Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 120 гадоў з дня нараджэньня Міхася Зарэцкага; год таму — Беларусь разьвіталася з Раманам Бандарэнкам


Міхась Зарэцкі
Міхась Зарэцкі

Падзеі 20 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

20 лістапада 1901 году нарадзіўся Міхась Зарэцкі, беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык. Зарэцкі рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926–1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». У 1929-м пісьменьнік быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». У 1936-м арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны.

Няма на сьвеце іншай культуры, што панесла б у ХХ стагодзьдзі такія, ледзь не фатальныя страты, як наша. У трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя нацыянальная інтэлігенцыя была амаль цалкам фізычна зьнішчаная або духоўна зламаная.

У календарах — толькі дні, але ў нашым, беларускім, ёсьць і ноч. Ноч расстраляных паэтаў, калі ня стала дваццаці двух літаратараў. Сярод самых таленавітых быў трыццаціпяцігадовы Міхась Зарэцкі.

Ён зь ліку тых, хто, здаецца, шчыра паверыў у абяцанае бальшавікамі пераўтварэньне сьвету на справядлівых пачатках. Сябар літаратурна-мастацкага аб’яднаньня «Маладняк», а потым — «Полымя», Зарэцкі зрабіўся адным з найбольш яскравых прадстаўнікоў рамантычнага кірунку ў беларускай прозе тых гадоў, якога ці не найбольш цікавіў стан душы чалавека на пераломе эпохаў.

У 1927-м Зарэцкі зьдзейсьніў колькімесяцавае падарожжа за мяжу — у Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну й Францыю, што не магло не паўплываць на сьветапогляд пісьменьніка.

Відаць, зусім не выпадкова неўзабаве па вяртаньні ён робіцца адным з ініцыятараў дыскусіі ў друку аб шляхах разьвіцьця беларускага тэатру, выступаючы супраць камэрцыялізацыі мастацтва й абыякавасьці да нацыянальнага рэпэртуару.

Тадысама зьявіўся ягоны нарыс «Падарожжа на новую зямлю», дзе Зарэцкі выступіў як апалягет змаганьня з нацыянальным нігілізмам. У адказ пісьменьніка «вычысьцілі» з партыі «за праяўленьне нацыянал-дэмакратызму».

Напісаньне ў 1929-м гістарычнай драмы «Рагнеда» і зьмешчаны ў «Полымі» пачатак раману «Крывічы» (публікацыя ня мела працягу) наўрад ці сьведчылі пра тое, што аўтар стаў на шлях выпраўленьня.

У 1932-м друкуецца раман «Вязьмо», які на рэспубліканскім літаратурным конкурсе атрымаў прэмію як адзін з найлепшых твораў на тэму калектывізацыі.

Аднак гэты факт найперш кажа не пра зьмену поглядаў Зарэцкага, а пра настроі сябраў журы, якія адзначылі твор, дзе разбурэньне традыцыйнага ладу жыцьця праз калгасы паказвалася як трагедыя беларускае вёскі.

Як ён і дваццаць адзін ягоны калега трымаліся ў сваю апошнюю ноч, у астатнія хвіліны? Як яны разьвітваліся паміж сабой, якія словы выгуквалі ці шапталі, разьвітваючыся з жыцьцём і Беларусьсю?

Спрабую ўявіць, і на памяць прыходзяць імёны нашых бясьсьледна зьнiклых сучасьнікаў: палiтыка Віктара Ганчара, бiзнэсоўца Анатоля Красоўскага, генэрала Юрыя Захаранкі, журналiста Зьмітра Завадзкага.

Усьлед за Міхасём зьніклі або загінулі й рукапісы многіх яго твораў. Прынамсі, дагэтуль ня знойдзеныя ні драма «Рагнеда», ні раман «Крывічы». Ёсьць зьвесткі, што ў вайну поўны варыянт раману аднавяскоўцы пісьменьніка пусьцілі на самакруткі.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне. С. 162–163.

У гэты дзень год таму

  • Адбылося пахаваньне забітага ў Менску невядомымі 31-гадовага Рамана Бандарэнкі.
  • Да санкцыяў ЭЗ супраць рэжыму Лукашэнкі далучыліся Ўкраіна, Альбанія, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн і Нарвэгія.
  • Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеную Калесьнікаву пад вартай, не задаволіжўшы скаргу яе абароны.

Таксама ў гэты дзень

1648 — вялікім князем ВКЛ і польскім каралём абралі Яна Казімера (сына караля Жыгімонта III Вазы).

1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

1945 — распачаўся судовы працэс у Нюрнбэргу над 24 ваеннымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны.

1985 — выйшла апэрацыйная сыстэма Microsoft Windows 1.0.

1995 — у Воршы паставілі помнік Уладзімеру Караткевічу.

У гэты дзень нарадзіліся

1899 — беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934-1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.

Як арнамэнт з сям’і «ворагаў народу» трапіў на дзяржаўны сьцяг

1923 — журналіст, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода Леанід Карась, ахвяра нераскрытага забойства.

Лявон Карась
Лявон Карась

Ён меў мянушку Рыба, якая, між тым, ані не адпавядала ягонай натуры. Леанід Карась любіў кампанію і заўсёды гатовы быў бараніць яе агульны ці свой асабісты гонар. Часамі, як згадваюць сябры, на яго находзіла «ахвота з кім-небудзь пабіцца».

Леанід належаў да славутай «Дванаццаткі» — суполкі з дванаццаці нашых юнакоў, якія трапілі па вайне на Захад і вырашылі «быць прыкладам самаахвярнасьці й адданасьці нацыянальнай справе, быць першымі ўсюды, дзе патрабуюць гэтага інтарэсы Народу». Яны небеспадстаўна лічылі сябе авангардам беларускай моладзі на эміграцыі і праз паўстагодзьдзя сталі героямі дакумэнтальнай аповесьці аднаго зь іх, Янкі Запрудніка, што менавіта так і назваў кнігу — «Дванаццатка».

Гартаючы важкую Запруднікаву таміну, я думаю пра сотні й сотні маладых беларусаў, якія пасьля гарачай вясны 2006-га і халоднай зімы 2010-га трапілі за мяжу, і мне мрояцца створаныя імі сучасныя «дванаццаткі» з тымі самымі мэтамі й памкненьнямі.

Ім лягчэй. Яны ня мусяць перад унівэрсытэтам працаваць, як Лявон зь сябрамі, на шахтах. Большасьць зь іх, цяперашніх, можа пераведваць Беларусь і, хочацца спадзявацца, некалі вернецца сюды.

Лявон Карась пра такое мог толькі марыць.

Навучаючыся ў бэльгійскім Лювэне на інжынэра, ён даведаўся пра стварэньне Беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне (Свабода) і выехаў у Мюнхэн, адкуль павінна было распачацца вяшчаньне. Апрача журналісцкіх задаткаў, ён ужо валодаў ангельскай моваю і меў — што для супрацоўніка радыё надзвычай важна, — прыемны зычны голас.

У траўні 1954-га беларускія перадачы пайшлі ў этэр. Галоўным «сьпікерам» стаў Леанід Карась.

Прафэсія журналіста заўсёды была небясьпечная. Нязьмерна больш за іншых рызыкавалі ў той час супрацоўнікі радыё, што несла праўду за жалезную заслону, туды, дзе перадачы глушыліся, а спэцслужбы рыхтавалі супраць вызваленцаў свае брутальныя акцыі.

Аднойчы ў верасьні таго самага 1954 году Леанід Карась не зьявіўся ў студыю. Праз тыдзень ягонае цела знайшлі на беразе мюнхэнскай ракі Ізар. Злачынства засталося нераскрытае, але сябры й калегі не сумняваліся, што гэта — справа камуністычных агентаў. Яшчэ праз два месяцы ў сваёй кватэры быў закатаваны шэф азэрбайджанскай рэдакцыі Аба Фаталібэй.

Радыё Свабода ішоў першы год, Леаніду Карасю — трыццаць першы.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне. С. 252–253.

1948 — беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.

У памяці

1910 — памёр расейскі пісьменьнік Леў Талстой.

1925 — памёр польскі пісьменьнік і публіцыст Стэфан Жаромскі.

1950 — памёр расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар Леў Клейнбарт. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.

1985 – у Беластоку памёр Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў. Нараджэнец Зэльвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG