Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская выведка: Менск спрабуе ўкараніць інфарматараў у асяродзьдзе беларускіх апазыцыйных палітыкаў у Літве


Акцыя салідарнасьці ў падтрымку зьняволеных праваабаронцаў, Вільня
Акцыя салідарнасьці ў падтрымку зьняволеных праваабаронцаў, Вільня

Літоўская выведка фіксуе спробы беларускага рэжыму вербаваць і ўкараняць інфарматараў у атачэньне беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якія атрымалі прытулак у Літве

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

У чацьвер Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы паведаміў, што 17 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам спэцслужбаў аб «падвышэньні эфэктыўнасьці зьнешняй выведкі» — для павышэньня патэнцыялу агентурнай выведкі і «іншых мэтадаў і формаў».

«Паколькі ўсё больш і больш беларусаў зьвяртаюцца па гуманітарныя візы або палітычны прытулак, літоўская выведка папярэдзіла, што беларускі КДБ можа паспрабаваць завэрбаваць некаторых уцекачоў або ўкараняць сваіх агентаў у іх асяродзьдзе», — паведамляе ДДБ.

«Такім чынам імкнуцца сабраць інфармацыю пра лідэра беларускай апазыцыі Сьвятлану Ціханоўскую, якая цяпер жыве ў Літве, і яе атачэньне, пра беларускія грамадзкія арганізацыі і іх чальцоў. Гэтая інфармацыя можа дапамагчы выявіць іх патэнцыйную ўразьлівасьць, а таксама паспрабаваць дыскрэдытаваць, паўплываць на іх дзеяньні, рашэньні і выступленьні», — адзначыў дэпартамэнт.

ДДБ нагадвае, што ў красавіку сёлета Літва ўнесла ў сьпіс непажаданых асобаў Ільлю Бегуна, які прыбыў у Літву па гуманітарнай візе, атрыманай пры пасярэдніцтве аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі. У ДДБ зазначаюць, што на пачатку году Бягун, магчыма, выконваючы заданьне, тэрмінова выехаў зь Літвы ў Беларусь.

Неўзабаве пасьля гэтага некаторыя беларускія арганізацыі, якія працуюць у Вільні, паведамілі пра выкрадзеныя дадзеныя са сваіх кампутараў. Бягун адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь узяў удзел у шоў на тэлеканале ОНТ, у якім сказаў, што расчараваны апазыцыяй, і неўзабаве далучыўся да так званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў» — уяўнай апазыцыйнай арганізацыі, якая дзейнічае з ухвалы рэжыму.

Партал 15min.lt сьцьвярджае, што сабраў дадзеныя яшчэ па адной падобнай сытуацыі. Згодна з крыніцамі парталу, былы супрацоўнік беларускіх праваахоўных органаў Андрэй Аўраменка, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, зьвярнуўся да парталу з просьбай дапамагчы яму нелегальна ўехаць у Літву і папрасіць там прытулку. Ён незаконна ўехаў у Літву, а затым зьнік.

Празь некалькі тыдняў на Youtube зьвіўся расказ гэтага чалавека пра незаконны правоз мігрантаў празь мяжу, а размовы зь літоўскімі афіцыйнымі асобамі былі таемна запісаныя.

Літоўская выведка заклікае беларускіх уцекачоў, якія могуць быць завэрбаваныя беларускім рэжымам, устрымацца ад удзелу ў злачыннай дзейнасьці ў Літве — гэта можа прывесьці да ўжываньня да такіх асобаў крымінальных санкцыяў, прадугледжаных законам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG