Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэрца разрываецца, што не магу абняць сына». Расказваем пра экс-журналістку БТ Ксенію Луцкіну, якая 11 месяцаў за кратамі


Ксенія Луцкіна
Ксенія Луцкіна

Экс-журналістка Беларускай тэлевізіі Ксенія Луцкіна, якая адразу ж пасьля выбараў звольнілася зь дзяржканалу і марыла стварыць альтэрнатыўнае тэлебачаньне, ужо 11 месяцаў знаходзіцца на Валадарцы. У яе рэзка пагоршылася здароўе, два разы на дзень колюць абязбольвальныя прэпараты.

Расказваем, хто такая Ксенія Луцкіна.

«Трымаемся, усё нармальна. Хаця часам і «накрывае»

У кватэры Ксеніі Луцкіной дагэтуль стаіць навагодняя ялінка, якую ўпрыгожылі якраз 22 сьнежня летась, у дзень, калі саму Ксенію затрымалі і з таго часу ўтрымліваюць на Валадарцы, апавядае яе бацька Алег Луцкін.

«Так, ялінка ў нас дома стаіць дагэтуль. Летась сям’я зьбіралася ў госьці да Ксеніі на Каляды 25 сьнежня. Не атрымалася. За 3 дні да Калядаў Ксенію затрымалі. 10-гадовы сын Мацьвей сказаў, што разьбіраць ялінку будзе толькі з мамай. А тут неўзабаве ўжо і Новы год...

23-і дзень кожнага месяца для дзіцяці — гэта жах. Ксенію затрымалі 22-га, а адлічэньне тэрміну ідзе менавіта ад 23-га сьнежня. Тады прыйшлі зь ператрусам, дзіця было адно дома...» — Алег Луцкін зь цяжкасьцю стрымлівае сьлёзы.

Кажа, што за год бяз маці Мацьвей вельмі пасталеў. Вучыцца добра. Мінулы навучальны год для хлопчыка быў складаны, меў шасьцёркі-сямёркі. Але сёлета ўсё нармальна, унук прыносіць дзявяткі і дзясяткі.

Мацьвей
Мацьвей

«У яго матэматычны склад розуму. Унук усё ведае, разумее, чытае навіны. Калі выпускалі „Прэс-клюб“, ён пытаецца: „А чаму маму пакінулі за кратамі?“ Ну паспрабуйце патлумачыць дзіцяці, чаму іх адпусьцілі, а маму не?

Мацьвей пастаянна піша маме лісты, атрымлівае ад яе адказы... Унук — мой найлепшы сябар. Яму цяпер 11 гадоў, ён са мной дзеліцца ўсім. Так у мяне было і са сваімі дзецьмі — і з Ксеніяй, і з сынам. Трымаемся, усё нармальна. Я ж былы вайсковец. Хаця часам накрывае», — прызнаецца мужчына.

«Тэлевізійнік я да мозгу касьцей, як і гісторык»

Дачкой Ксеніяй бацька вельмі ганарыцца. Нарадзілася яна ў Расеі, дзе Алег вучыўся ў вайсковай вучэльні. Калі дачцэ было 5 месяцаў, сям’я пераехала ў Беларусь.

Ксенія заўсёды захаплялася гісторыяй і марыла пра дакумэнтальнае кіно. Пасьля заканчэньня гістфаку яна разам зь сябрам падала заяўкі з канкрэтным праектам на тэлевізію, сябра ўзялі на АНТ, Ксенію — на БТ. У 2013 годзе яна скончыла асьпірантуру. На БТ Ксенія адпрацавала 15 гадоў: здымала дакумэнтальныя фільмы, гістарычныя рэпартажы.

Зь ліста Ксеніі Луцкіной бацьку:

«Вялікай Айчыннай я займалася як дакумэнталіст. Як дасьледчык — мае тэмы гісторыя БССР, культура Беларусі другой паловы ХХ стагодзьдзя. Проста здолела сумясьціць дзьве прафэсіі. Тэлевізійнік я да мозгу касьцей, як і гісторык... У навінах ніколі не працавала. Ад пачатку разьвівалася ў навукова-асьветніцкім, папулярным жанрах. У 24 гады (у 2008-м) стала шэф-рэдактарам „Студыі дакумэнтальнага кіно“».

Ксенія Луцкіна прапанавала свой аўтарскі праект «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)», зьняла звыш 140 праграм, якія выходзілі кожную пятніцу, а таксама больш за 20 дакумэнтальных фільмаў.

Бацька ўспамінае, як Ксенія яго запрасіла на прэм’еру свойго першага дакумэнтальнага фільма «Гісторыя аднаго гораду». Гэта фільм пра Менск. З нагоды прэм’еры бацька запрасіў у рэстаран усю здымачную групу.

«Terra incognita» — гэта спроба паказаць прыгожыя мясьціны, якія ёсьць у Беларусі. Яна здымала гэтыя праграмы з такім захапленьнем! У 2013 годзе за цыкль «Terra incognita» яе каманда атрымала дзьве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн«, — дзеліцца бацька Ксеніі Алег Луцкін.

Дагэтуль на сайце Белдзяржтэлерадыёкампаніі можна знайсьці дзясяткі дакумэнтальных фільмаў Ксеніі Луцкіной з цыклю «Тerra Іncognita» («Невядомая Беларусь»)

Чарнобыльскі цыкль Ксенія прысьвяціла сваёй бабулі-ліквідатарцы

Яшчэ адну «Тэлевяршыню» Ксенія заваявала за цыкль з чатырох дакумэнтальных фільмаў да 30-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы «Зямля страчаная. Зямля здабытая».

Зь ліста Ксеніі Луцкіной бацьку:

«Я першы беларускі дакумэнталіст, які дабраўся да дырэктарата станцыі, які прайшоў пешшу абедзьве часткі зоны адчужэньня.

„Сямейныя гісторыі“ — першы дакумэнтальна-драматычны сэрыял беларускай вытворчасьці. Я ў цябе першапраходзец, простых шляхоў не шукала і не шукаю. Табе „таннае мыла“ не падабаецца, хоць людзі глядзяць, запісваюць парады псыхолягаў; да гэтага часу ідуць у эфіры і мае сэрыі, і новыя. Значыць, і гэты „тэлевізійны прадукт“ — у сваёй нішы, нездарма. Для мяне гэта важна. Усе мае праекты — мае дзеці».

Чарнобыльскі цыкль Ксенія прысьвяціла сваёй бабулі, якая была ліквідатаркай і рана памерла.

«Ліквідатарамі былі і бабуля, і дзядуля, мае бацькі. Бабуля захварэла на рак і памерла — яна была намесьніцай па адукацыі кіраўніка адміністрацыі Магілёўскай вобласьці, атрымала вялікую дозу апраменьваньня, захварэла на рак, вельмі пакутавала... Бабуля ўклала ў Ксенію столькі дабра, столькі сіл — Ксенія прысьвяціла гэту працу ёй. Фільм пра Чарнобыль — гэта асабістая драма ўсёй нашай сям’і».

Чарнобыльскі пясок Ксенія ў прамым сэнсе ела ў 1986 годзе ў Петрыкаве, дзе я спачатку служыў. Потым мяне перавялі ў Слуцак, а сям’я яшчэ заставалася ў Петрыкаве. І калі адбылася аварыя, я быў на дзяжурстве, камандзір палка даведаўся, што сям’я ў зоне, і загадаў мне тэрмінова ехаць і забіраць родных. Я ўбачыў Ксенію ў пясочніцы, схапіў дзіця пад пахі і павёз сям’ю ў Слуцак», — узгадвае бацька.

Алег кажа, што Ксенія ведае кожны сантымэтар зямлі ў Магілёўскай вобласьці, яна прайшла ўсю зону адчужэньня. Шмат праўдзівай інфармацыі атрымала ад свайго дзеда, які ў 1980-я быў намесьнікам начальніка штаба грамадзянскай абароны Магілёўскай вобласьці.

«Дзед Ксеніі, дзякуй Богу, жывы-здаровы, яму 83 гады. Цяпер ён піша лісты ўнучцы, як блогер: калі я пішу раз на тыдзень, то ён сама меней 2-3 разы», — кажа Алег Луцкін.

«Я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу»

Алег Луцкін згадвае яшчэ адзін праект дачкі пра Другую сусьветную вайну — «1418 дзён. Гісторыя Перамогі», завершаны ў 2020 годзе.

Зь ліста Ксеніі Луцкіной родным:

«Па словах экспэртаў, „1418 дзён“ — мая найлепшая работа. Яна вельмі важная для мяне з многіх прычынаў. Самае важнае — я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала...

Цяпер сама ў падобных абставінах... Бачыш, як жыцьцё паварочваецца...»

Гэта таксама сямейная гісторыя, тлумачыць Алег Луцкін.

«Адна бабуля Ксеніі ваявала і дапамагала „прыбраць“ Вільгельма Кубэ, другая бабуля спачатку была пад акупацыяй, а потым у эвакуацыі; дзед спачатку паехаў у Перм, а потым вярнуўся на вайну. Там вельмі цікавы сюжэт і шмат нашага, сямейнага. І нават здымаўся маленькі сын Ксеніі Мацьвей у ролі бялявага габрэйскага хлопчыка».

Былы калега Ксеніі Луцкіной па БТ шмат гадоў працаваў разам з Ксеніяй, быў рэжысэрам на яе праектах.

«Цыкль „Тэра інкогніта“ Ксенія прыдумала сама. Яна зрабіла шмат фільмаў на ваенную тэматыку, пра Другую сусьветную вайну. Мне вельмі лёгка зь ёй працавалася. Мы хутка зь ёй знайшлі агульную мову, я адразу разумеў, чаго яна ад мяне хоча.

Былі, вядома ж, рознагалосьсі на здымачнай пляцоўцы, спрэчкі, бяз гэтага ў творчай працы не бывае. Але заўсёды мы хутка знаходзілі паразуменьне. Яна вельмі разумная, адукаваная, інтэлігентная. За што яна сядзіць? Мы ўсе проста ў шоку!» — кажа Даніла Падбярэскі.

«15 гадоў на тэлевізіі скончыліся... Пачынаецца нешта новае»

Адразу ж пасьля выбараў 2020 году Ксенія далучылася да страйку, звольнілася з БТ і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. На пытаньне, як да гэтага рашэньня дачкі паставіўся бацька, Алег доўга не хацеў адказваць.

«У мяне дачка Ксенія, яна старэйшая, і малодшы сын, я вельмі блізкі зь імі. Так склалася, што я быў бацькам-адзіночкам пры жывой маці, я мама і тата ў адной асобе. Дзеці са мной дзяліліся ўсімі праблемамі, перажываньнямі. У нас з дачкой вельмі цёплыя сяброўскія стасункі.

Я ня буду нічога гаварыць, як я паставіўся, усё вельмі складана. Але напісаў: „Я табой ганаруся“», — уздыхае Алег Луцкін.

Сама Ксенія Луцкіна напісала тады:

«Мае 15 гадоў у Белтэлерадыёкампаніі былі вельмі рознымі, вельмі насычанымі... Я вельмі рада таму, што яны былі, рада тым сустрэчам, якія былі і яшчэ будуць, удзячная тым людзям, зь якімі працавала, сябравала і буду сябраваць. 15 гадоў скончыліся... Пачынаецца нешта новае».

Яна марыла ствараць альтэрнатыўнае тэлебачаньне, рабіць уласныя праграмы, каб распаўсюджваць іх праз Youtube, прэзэнтавала свой праект «Прэс-клюбу».

«Кожны дзень на абязбольвальных уколах, раніцай і ўвечары»

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году, у адзін дзень з супрацоўнікамі «Прэс-клюбу». Спачатку яе вінавацілі ў нясплаце падаткаў. Калі ў жніўні 2021 году справу «Прэс-клюбу» закрылі, Ксеніі выставілі новае абвінавачаньне.

«Паколькі адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні, падрабязнасьці невядомыя. Ён кажа толькі, што размаўляюць пра здароўе, надвор’е, прыроду», — зазначае бацька.

Партрэт Ксеніі Луцкіной, які стварыла Ксіша Ангелава
Партрэт Ксеніі Луцкіной, які стварыла Ксіша Ангелава

У Ксеніі за кратамі пагоршылася здароўе. Абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе Ксеніі зрабілі складаную нэўралягічную апэрацыю: выдалілі дзьве пухліны ў мозгу.

«Неяк едзем у машыне, а Ксенія „адключаецца“, проста траціць прытомнасьць. Потым пытаецца: „Што са мной было?“ Правялі абсьледаваньні, дзьве бакавыя пухліны выдалілі ў мозгу, а сярэднюю не чапалі, каб не пашкодзіць іншыя сфэры мозгу. Пухліна не злаякасная, як біяпсія паказала.

Апэрацыю Ксенія мужна перажыла. Калі мяне да яе пусьцілі, ня я, а яна мяне супакойвала. А праз тыдзень пасьля апэрацыі Ксенія ўжо пісала сцэнар для чарговай праграмы», — апавядае бацька.

Ён кажа, што кожны год Ксенія рабіла МРТ, розныя іншыя абсьледаваньні, усё было ў парадку. Але ў траўні ўзьніклі праблемы: пухліна пачала павялічвацца.

«Мы прывезьлі доктара з РНПЦ нэўралёгіі, зрабілі энцэфаляграму, лекару далі на агляд літаральна 3 хвіліны. Дзякуй Богу, з такой пухлінай можна жыць, сказалі дактары. Але Ксенія кожны дзень на абязбольвальных уколах, раніцай і ўвечары. Кожны панядзелак я перадаю ёй у СІЗА лекі. Цяжка ўсьведамляць, што такі разумны, таленавіты чалавек ужо 11 месяцаў знаходзіцца ў турме», — бацька паміж словамі робіць вялікія паўзы, бо ня можа стрымаць сьлёз.

«З 1 ліпеня я перажыла пекла, абсалютнае, унутранае»

З пачатку ліпеня палітвязьням настойліва пачалі прапаноўвалі напісаць прашэньні аб памілаваньні. Ксенія адмаўлялася, бо лічыла, што раскайвацца ёй няма ў чым. Вельмі перажывала, пакутавала маральна. Двойчы адмовілася, кажа бацька.

«Я гатовая зрабіць усё, каб ад’яднацца зь сям’ёй. Душа разарваная на тысячы кавалкаў. З 1 ліпеня я перажыла пекла, абсалютнае, унутранае. Але спрабую неяк паціху склейваць», — пісала Ксенія ў адным зь лістоў бацьку.

Выпадкова даведалася, перасекшыся ў мэдсанчастцы зь Юліяй Слуцкай, што затрыманыя ў справе «Прэс-клюбу» (да якой у мэдыя памылкова пастаянна далучалі і Ксенію) напісалі прашэньні аб памілаваньні. Па словах бацькі, яна перажыла яшчэ адно расчараваньне.

23 жніўня 2021 году, у дзень, калі на волю выпускалі прэс-клюбаўцаў, Алег Луцкін таксама чакаў, спадзяваўся на цуд. Ксенія ня выйшла.

17 верасьня, калі выпускалі яшчэ адну партыю палітвязьняў па так званай амністыі, Алег Луцкін сядзеў у машыне пад Валадаркай. Зноў спадзяваўся, што выйдзе і ягоная дачка. Цуду не адбылося.

«Сэрца разрываецца, што я не магу абняць свайго сына. Але вельмі рада, што хоць хтосьці адсюль выйшаў», — пісала Ксенія бацьку ў верасьні.

Пэўны час Ксенія Луцкіна знаходзілася ў адной камэры з галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай. Потым іх разлучылі. Празь нейкі час зноў трапілі ў адну «кватэру», вельмі ўзрадаваліся, абняліся. Некалькі дзён таму зноў разьвялі па розных «кватэрах», кажа Алег Луцкін.

«Галоўнае сонца ў чалавека ня звонку, а ўнутры»

Алег Луцкін пазнаёміўся з роднымі і блізкімі іншых палітзьняволеных. Пасябраваў з бацькам Марыі Калесьнікавай. Захапляецца жонкай Ігара Лосіка Дашай, яе вытрымкай, сілай волі. У Ксеніі Луцкіной і Ігара Лосіка даволі працяглы час быў адзін адвакат, які цяпер пастаянна ў Гомлі, на вялікім працэсе ў Ігара...

«Даша Лосік сама яшчэ дзіця ў маім разуменьні, ёй няма і 30 гадоў, але яна такая моцная! Яна так б’ецца за свайго мужа! Такіх жонак — адзінкі, толькі нашы беларускія дзяўчаты могуць так кахаць і так змагацца за свайго мужа», — кажа Алег Луцкін.

Бацька стараецца падняць настрой дачцэ: нядаўна адправіў бандэроль зь дзіцячымі заколкамі-крабікамі для валасоў.

«Шчыра, даўно так не сьмяялася :) Ад душы! Столькі сэрцайкаў. І матылькі. Вельмі забаўна. Выдатна падыходзяць для 5-10-гадовай дзяўчынкі. З ружовым сэрцайкам у валасах і хаджу», — напісала яна.

Ксенія з турмы піша вельмі аптымістычныя лісты сябрам. На аркушы заўсёды пакідае свой фірмовы лягатып: чырвонае сэрцайка і подпіс: «Усё будзе добра».

Зь ліста Ксеніі Луцкіной сяброўцы:

«Галоўнае сонца ў чалавека ня звонку, а ўнутры. Ад яго і ўсьмешкі ў вачах, адсутнасьць жаху перад нечым новым, і ўменьне любіць, не баяцца нічога! Трымайцеся! І ўсьміхайцеся кожнаму новаму дню».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG