Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ды і само складаньне лістоў таксама мяне радавала». Юлія Цімафеева пра добрае ў 2021-м


Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне адказвае Юлія Цімафеева.

— Што магло радаваць цягам гэтага года, калі кожны дзень прыносіў столькі кепскіх навін, што хапіла б на месяц?

Найперш інтэрнэт-размовы з роднымі і сябрамі, якіх я даўно ня бачыла. Іх усьмешкі і добрыя словы. Лісты ад зьняволеных брата і яго жонкі, зь якімі нарэшце ўсталявалася перапіска, іх аптымізм і жаданьне нас падтрымаць. Лісты ад Аляксандра Фядуты і Сашы Васілевіча, а таксама ад іншых вязьняў, адказы зрэдку дабіраліся нават у Аўстрыю.

Фэйсбук-суполка «Письма Солидарности Беларусь 2020», дзе публікуюць лісты ад палітычных зьняволеных, пытаюцца парадаў аб перадачах у турму і падтрымліваюць адно аднаго. Калі вы месяцамі думаеце, як пачаць пісаць палітвязьням, далучайцеся да гэтай групы і нарэшце дашліце свой першы ліст! Яго вельмі чакаюць. Ды і само складаньне лістоў таксама мяне радавала. За год я стала апантанай паштоўкамі, але, падаецца, ад гэтай апантанасьці амаль вылечылася, бо з замежжа ў Беларусь яны практычна не даходзяць.

Самалёты, аэрапорты, цягнікі і гатэлі, выступы ў новых гарадах і перад новымі людзьмі. Трымценьне перад выхадам на сцэну. Шпацыры разам з мужам пасьля па вуліцах і завулках Эўропы, якія я зноў пачала фатаграфаваць. Новыя кнігі, напісаныя і прачытаныя, новыя вершы. Дрэўцы авакада, што прарасьлі зь зярнят насустрач сонцу і працягваюць расьці. Сініцы, попаўзьні, дразды і малінаўкі ля маіх кармушак. Чорныя вароны на голых галінах, іх зычныя ўпэўненыя крыкі над гарой. Горы альпійскія, каўкаскія, трансыльванскія. Шмат гор, на якія мне занадта цяжка ўздымацца пешшу, але на якія хораша глядзець зьнізу ўверх і захапляцца. Замшэлыя камяні Адрыятычнага мора, паўночны вецер Паўночнага мора.

Будучыня, якая нарэшце заіскрылася на гарызонце чырвоным сьвятлом у цемры ночы: ці тое пажарам, ці тое сьвітаньнем.

Юлія Цімафеева — пісьменьніца і перакладчыца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG