Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве каля парлямэнту пратэстуюць COVID-дысыдэнты, сярод іх былая дэпутатка Надзея Саўчанка


Пратэст антыпрышчэпачнікаў у Кіеве, 3 лістапада 2021
Пратэст антыпрышчэпачнікаў у Кіеве, 3 лістапада 2021

Некалькі тысяч жыхароў Кіева прыйшлі пад сьцены Вярхоўнай Рады Ўкраіны, пратэстуючы супраць абмежаваньняў, уведзеных украінскім урадам з прычыны імклівага пашырэньня каранавірусу.

З 1 лістапада карыстацца грамадзкім і міжрэгіянальным транспартам можна толькі пры наяўнасьці сэртыфікату аб вакцынацыі, нэгатыўнага выніку тэсту або даведкі аб ачуньваньні пасьля каранавіруснай інфэкцыі.

«Я прыйшоў на акцыю, бо выступаю супраць прымусовай вакцынацыі. Мы ня ведаем дакладна, якія кампанэнты выкарыстаныя пры вытворчасьці вакцын», – сказаў Вадзім, адзін з удзельнікаў пратэсту.

Кіяўлянка Ганна дадала, што лічыць такую імунізацыю парушэньнем правоў чалавека. Адметна, што ўсе ўдзельнікі акцыі не выконваюць элемэнтарных супрацьэпідэмічных захадаў — яны ня маюць масак і не трымаюць дыстанцыі.


Сярод ковід-дысыдэнтаў — і вядомая палітык і актывістка Надзея Саўчанка. Пасьля ўвязьненьня ў Расеі, куды яе вывезьлі з зоны баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, Надзею Саўчанку ўзнагародзілі званьнем Героя Ўкраіны.

22 кастрычніка Надзею разам зь яе сястрой Верай затрымалі ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» з падробленымі сэртыфікатамі аб вакцынацыі прышчэпкай Pfizer. Цяпер ім пагражае крымінальная адказнасьць.

«Чаму сёньня выйшлі людзі? Таму што парушаюцца правы чалавека, і гэта ўжо зразумела ўсім. У грамадзтве адбываецца сэгрэгацыя людзей паводле клясавага прынцыпу непаўнавартасьці — вакцынаваных называюць элітай, а людзей, якія не прышчапіліся або праз стан здароўя, або празь недавер да вытворцаў вакцын і ўлады, або проста праз адсутнасьць магчымасьці прышчапіцца, пераводзяць у ніжэйшы ранг. І гэта робіць сама дзяржава», — заявіла Надзея Саўчанка.

На шляху да парлямэнту ўдзельнікі акцыі перашкаджалі аўтамабільнаму руху — яны, не спыняючыся, пераходзілі дарогу па некалькі разоў у розных кірунках, а таксама спрабавалі блякаваць падземныя пераходы.

Што адказалі ўлады антываксэрам

Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко назваў гэтую акцыю пратэсту «насьмешкай» над мэдыкамі і сем’ямі, у якіх блізкія памерлі ад каранавірусу.

«Паверце, у рэанімацыях гэты антывакцынатарскі дух хутка зьнікае, а падробленыя сэртыфікаты там не працуюць. Вельмі хачу, каб вы гэта ўсьвядомілі менавіта цяпер», — заявіў ён на брыфінгу 3 лістапада.

Колькі ковід-дысыдэнтаў ва Ўкраіне

Сацыялягічная лябараторыя «Рэйтынг» 2 лістапада абнародавала вынікі апытаньня, паводле якіх 43% рэспандэнтаў заявілі, што не гатовыя вакцынавацца. 36% паведамілі, што ўжо вакцынаваліся першай або дзьвюма дозамі прышчэпкі, а 18% апытаных заявілі пра гатоўнасьць прышчапіцца.

Як адзначаюць сацыёлягі, у параўнаньні зь ліпенем, калі 53 % апытаных выступалі супраць прышчэпак, ляяльнасьць украінцаў да вакцынацыі павялічылася. У той жа час дасьледчыкі адзначаюць, што сярод моладзі найбольш тых, хто не жадае вакцынавацца.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, за мінулыя суткі выявілі 23 393 новыя выпадкі інфікаваньня каранавірусам і 720 сьмяротных выпадкаў. Шпіталізавалі 5935 хворых — гэта рэкордная колькасьць цягам усёй эпідэміі. Адначасова мэдыкі зафіксавалі рэкордную колькасьць вакцынаваных — за мінулыя суткі прышчэпкі зрабілі 310 439 грамадзян. Усяго ва Ўкраіне цалкам імунізаваныя 7 596 587 грамадзян з 41 342 500 агульнай колькасьці насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG