Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO: міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Паўночнаатлянтычны альянс пільна адсочвае міграцыйную сытуацыю на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама надзвычайную канцэнтрацыю Расеяй сваіх войскаў на мяжы з Украінай.

«Я не магу дэталёва казаць пра дадзеныя выведкі, каб не павялічваць напружанасьць. Але мы павінны быць рэалістамі і разумець, зь якімі выклікамі мы сутыкаемся. І тое, што мы бачым, — велічэзнае павелічэньне вайсковай сілы каля Ўкраіны. Такую мэтадалёгію Расея ўжо выкарыстоўвала раней, каб праводзіць свае агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам.

Енс Столтэнбэрг дадаў, што пакуль прамой пагрозы для краін NATO няма. «Але мы бачым, што ёсьць цяжкая сытуацыя на мяжы сябраў альянсу — Польшчы і Літвы. Падобная сытуацыя ёсьць і ў Латвіі. NATO салідарная з гэтымі краінамі, і мы асуджаем тое, што робіць рэжым Лукашэнкі, выкарыстоўваючы мігрантаў цэлымі сем’ямі зь дзецьмі, выкарыстоўваючы іх, каб праводзіць такія гібрыдныя дзеяньні супраць чальцоў NATO», — адзначыў ён.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць актываваць 4 артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы, у якім гаворка ідзе аб супрацы ў выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці краінам-чальцам арганізацыі, Енс Столтэнбэрг сказаў:

«Мяркую, што неабходна пракансультавацца з чальцамі альянсу, і таксама з Эўрапейскім Зьвязам. Я буду сустракацца зь міністрамі абароны Эўрапейскага Зьвязу заўтра. Мы пастаянна знаходзімся ў кантакце зь лідэрамі Эўразьвязу».

Генэральны сакратар NATO таксама зьвярнуў увагу на адначасовасьць усіх падзеяў на мяжы з краінамі альянсу — міграцыйны крызіс, павелічэньне вайсковай прысутнасьці Расеі каля Ўкраіны і на Балканах. «Гэта ўсё адбываецца адначасова. Мы павінны сачыць за сытуацыяй і заўсёды быць гатовымі на яе адрэагаваць», — адзначыў ён.

У сваю чаргу, міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба дадаў, што на сустрэчы абмяркоўвалася сытуацыя зь бясьпекай на мяжы зь Беларусьсю. «Вядома, чым больш пагрозаў з розных напрамкаў, тым больш небясьпечная сытуацыя. Але мне хацелася б запэўніць, што ўкраінскі ўрад робіць усе захады, супрацоўнічае са сваімі найбліжэйшымі партнэрамі, каб узмацніць нашу абарону на паўночным флянгу з тым, каб забясьпечыць абарону нашай краіны з усіх бакоў», — падкрэсьліў ён.

«Расейскія вайсковыя манэўры, энэргетычны крызіс у Эўропе, драматычнае выкарыстаньне мігрантаў як зброі на межах Беларусі з Польшчай і Літвой ды масіўная дэзынфармацыя павінны разглядацца ў адзіным комплексе, бо ўсё гэта элемэнты гібрыднай вайны Расеі супраць Эўропы і эўраатлянтычнай супольнасьці», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG