Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Усясьветны дзень супраць фашызму і антысэмітызму


Помнік дзецям, расстраляным у Бабіным Яры, Кіеў
Помнік дзецям, расстраляным у Бабіным Яры, Кіеў

Падзеі 9 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

9 лістапада 1938 году нямецкія нацысты ўчынілі габрэйскі пагром, які ўвайшоў у гісторыю як «Крышталёвая ноч». У гэты ж дзень у 1941 годзе нацысты расстралялі паўтары тысячы габрэяў у беларускім мястэчку Мір. У наш час 9 лістапада адзначаецца Ўсясьветны дзень супраць фашызму і антысэмітызму.

Таксама ў гэты дзень

1512 — Францішак Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара мэдычных навук.

Instagram Скарыны. Жыцьцё першадрукара ў 13 падарожжах

1794 — у выніку падаўленьня антырасейскага паўстаньня ў Рэчы Паспалітай 1794 г. расейскай арміяй капітулявалі абаронцы Варшавы.

1989 — пачаўся дэмантаж Бэрлінскага муру.

1994 — у Нямеччыне быў штучна сынтэзаваны хімічны элемэнт з атамным нумарам 110, які атрымаў назву дармштат (ад назвы гораду, у якім яго сынтэзавалі).

У гэты дзень нарадзіліся

1789 — Марцін Антоні Паўловіч, беларускі навуковец-геоляг.

1818 — Іван Тургенеў, расейскі пісьменьнік.

1922 — Нестар Сакалоўскі, беларускі кампазытар, аўтар музыкі гімну БССР.

1961 — Юры Завадзкі, прадпрымальнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху

1962 — Аляксей Мельнікаў, літаратуразнаўца, гісторык

Як арнамэнт з сям’і «ворагаў народу» трапіў на дзяржаўны сьцяг

У памяці

1737 — Вінцэнт Пётар Валовіч, дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1918 — Гіём Апалінэр, францускі паэт беларускага паходжаньня.

1941 — Генрых Глябовіч, беларускі рэлігійны дзеяч.

1952 — Хаім Вэйцман, першы прэзыдэнт Ізраілю.

1970 — Шарль дэ Голь, францускі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, лідэр францускага супраціву ў часы Другой сусьветнай вайны, прэзыдэнт Францыі (1959-1969).

2015 — Віктар Сырыца, гісторык

2018 — Уладзіслаў Ахроменка, пісьменьнік, кінасцэнарыст

Адну зь ягоных кніжак мая рука заўсёды імгненна знаходзіць на застаўленых у два шэрагі хатніх кніжных паліцах. Тут не абыходзіцца бязь містыкі. Яно й нядзіва: кніга называецца — «Здані і пачвары Беларусі». Яна, выдадзеная ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам у 1995-м пад псэўданімамі Францішак Юр і Марцін Хлус, абяцала ў уступе сустрэчу «зь першым у Беларусі навуковым дасьледаваньнем арэалаў і ладу існаваньня звышнатуральных істотаў». Кніга сталася эпатажным, але яскравым узорам беларускай несавецкай літаратуры. Ад старонак сьвежа павявала блізкім знаёмствам аўтараў і з трансцэндэнтальнымі зьявамі, і з айчыннай гісторыяй ды клясычным прыгожым пісьменствам. Досыць узгадаць імёны пэрсанажаў: Прывід сібірскага ката князя Паскевіча, Гаўляйтэр і Пакаёўка, Русалка Камсамольскага возера, Палескія Рабінзоны і Міколка Паравоз, што ўжо ў наш час падбухторваў на страйкі аршанскіх чыгуначнікаў.

Потым знайшлі чытача таксама народжаныя разам з Клімковічам-Юрам вострасюжэтны кінараман «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» і апокрыф-правакацыя «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша». У творчай адзіноце Ўладзіслаў напісаў «Тэорыю змовы», якая важка прэтэндавала на прэмію Гедройця, а затым кнігу «Музы і сьвіньні» (яе параўноўвалі зь «Легендамі Неўскага праспэкту» Міхаіла Велера).

Калі пачалася неабвешчаная вайна ў Украіне, Уладзіслаў Ахроменка, жывучы зь сям’ёй у Чарнігаве, запісаўся добраахвотнікам у войска, хадзіў на баявыя дзяжурствы на мяжы з акупаваным Крымам і быў звольнены ў запас толькі з прычыны таго, што меў непаўналетнюю дачку.

Апошні раз мы сустрэліся ў Купалаўскім тэатры на прэм’еры пастаўленага Мікалаем Пінігінам спэктаклю «Дзьве душы» паводле аповесьці Максіма Гарэцкага. Аўтарам драматургічнай вэрсіі зноў жа быў суладны дуэт Ахроменка — Клімковіч.

На той час Уладзіслаў заняўся росшукамі ў архіве СБУ Чарнігаўскай вобласьці, дзе знайшоў дзясяткі справаў беларусаў, асуджаных за антысавецкую дзейнасьць ад 1919 да 1991 году. Ён, у прыватнасьці, даведаўся: пры канцы 1980-х КГБ, баючыся перабудовачна й адлігі, актыўна зьнішчаў дакумэнты, датычныя завэрбаванай агентуры. А вось сьведчаньняў пра пазаштатных стукачоў ды іхні энтузіязм захавалася багата. Не пасьпеў інжынэр Маліноўскі ў кампаніі выказацца пра адсутнасьць у СССР сапраўдных выбараў і асудзіць увод войскаў у Аўганістан, як на «ворага» цягам тыдня прыйшло 15 даносаў. Камандзір корпусу, герой грамадзянскай вайны на першым ж допыце здаў усіх, пра каго пыталіся, і атрымаў 25 гадоў, а маладзенькая настаўніца з-пад Полацку нікога не агаварыла, на судзе назвала НКВД бандаю катаў, і была асуджаная на тэрмін у пяць разоў меншы. Не ламаўся ў сярэднім адзін зь дзесяці.

Архіўную кнігу Ўладзіслава я чакаў яшчэ больш, чым пачатую ім антыўтопію «Выкрадальнікі гукаў»…

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне. С.730-731.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG