Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Культура — гэта палітыка». У Кіеве адкрылася выстава ўкраінскіх мастакоў «Беларускі майдан»


У мастацкай галерэі «Белы сьвет» у цэнтры Кіева адкрылася выстава працаў украінскіх мастакоў «Беларускі майдан». Год таму на гэтай жа пляцоўцы экспанаваліся плякаты вядомага ў Беларусі мастака-дызайнэра і сябра Каардынацыйнай рады Ўладзімера Цэсьлера.

Цяпер свае працы прадстаўляюць 11 украінскіх мастакоў і скульптараў — Андрэй Зялінскі, Мікола Мацэнка, Алег Цістал, Надзея Цістал, Аляксандар Яновіч, Мацьвей Вайсбэрг, Расьціслаў Лужэцкі, Алена Клачко, Уладзіслаў Шарашэўскі, Сяргей Захараў і Дзьмітро Каламойцаў.

Правядзеньне выставы ініцыявалі супольна ўкраінскія мастакі і фонд «Беларускі майдан», створаны ў лістападзе 2020 году беларускай уцякачкай Аленай Васільевай.

«Маем агульныя мэты»

Мастак Андрэй Зялінскі кажа, што займаецца мастацтвам сэнсаў, а за падзеямі ў Беларусі пачынаў сачыць задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Паводле яго, вельмі важна не абмяжоўвацца толькі ўнутранымі падзеямі Ўкраіны, а ўспрымаць іх у кантэксьце таго, што адбываецца ў суседзяў і ўвогуле ў сьвеце. На выставе ён прадставіў некалькі сваіх працаў з сэрыі «Жыве Беларусь». Ён пачаў яе ствараць пасьля таго, як пазнаёміўся зь некалькімі беларусамі-ўцекачамі, а таксама далучыўся да іх інфармацыйнага праекту.

Выстава мае дзьве асобныя тэмы — мастацкае бачаньне беларускіх пратэстаў і ўкраінскага Майдану. І якраз Андрэй Зялінскі разам з Андрэем Цісталам аднавіў артэфакты ўкраінскай рэвалюцыі — драўляныя шчыты, якія сталі адным з сымбаляў мірнага пратэсту ў Кіеве ў 2013–2014 гадах.

«Выстава сама па сабе ўжо выглядае як сацыяльна-культурны аб’ект, а не выстава мастакоў. Дарэчы, шмат удзельнікаў выставы самі ўдзельнічалі ў Майдане і абароне Ўкраіны на Данбасе», — сказаў Свабодзе Андрэй Зялінскі.

Мастак мяркуе, што беларускія і ўкраінскія падзеі маюць агульныя рысы, бо мэта ў абедзьвюх краінах яшчэ не дасягнутая.

Андрэй Зялінскі
Андрэй Зялінскі

«Гэта не рэвалюцыя, а пасьлядоўнае культурнае разьвіцьцё. Проста Ўкраіна і Беларусь знаходзяцца на вельмі розных адрэзках. Агульная толькі мэта — нацыянальна-вызваленчы рух, эўраарыентацыя, рух да цывілізацыі і прагрэсу. Так, у нас працэс таксама не завершаны, але мы зусім на іншым адрэзку, і цяпер перад намі стаяць зусім іншыя пытаньні», — перакананы ён.

Андрэй Зялінскі лічыць вельмі важным, каб у беларусаў, нягледзячы на рэпрэсіі, заставалася магчымасьць атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю.

«Ніхто ж пакуль не перашкаджае думаць. Але, на мой погляд, гэтага не хапае яшчэ вялікай колькасьці грамадзян. Трэба вучыцца культываваць здаровы розум, адрозьніваць прапаганду і праўду. А тое, што перамога будзе, — гэта, як кажуць, да бабкі не хадзі, бо прагрэс, культуру, дабро, урэшце, нічога ня можа спыніць, і зло будзе пакарана. Пытаньне толькі ў тым, як наблізіць час пакараньня і справядлівасьці», — дадаў мастак.

«Культура — авангард палітыкі»

Мастак Расьціслаў Лужэцкі працуе ў станковым жывапісе, графіцы і дызайне. Ён перакананы, што культура — авангард палітыкі.

Расьціслаў Лужэцкі
Расьціслаў Лужэцкі

«Культура — заўсёды палітыка. Цяпер вельмі пашыраюць тэзу, што культура па-за палітыкай, але гэтая тэза вельмі хібная і памылковая. Культура, уласна, — авангард палітыкі, і калі мы азірнёмся назад, то гісторыя чалавецтва — гэта пераважна гісторыя культуры. Таму такія культурныя праекты згуртоўваюць нацыю, сыстэматызуюць тое, што яна робіць, і надаюць пэўныя сэнсы, каб вырашыць праблемы, якія паўстаюць у гэты пэрыяд перад народам», — сказаў Свабодзе Расьціслаў Лужэцкі.

Ягоныя працы — «Пагоня» і «Ўжо час» — фактычна адкрываюць выставачную прастору. Мастак кажа, што ягоныя працы — гэта рэфлексіі, зьвязаныя і з украінскім Майданам, і зь верай, рашучасьцю і перамогай.

«Я даўно над гэтымі тэмамі працую. У беларускіх падзеях не было лідэра. Пунктам апоры і зборкі стала „Пагоня“. І, уласна, таму я на гэтай „Пагоні“ напісаў па-беларуску малітву „Ойча наш“ — сымбаль веры. Гэта і мэтафара, і літаральна», — патлумачыў Расьціслаў Лужэцкі.

Выстава будзе працаваць у Кіеве да 10 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG