Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не знаёмыя і не запрашалі». У Кіеве расказалі падрабязнасьці пра сустрэчу з Васкрасенскім і забарону яму наведваць Украіну


Падчас Кіеўскага міжнароднага эканамічнага форуму
Падчас Кіеўскага міжнароднага эканамічнага форуму

Служба бясьпекі Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб забароне Юрыю Васкрасенскаму ўезду на тэрыторыю Ўкраіны на тры гады яшчэ 30 верасьня, але, нягледзячы на гэта, ён змог 7 кастрычніка наведаць Кіеў.

Рашэньне аб забароне яму абвясьцілі толькі 21 кастрычніка, калі ён другі раз спрабаваў уехаць на ўкраінскую тэрыторыю.

Сам Васкрасенскі заяўляў, што першы раз, 7 кастрычніка, ён прыяжджаў для ўдзелу ў Кіеўскім міжнародным эканамічным форуме, на які яго запрасіў кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.

«Пагроза нацыянальнай бясьпецы»

У Службе бясьпекі Ўкраіны пацьвердзілі, што галоўным матывам забароны на наведваньне Ўкраіны стала пагроза нацыянальнай бясьпецы на падставе адпаведнай інфармацыі контравыведкі. Але не ўдакладнілі матывацыю і падзеі, якія папярэднічалі гэтаму рашэньню.

Тое, што Юры Васкрасенскі змог наведаць Украіну ўжо пасьля ўхваленьня рашэньня аб забароне, у СБУ патлумачылі тэхнічнымі прычынамі: Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны несвоечасова атрымала рашэньне СБУ, таму рэалізаваць яго змаглі толькі пры другой спробе Юрыя Васкрасенскага ўехаць на ўкраінскую тэрыторыю — 21 кастрычніка.

На форум не запрашалі

У арганізацыйным камітэце Кіеўскага міжнароднага эканамічнага форуму Свабодзе паведамілі, што не запрашалі Юрыя Васкрасенскага для ўдзелу.

«Мы яго дакладна не запрашалі, і сярод сьпікераў яго не было. Ці прысутнічаў ён на дыскусіях? Тэарэтычна магчыма, калі ён набыў адпаведны сэртыфікат, то бок квіток», — удакладнілі ў арганізацыйным камітэце.

Квіток можна было набыць за 5 тысячаў грыўняў (крыху менш за 200 даляраў у эквіваленце). Наяўнасьць квітка дазваляла прысутнічаць на панэльных дыскусіях, на нэтворкінг-вечарынах і мець доступ да кава-брэйкаў на форуме. Але такі квіток не адкрываў доступу да VIP-зоны і на прыёмы з удзелам запрошаных сьпікераў.

«Сустрэча трывала хвілін 20»

Кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія ня мае ніякіх сяброўскіх дачыненьняў зь Юрыем Васкрасенскім і таксама не запрашаў яго на Кіеўскі міжнародны эканамічны форум.

Як паведаміла Свабодзе Юлія Палійчук, прэсавая сакратарка Давіда Арахаміі, іх пазнаёміў колішні дэпутат фракцыі Яўген Шаўчэнка (яго выключылі з фракцыі пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. — РС).

Давід Арахамія, кіраўнік праўладнай фракцыі ў парлямэнце, зь якім сустракаўся Юры Васкрасенскі
Давід Арахамія, кіраўнік праўладнай фракцыі ў парлямэнце, зь якім сустракаўся Юры Васкрасенскі

«Шаўчэнка прадставіў Васкрасенскага лідэрам беларускай апазыцыі, які займаецца вызваленьнем палітвязьняў. І папрасіў Давіда зь ім сустрэцца. Гэтая сустрэча адбылася, яна трывала хвілін 20. Ніякіх дамоўленасьцяў не было. Давід яго паслухаў, запытаў, чым можна дапамагчы вызваліць палітвязьняў, і ўсё. А пасьля сустрэчы Васкрасенскі папрасіў дазволу сфатаграфавацца зь ім. Давід пагадзіўся, але папярэдзіў, што (здымак) толькі для асабістага архіву. Васкрасенскі пагадзіўся, а потым гэты фатаздымак апублікаваў», — удакладніла Юлія Палійчук.

Юлія Палійчук падкрэсьліла, што ніякай супрацы зь Юрыем Васкрасенскім няма.

«Была адна невялікая сустрэча, і ні пра які міжнародны эканамічны форум размовы не было. Давід Арахамія і сам не прысутнічаў на гэтым форуме. Як ён мог на яго некага запрашаць? Яны не былі знаёмыя раней».

Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Юры Васкрасенскі зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зьняволеньня. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.

Цяпер ён займаецца пасярэдніцтвам у справе «амністыі» палітвязьняў узамен на пісьмовыя пакаяньні. Зь першай сотні кандыдатаў на вызваленьне былі ўхваленыя 13 чалавек, а разгляд другой яшчэ не пачынаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG