Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Бадуновай, Тарашкевіча і Адама Станкевіча; год таму — «маршы суседзяў» у Менску


«Марш суседзяў» у Менску, 29 лістапада 2020
«Марш суседзяў» у Менску, 29 лістапада 2020

Падзеі 29 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Гэты дзень год таму

  • У Менску шаснаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі «маршаў суседзяў», у найбуйнейшых удзельнічалі па некалькі тысяч чалавек.
  • Нарвэская кампанія Yara, адзін з найбуйнейшых сусьветных пастаўнікоў мінэральных угнаеньняў і ключавых кліентаў Беларускай калійнай кампаніі, зноў выказала занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі.

Дзень у гісторыі

1830 ― пачалося нацыянальна-вызвольнае Лістападаўскае паўстаньне ў Польшчы.

1877 ― Томас Эдысан упершыню прадэманстраваў грамафон.

1920 ― пачала працу горадзенская Беларуская гімназія.

1945 ― абвясьцілі стварэньне Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі.

1961 ― быў узарваны горадзенскі фарны касьцёл Прачыстай Маці Боскай (Фары Вітаўта).

Руіны разбуранай Фары Вітаўта, 1961
Руіны разбуранай Фары Вітаўта, 1961

У памяці

1938 ― Палута Бадунова, беларускі палітык (расстраляная).

Ужо ня першы год мастакі з гісторыкамі ня могуць прыйсьці да адзінай думкі: хто ж насамрэч адлюстраваны на адным з партрэтаў Аляксея Марачкіна, асноваю для якога паслужыла зьмешчанае ніжэй фота, — паэтка Ларыса Геніюш або палітычная дзяячка Палута Бадунова? Але на карысьць каго б ні скончылася дыскусія, можна сьцьвярджаць, што гэтыя выдатныя беларускі з аднаго шэрагу.

Выпускніца петраградзкіх Вышэйшых гістарычналітаратурных курсаў, сябра ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а пазьней — сакратар ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Палута не губляла ўпэўненасьці ў любой кампаніі палітыкаў-мужчынаў. Яна была ў ліку арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду, а на пачатку 1918-га ўвайшла ў склад Народнага Сакратарыяту — першага Ўраду БНР. Подпісы Бадуновай стаяць пад Другой і Трэцяй Устаўнымі Граматамі, дзе абвяшчалася пра ўтварэньне й незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Сакратарыяце Палута была адзінай жанчынаю. Яе пасада народнага сакратара апекі адпавядала партфэлю міністра сацыяльнай абароны. Адначасова яна ўзначаліла жаночае дабрачыннае таварыства «Цётка», названае ў гонар знакамітай паэткі. Палута і сама была адораная яскравым літаратурным талентам, што засьведчыла выдадзеная, на жаль, адно ў 2019-м яе кніга прозы «Творы». Належачы да партыі беларускіх эсэраў, Бадунова пасьлядоўна выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. За свае непахісныя погляды ёй давялося адседзець спачатку ў польскай турме ў Менску, а потым у бальшавіцкай — у Маскве. Гэта была славутая Бутырка, дзе Палута за паўгоду зьняволеньня трымала некалькі галадовак, штораз даводзячы сябе да крытычнага стану.

Вярнуўшыся з праскай эміграцыі, яна працавала настаўніцай у Гомелі. Прымірыцца з савецкай уладай Палута не магла дый не хацела. Такіх, як яна, хто не баяўся выказвацца пра існы лад, тады былі адзінкі. Тое, што па яе прыйшлі толькі ў 1937-м, выглядае анамаліяй. «Антысавецкая агітацыя» была ацэненая на дзесяць гадоў лягераў, але прысуд для эсэркі-незалежніцы прызналі занадта мяккім. Бадунову перавялі ў менскую «амэрыканку». Неўзабаве ёй прачыталі пастанову пра расстрэл.

Гісторык Валянціна Лебедзева, якая да 100-годзьдзя БНР выпусьціла кнігу «Пакліканая свабодай: нарыс жыцьця і дзейнасьці Палуты Бадуновай», піша, што яе гераіню расстралялі ажно праз паўгоду пасьля прысуду. Гэта пацьвярджае існаваньне таемных калёніяў, або «асобных карпусоў» зьняволеных сьмяротнікаў, дзе ўтрымліваліся найбольш каштоўныя для НКВД вязьні. Юрыдычна гэтых людзей ужо не існавала, і да іх магчыма было ўжываць «неабмежаваныя мэтады сьледзтва». У Менску такі «корпус» быў на другім паверсе Валадаркі. Вядома, што ўвосень 1938-га ў гэтым пекле бясконца катавалі болей за чатырыста ахвяраў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.184-185.

1938 ― Браніслаў Тарашкевіч, беларускі мовазнаўца і палітык (расстраляны).

Браніслаў Тарашкевіч
Браніслаў Тарашкевіч

1949 — Адам Станкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч.

Адам Станкевіч
Адам Станкевіч

Паводле даробку ў культуру і наагул у нацыянальнае жыцьцё беларусаў Адам Станкевіч выглядае сваім сярод Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча — тых, чыім стваральным духам ён натхняўся.

Паміж яго прыходам на сьвет на Віленшчыне і зьяўленьнем яшчэ адной безыменнай лягернай магілы пад сібірскім Тайшэтам зьмясьцілася столькі, што хапіла б і на дзесяцёх.

На Новы 1915 год малады ксёндз Адам адправіў першую імшу ў парафіяльным касьцёле гістарычнавекапомнага Крэва. Праз тры гады выпускнік Пецярбурскай духоўнай акадэміі Станкевіч прыяжджае ў Вільню ўжо вядомым публіцыстам і дзеячам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адным зь першых ён пачынае карыстацца беларускай моваю ў набажэнствах і публічных выступах. Выкладае рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Праходзіць на выбарах у Польскі сойм.

У 1920—1930-я гады без асобы Станкевіча немагчыма ўявіць нацыянальнага жыцьця ўсёй Заходняй Беларусі. Кіраўнік Таварыства беларускай школы, заснавальнік Віленскай друкарні імя Скарыны, рэдактар і выдавец часопісу «Хрысьціянская думка».

У час нацысцкай акупацыі ён працягвае служыць беларускай справе: адчыняе школы, аднаўляе газэту «Крыніца». Старыя беларусы-віленчукі дагэтуль згадваюць Станкевічавы казаньні ў касьцёле Сьвятога Мікалая, якія давалі магутную духоўную падтрымку ў ваеннае ліхалецьце.

Пасьля вайны па яго прыходзяць людзі зь ведамства Берыі. Яны нават не імкнуцца абвінаваціць айца Адама ў супрацоўніцтве зь немцамі, ад якіх той трымаўся на дыстанцыі. Галоўнае злачынства — вера ў незалежную Беларусь. Такая віна ацэньваецца на 25 гадоў няволі.

У яго быў шанец застацца на волі. Афіцэр спэцслужбаў, якога Станкевіч называе ў сваіх дзёньніках Мэфістофэлем, неаднаразова прапаноўваў ксяндзу ўзначаліць Каталіцкую царкву на тэрыторыі БССР пры ўмове непрызнаньня Ватыкану й папы. Адмовіўшыся, айцец Адам ахвяраваў жыцьцём, але адвёў ад Беларускага касьцёлу пагрозу расколу і дыскрэдытацыі.

Адзін з сулягернікаў Станкевіча вынес на волю сьведчаньні пра вусьцішную нават для тых нечалавечых умоваў сьмерць беларускага сьвятара. Айца Адама задушылі, а твар разьбілі кувалдай, каб ніхто не пазнаў яго ў часе таемнага пахаваньня.

Віленскія беларусы зьбяруць грошы і паставяць на могілках паблізу Крэва помнік свайму сьвятару й яго маці. Інтэлектуальнымі помнікамі Адаму Станкевічу застануцца ягоныя кнігі «Беларускі хрысьціянскі рух» і «Хрысьціянства і беларускі народ».

Перад арыштам айцец Адам працаваў над кнігаю «Гісторыя Беларусі», дзе называў шматвяковы шлях нашага народу «рухам да гарманічнай нацыянальнай цэласьці».

Нязьдзейсьненае продкамі нам наканавана ўрэчаісьніць у XXI стагодзьдзі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.234-235.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG