль у анкалягічнага пацыента мае розныя крыніцы і ўключае розныя тыпы. Чым дакладней пацыент апіша свой стан, тым хутчэй і больш пасьпяхова лекар або сястра падбяруць эфэктыўны шлях абязбольваньня. У наш час існуюць магчымасьці палягчэньня болю на ўсіх стадыях і пры ўсіх тыпах пухліны. Важна разумець, што анкалягічны пацыент не павінен трываць боль.

Спосаб абязбольваньня залежыць ня толькі ад тыпу і цяжкасьці болю, але і ад агульнага стану і ўзроўню фізычнай падрыхтоўкі пацыента. Пацыенту трэба паведаміць пра магчымасьці лячэньня болю, і яго меркаваньне трэба браць да ўвагі падчас прыняцьця рашэньня. Варта асабліва падкрэсьліць важнасьць дакладнай інфармацыі. У якасьці нэгатыўнага прыкладу можна згадаць так званы «опіёідны крызіс». У выніку прадстаўленьня заведама недакладнай інфармацыі і зьмяншэньня рызыкі прывыканьня і залежнасьці пры ўжываньні наркатычных анальгетыкаў (опіёідаў) і спрашчэньня доступу да іх у ЗША ў апошнія гады рэзка ўзрасла сьмяротнасьць ад перадазіроўкі і злоўжываньня рэцэптурнымі опіёіднымі анальгетыкамі. 42 тысячы за год — такая ж сьмяротнасьць, як і ў выніку сьмяротнасьці ад раку малочнай залозы.

Згодна з рэкамэндацыя Эўрапейскага таварыства мэдычных анколягаў, у арсэнал сродкаў абязбольваньня ўваходзяць не наркатычныя і наркатычныя анальгетыкі, прамянёвая тэрапія, у некаторых выпадках хірургічнае ўмяшаньне. Існуе шэраг дадатковых прэпаратаў, якія ўзмацняюць або мадулююць дзеяньне анальгетыкаў. Дадзеная група лекаў адыгрывае важную ролю ў абязбольваньні.

Дадзеныя падыходы да лячэньня болю зьяўляюцца стандартнымі і шырока прымяняюцца ў анкалягічных клініках па ўсім сьвеце. Аднак у цяперашні час у рамках клінічных дасьледаваньняў праводзіцца вывучэньне «нестандарных» падыходаў да лячэньня болю, у прыватнасьці, канопляў (канабіс, марыхуаны) і канабіноідаў (актыўныя рэчывы ў марыхуане, якія абязбольваюць).

«Большасьць пацыентаў і дасьледнікаў адзначылі, што карысьць перавышае нэгатыўныя эфэкты»

— Амаль год таму камісія ААН прыняла рашэньне выключыць марыхуану і яе вытворныя са сьпісу найбольш небясьпечных наркотыкаў у сьвеце — так званага Сьпісу IV Адзінай канвэнцыі аб наркатычных сродках 1961 году. Шмат у якіх краінах сьвету, а таксама шмат у якіх штатах ЗША марыхуану ў мэдыцынскіх мэтах або для асабістага спажываньня апошнім часам легалізавалі або дэкрыміналізавалі. Патлумачце з пункту гледжаньня мэдыцыны як і ў якіх выпадках марыхуана дапамагае анкапацыентам.

— На сёньняшні дзень Упраўленьне па санітарным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ЗША ўхваліла для прымяненьня тры канабіноіды: дранабінол, набілон і канабідол, якія забясьпечваюць абязбольвальны эфэкт. У мэдыцынскіх мэтах ужываюцца экстракты і аральныя спрэі (набіксімолс), настойкі для падʼязычнага ўжываньня, алейныя растворы для вапарызатараў ці прыёму ўнутр.

У анкалягічных пацыентаў дранабінол і набілон прымяняюць пры лячэньні ванітаў, зьвязаных з проціпухліннай тэрапіяй. Дранабілон таксама ўхвалены ў ЗША для лячэньня анарэксіі і зьніжэньня вагі ў пацыентаў са СНІДам, канабідол — для лячэньня сутарг пры рэдкіх формах цяжкай эпілепсіі.

Мэта-аналіз адвольных клінічных дасьледаваньняў у анкалягічных пацыентаў паказвае супярэчлівыя вынікі абязбольвальнага дзеяньня канабіноідаў. У шэрагу дасьледаваньняў не выяўлена пераканаўчай перавагі перад плацэба (рэчыва без відавочных лячэбных уласьцівасьцяў, якое выкарыстоўваецца для імітацыі лекавага сродку), у іншых паказана здольнасьць канабіноідаў палягчаць некаторыя тыпы болю (напрыклад, нейрапатычны) у залежнасьці ад спосабу прымяненьня.

Апублікаваныя ў чэрвені 2021 года вынікі фінансаваных амэрыканскай дзяржавай дасьледаваньняў у Мінеапалісе паказалі, што пры дакладным выбары дозы пацыенты дасягалі адэкватнага абязбольваньня і мінімізавалі прыём опіёідаў. Сурʼёзных пабочных непажаданых эфэктаў адзначана не было, і большасьць пацыентаў і дасьледнікаў адзначылі, што карысьць перавышае нэгатыўныя эфэкты.

«Пакуль у сьвеце чыстай навукі няма адзінага меркаваньня адносна карысьці і шкоды канабісу і канабіноідаў для пацыентаў»

— Што ў выніку паказала сусьветная практыка выкарыстаньня марыхуаны ў лекавых мэтах? Ці гэта неяк уплывала на лічбы спажываньня наркатычных сродкаў і злачынствы, зьвязаныя з гэтым?

— Пакуль у сьвеце чыстай навукі няма адзінага меркаваньня адносна карысьці і шкоды канабісу і канабіноідаў для пацыентаў, нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што ў ЗША ад 24% да 40% пацыентаў, якія пакутуюць на анкалягічныя хваробы, ужываюць марыхуану. Апытаньне 1429 пацыентаў у штаце Вашынгтон, якія ўжываюць марыхуану ў мэдыцынскіх мэтах, уключаючы анкапацыентаў, паказала, што 60% апытаных аддаюць перавагу ёй усім астатнім лекам, 25% замянілі марыхуанай іншыя абязбольвальныя, у тым ліку рэцэптурныя опіёідные анальгетыкі, і многія зрабілі гэта без удзелу лекара. У штатах, дзе было легалізавана ўжываньне марыхуаны ў мэдыцынскіх мэтах, было адзначана зьніжэньне залежнасьці і сьмяротнасьці ад перадазіроўкі рэцэптурных опіёідных анальгетыкаў.

Аднак, ацаніць доўгатэрміновыя эфэкты ад легалізацыі канопляў пакуль складана. Так, у амэрыканскім штаце Каларада, дзе марыхуана легалізавана ня толькі для мэдыцынскіх мэтаў, павялічылася колькасьць дарожна-транспартных аварый са сьмяротным зыходам, зьвязаных з ужываньнем марыхуаны.

Нягледзячы на тое, што патэнцыйная рызыка разьвіцьця залежнасьці прывыканьня ў марыхуаны ніжэй, чым у нікатыну, алькаголю і кафэіну, у 10% (па некаторых дадзеных, да 30%) разьвіваецца, так званы, cannabis user disorder CUD (псыхічнае засмучэньне, выкліканае рэгулярным ужываньнем марыхуаны). Дыягнастуецца па наяўнасці двух ці больш з адзінаццаці тыповых сымптомаў на працягу 12-месячнага пэрыяду. У пацыентаў з хранічным болем праз узаемны ўплыў болю або яго чаканьня і матывацыі ўжываць марыхуану можа разьвіцца ўнікальны від CUD, які можа запатрабаваць спэцыяльнага лячэньня.

«Канабіноіды выкарыстоўваюцца ў якасьці яшчэ адной опцыі, якая дапаўняе трохступеньчатую схему абязбольваньня, прапанаваную САЗ»

— Анколягі прапісваюць наркатычны сродак марфін на позьніх тэрмінах анкахворым. Чаму тое самае ня можа адбывацца з марыхуанай? Якая вашая асабістая пазыцыя?

— Якія б непажаданыя зьявы ні суправаджалі прымяненьне канабісу і канабіноідаў, яны не параўнаюцца па цяжару і патэнцыйнай рызыкай з опіёідным анальгетыкамі. Канабіноіды выкарыстоўваюцца ў якасьці яшчэ адной опцыі, якая дапаўняе трохступеньчатую схему абязбольваньня, прапанаваную САЗ для паліятыўнага пацыентаў, дазваляючы зьнізіць ужываньне опіёідных анальгетыкаў і зьвязаных з гэтым ускладненьняў з боку страўнікава-кішачнага тракту, ваніты, запоры, падаўленьне актыўнасьці дыхальнага цэнтру, што знаходзіцца ў галаўным мозгу, а таксама разьвіцьця абстынэнтнага сындрому і залежнасьці.

Калі недапушчальна выкарыстаньне канабісу і канабіноідаў

— Рак, СНІД, эпілепсія, расьсеяны склероз, хвароба Паркінсона — пры якіх яшчэ хваробах марыхуана можа разглядацца як мэдычны сродак?

— Кола захворваньняў дастаткова шырокае. Канабіс выкарыстоўваецца як абязбольвальнае пры хранічным болі пры анкалягічных захворваньнях, пры некаторых праявах расеянага склерозу і пры траўмах хрыбетніка з пашкоджаньнем сьпіннога мозгу; пры трэмары пры хваробе Паркінсана; пры сындроме Турэта, для стымуляцыі апэтыту пры лячэньні анкалягічных захворваньняў і ВІЧ-інфэкцыі, пры глаўкоме, эпілепсіі, неспецыфічным язвавым каліце і хваробе Крона, пры сындроме раздражнёнага кішэчніка, пры посттраўматычным стрэсавым засмучэньні.

Аднак, на маю думку, выкарыстаньне канабісу і канабіноідаў пры захворваньнях са спрыяльным прагнозам, без патэнцыйнай інвалідызацыі і ў пацыентаў з чаканай працягласьцю жыцьця больш за 5 гадоў небясьпечна, і, на мой погляд, зусім недапушчальна ўжываньне марыхуаны пры цяжарнасьці і лактацыі.

Як у Чэхіі выкарыстоўваюць мэдыцынскі канабіс

— Ці ў вашай практыцы ў Чэхіі назіралі за выкарыстаньнем марыхуаны ў лекавых мэтах?

— У Чэскай Рэспубліцы закон, прыняты ў 2015 годзе, устанаўлівае парадак выпіскі мэдыцынскага канабісу (толькі праз дзяржаўную праграму электронных рэцэптаў), формы прэпарата, дапушчальную дазіроўку, парадак выкарыстаньня і абмежаваньні. Выпісаць рэцэпт на мэдыцынскі канабіс можа лекар, які прайшоў навучальны семінар і атрымаў сэртыфікат.

Пацыент па рэцэпце атрымлівае ў аптэцы прыгатаваны індывідуальна прэпарат у зручнай для ўжываньня форме і прымае дома пры неабходнасьці, кансультуючыся з урачом для карэкцыі дозы. Звычайна паліятыўныя пацыенты, якія атрымліваюць мэдыцынскі канабіс дзеля абязбольваньня, задаволеныя і не патрабуюць прызначэньня опіёідаў. Апроч усяго, варта сказаць, што ў Чэхіі выдатна разьвіта сыстэма хатніх хоспісаў, якія аказваюць дапамогу паліятыўным пацыентам 24/7.

«У беларускай мэдыцыне выкарыстаньне марыхуаны ў мэдыцынскіх мэтах — тэма табуяваная»

— Ці вяліся ў Беларусі ў мэдычных колах дыскусіі пра магчымасьць легалізацыі марыхуаны ў лячэбных мэтах? Ці ёсьць у Беларусі дактары, якія зьяўляюцца прыхільнікамі гэтага?

— У Беларусі паліятыўную дапамогу анкалягічным пацыентам аказваюць ўчастковыя лекары і лекары хуткай дапамогі. Цяпер ва ўмовах пандэміі і перагрузак мэдработнікаў першаснага зьвяна я з жахам уяўляю, як ідуць справы з абязбольваньнем паліятыўных анкапацыентаў. У беларускай ахове здароўя выкарыстаньне марыхуаны ў мэдыцынскіх мэтах — тэма табуяваная і, мабыць, застанецца такой столькі, колькі будзе «аганізіраваць» гэтая сыстэма.

У заключэнне, хачу дадаць, што як паказвае практыка, стаўленьне ў грамадзтве да марыхуаны мяняецца ў бок прыняцьця дастаткова хутка. Добра гэта ці дрэнна, пакажа час і бесстароннія навуковыя дасьледаваньні. Як сказаў вядомы навуковец Стывен Хокінг (па няяснай іроніі яго імем названы гатунак марыхуаны), «галоўны вораг ведаў — не невуцтва, а ілюзія ведаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG