Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белэнэрга» анулявала ўсе кантракты на пастаўку электраэнэргіі ва Ўкраіну


Дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне «Белэнэрга» накіравала ўкраінскім партнэрам ліст аб ануляваньні ўсіх заключаных раней кантрактаў на пастаўку беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.

«[Дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне] „Белэнэрга“ паведамляе, што зь лістапада 2021 году пастаўкі электрычнай энэргіі ў Аб’яднаную энэргетычную сыстэму Ўкраіны на падставе раней заключаных рамачных кантрактаў ажыцьцяўляцца ня будуць. Заключэньне новых рамачных кантрактаў таксама не плянуецца. Дзякуем за супрацу і зацікаўленасьць у набыцьці беларускай электрычнай энэргіі», — гаворыцца ў лісьце, які падпісаў генэральны дырэктар кампаніі «Белэнэрга» Павал Дрозд.

Як вынікае з дакумэнту, абнародаванага адным з украінскіх інтэрнэт-выданьняў, ліст датаваны 8 лістапада.

Паводле інфармацыі нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», сёньня Беларусь паставіла ва Ўкраіну 9,2 мільёна кВт на гадзіну.

Пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну распачаліся 6 лістапада зь невялікіх аб’ёмаў — усяго 5 МВт на гадзіну. Гэтыя пастаўкі ажыцьцяўляла кампанія «Тет груп», якую стварыў Віталь Бутэнка — адзін з былых мэнэджэраў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава.

Да гэтага «Тет груп» ніколі не займалася пастаўкамі электраэнэргіі.

У кастрычніку стала вядома, што кампанія Рыната Ахметава «Д.ТРЕЙДІНГ» на падставе ўзаемнай дамоўленасьці, а ня конкурсу, як патрабуе ўкраінскае заканадаўства, атрымала права на забесьпячэньне электраэнэргіяй гэтак званых «тупіковых зон» — населеных пунктаў у беларускім і ўкраінскім памежжы.

Як адзначалася ў адным з судовых рашэньняў, канкурэнты Ахметава западозрылі ягоную кампанію ў тым, што, ажыцьцяўляючы такі ператок, яна набывала электраэнэргію ў «Белэнэрга» і прадавала яе ў Аб’яднаную энэргетычную сыстэму Ўкраіны, падштурхоўваючы да павелічэньня цаны на ўнутраным украінскім рынку і дэстабілізуючы энэргетычны рынак Украіны.

Нацыянальная камісія Ўкраіны, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі, вымушаная была правесьці праверку, па выніках якой кампанію Ахметава аштрафавалі на 85 тысячаў грыўняў (3200 даляраў у эквіваленце) за маніпуляцыі на рынку — штучнае стварэньне попыту на электраэнэргію, што выклікала павелічэньне цаны. Але зь цягам часу суд прызнаў гэтае рашэньне незаконным і пастанавіў вярнуць кампаніі ўкраінскага мільярдэра сплачаны штраф.

А вось Беларусь, дакладней — кампанія «Белэнэрга», у чэрвені 2020-га накіравала ў «Д.ТРЕЙДІНГ» ліст-падзяку за забесьпячэньне электраэнэргіяй памежных раёнаў Беларусі.

Цяпер улады Ўкраіны абвінавачваюць шэраг вугальных ЦЭС, якія таксама належаць Рынату Ахметаву, у стварэньні энэргетычнага крызісу, бо своечасова не закупілі вугаль, у выніку чаго большасьць блокаў цеплаэлектрастанцый спынілі сваю працу.

Украінскія ЦЭС і ЦЭЦ выпрацоўваюць больш як 30 адсоткаў электраэнэргіі.

2 лістапада Беларусь аказала Ўкраіне аварыйную дапамогу электраэнэргіяй магутнасьцю 500 МВт.

Украіна плянавала з 1 лістапада аднавіць камэрцыйныя пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і правяла са свайго боку адпаведныя аўкцыёны. «Белэнэрга» аўкцыёнаў па продажы электраэнэргіі не абвяшчала.

Сэзонныя закупкі электраэнэргіі за мяжой патрэбныя Ўкраіне, каб збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі зь недахопам антрацытавага вугалю, на якім працуюць цеплаэлектрастанцыі. Дэфіцыт гэтага паліва зьявіўся пасьля пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, дзе знаходзіцца большая частка шахтаў, на якіх здабываюць антрацытавы вугаль.

Паводле «Укренерго», на пачатку лістапада на аварыйны рамонт пераведзена 5 блёкаў ЦЭС і ЦЭЦ агульнай магутнасьцю 1,26 ГВт. Апроч таго, праз дэфіцыт вугалю на поўную магутнасьць ня могуць працаваць яшчэ 23 блёкі ЦЭС.

Запасы антрацытавага вугалю складаюць усяго 139,9 тысячы тон зь неабходных трох мільёнаў.

Раней антрацытавы вугаль пастаўляўся пераважна з Расеі, у тым ліку і той, што здабываецца на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG