Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавікі крычалі, што іх дастала вялікая колькасьць нязгодных». Гісторыя студэнта, якога проста з заняткаў забралі на Акрэсьціна


Інсталяцыя "Клетка", прысьвечаная беларускім палітвязьням, Вільня, ліпень 2021
Інсталяцыя "Клетка", прысьвечаная беларускім палітвязьням, Вільня, ліпень 2021

Максім (імя зьмененае, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) — ужо былы студэнт трэцяга курсу адной зь беларускіх ВНУ. На пачатку кастрычніка супрацоўнікі ГУБАЗ забралі яго на допыт проста з заняткаў. На наступны дзень хлопца асудзілі на 15 сутак за перасланае паведамленьне з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала. Неўзабаве пасьля вызваленьня Максіма адлічылі.

Хлопец расказаў Свабодзе пра «ідэалёгію» ва ўнівэрсытэце, чаму супрацоўнікі ГУБАЗ ударылі яго шокерам па дарозе на допыт і пра два адміністрацыйныя арышты, якія толькі зрабілі яго мацнейшым.

«Сілавікі мяне білі і зьневажалі, казалі: „Мы навучым цябе Радзіму любіць“»

«5 кастрычніка недзе а 10-11-й раніцы да мяне на пары прыйшлі з дэканату — сказалі: „З табой хочуць паразмаўляць“, і завялі ў кабінэт ідэоляга. Там ужо знаходзіліся супрацоўнікі ГУБАЗ, якія забралі мой тэлефон, але я пасьпеў перад гэтым па-хуткаму патэлефанаваць маці», — кажа Максім.

Па словах хлопца, сілавікі запэўнілі, што адвязуць яго на допыт і потым вернуць на заняткі. Пасьля чаго суправадзілі ў аўдыторыю забраць рэчы.

«Пакуль мы ехалі на Рэвалюцыйную ў офіс ГУБАЗ, мяне білі і прыніжалі. У асноўным супрацоўнікі крычалі, што іх дастала, што так шмат нязгодных. Казалі: „Мы навучым цябе Радзіму любіць“. А калі я адказаў: „Я яе і не пераставаў любіць. Радзіма ж ні ў чым не вінаватая. Вінаваты адзін чалавек“, — то пару разоў ударылі шокерам. У асноўным яны спрабавалі ціснуць на мяне сваім „аўтарытэтам“ і „ўладай“. Прасілі нават назваць імёны людзей ва ўнівэры, якія казалі нешта дрэннае пра рэжым. Я сказаў, што нічога ня ведаю», — успамінае Максім.

Хлопец расказаў, што пасьля трохгадзіннага допыту яго адвезьлі ў РУУС, дзе ён прабыў да вечара. А потым зьмясьцілі ў ІЧУ.

Ужо на наступны дзень Максіма асудзілі на 15 сутак па артыкуле 19.11 КаАП (Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).

«Прычынай арышту нібыта стала навіна з „Трыбуны“, якую я пераслаў сябру (ГУБАЗіК вынес рашэньне аб прызнаньні сайта Тribunа.сом і яго вытворных у сацыяльных сетках і мэсэнджарах экстрэмісцкімі 6 жніўня. — РС) пра футбол — што Мэсі ў „ПСЖ“ пераходзіць. Проста сілавікі ў маім тэлефоне нічога іншага не знайшлі і прычапіліся да гэтага. На судзе я настойваў, што гэта асабістая перапіска і што яна ня несла ніякай небясьпекі для грамадзкасьці. Казаў, што не вінаваты, але судзьдзя назвала мае довады некампэтэнтнымі».

«Забралі курткі, каб мы не маглі падкласьці іх пад галаву»

Свой тэрмін Максім адбываў у ізалятары на Акрэсьціна.

«У камэры нас было 15–18 чалавек, калі станавілася крыху менш, мы ведалі, што „дакінуць“ яшчэ кагосьці. На ўсіх было толькі два двухпавярховыя ложкі, — кажа суразмоўца. — Прычыны, па якіх мае сукамэрнікі атрымалі суткі, мяне жахалі. Напрыклад, аднаго мужчыну асудзілі за налепку на тэлефоне, пэнсіянэра — за жалюзі на акне няправільнай, на думку рэжыму, расфарбоўкі, яшчэ аднаго хлопца — за нейкі смайлік».

Ад аднаго з «новых» сукамэрнікаў Максім даведаўся больш падрабязна пра затрыманьне двух хлопцаў, якія прыехалі да ЦІП на электрамабілі і ўключылі «Муры» ў сваёй машыне пад сьценамі ізалятара.

«Ён расказаў, што за іх аўтамабілем пагнаўся адзін з супрацоўнікаў з тэлефонам, каб сфатаграфаваць нумары, але, відаць, не пасьпеў. Потым усяму Акрэсьціна ўжо было вядома, што хлопцаў затрымалі. Іхняга лёсу я ня ведаю, бо вызваліўся, але спадзяюся, што зь імі ўсё добра».

Пра ўмовы ўтрыманьня ў сваёй камэры Максім кажа наступнае:

«Сьвятло гарэла безь перапынку. Часам адчынялі „кармушку“, каб мы маглі падыхаць. Не было ні падушак, ні матрацаў, ні прагулак, ні перадач. Прымалі толькі таблеткі. Холадна бывала па начах, але калі была куртка, то хаця б можна было ўхутацца неяк», — расказвае Максім.

Паводле хлопца, аднойчы ва ўсіх вязьняў забралі і курткі, каб затрыманыя не маглі падкласьці іх пад галаву замест падушкі.

«Сілавікі на ЦІПе маглі цябе за гадзіну да выхаду забраць з камэры, уручыць новы пратакол, па якім ты нібыта буяніў, і зноў адправіць на суткі», — кажа суразмоўца.

«Выкладчыкі казалі: „Калі б Ціханоўская прыйшла, мы былі б пад польскай пятой“»

Максім лічыць, што яго арыштавалі пасьля «даносу» ідэоляга. Сябе ён апісвае як «апошнюю асобу, якая адчайна супраціўлялася ва ўнівэрсытэце».

Максім сьцьвярджае, што ўвесь час выказваў свой пункт гледжаньня, які не супадаў з «ідэалёгіяй» унівэрсытэту.

«Былі выкладчыкі, якія казалі прыкладна такія рэчы: „Вось у нас у 20-м годзе была спроба перавароту, але Аляксандар Рыгоравіч спыніў гэтых барбараў, яны ж усе купленыя“, „Калі б Ціханоўская прыйшла, мы былі б пад польскай пятой“. Я заўсёды пытаўся, адкуль яны інфармацыю бяруць. Даводзілася адстойваць прынцыпы свабоды і дэмакратыі. Я казаў, што рана ці позна ўсё памяняецца і гісторыя мяне апраўдае. Калі клікалі на нейкія ўнівэрсытэцкія мерапрыемствы, падманваў, што захварэў, каб не ісьці».

Максім ужо адбываў раней 15-суткавы арышт па «народным» артыкуле 24.23 у Жодзіне.

Хлопец лічыць, што менавіта ягоная грамадзянская пазыцыя і арышты паўплывалі на адлічэньне з ВНУ.

«У мяне павышанае пачуцьцё справядлівасьці, я выказваўся адкрыта і нічога не баючыся, таму ад мяне проста захацелі „пазбавіцца“», — кажа Максім.

«Я расчараваны што ў нас не шануюць ва ўнівэрсытэтах сапраўды здольных маладзёнаў»

Пра адлічэньне яму паведаміла выкладчыца ўнівэрсытэту праз СМС.

«Я тады на пары сядзеў. Пасьля вызваленьня некалькі тыдняў хадзіў ужо на заняткі, думаў, усё нармальна будзе. І тут прыходзіць СМС, што ўжо трэба тэрмінова азнаёміцца з загадам. Мяне адлічылі нібыта за пропускі заняткаў (60 гадзін). Даведка аб утрыманьні за кратамі — гэта ж не паважлівая прычына. Ну так, я ж мог сілавікоў папрасіць прывезьці мяне на пары зь ЦІПа!» — жартуе хлопец.

Ён кажа, што спачатку засмуціўся праз адлічэньне, але пазьней пачаў шукаць у сытуацыі плюсы.

«Я зразумеў, што гэта часовыя цяжкасьці, што лёс зноў выпрабоўвае мяне. Было адзінае сумна, што не змагу бачыцца на занятках зь некаторымі аднагрупнікамі».

Максім прызнаецца, што сёньня мае шмат плянаў, якія ў хуткім часе пачне рэалізоўваць.

На пытаньне, як на яго паўплывалі арышты і якія высновы ён для сябе зрабіў пасьля атрыманага досьведу, Максім адказвае:

«Я яшчэ пасьля першай адседкі зразумеў, што стаў дарослым, мацнейшым. Пераканаўся, што сыстэму трэба мяняць, пабачыўшы тыя жахі... Я расчараваны што ў нас не шануюць ва ўнівэрсытэтах сапраўды здольных маладзёнаў, а толькі тых, хто будзе зручным „выканаўцам“ і нават ня будзе задумвацца над сваімі дзеяньнямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG