Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбылася ліквідацыя адвакацкіх бюро і прыватнай адвакацкай практыкі». Лаеўскі — пра «карную апэрацыю» і сыход траціны адвакатаў з прафэсіі


Дзьмітры Лаеўскі. Ліпень 2021.
Дзьмітры Лаеўскі. Ліпень 2021.

Ці застанецца Віктар Бабарыка і іншыя палітвязьні бяз права на абарону? Што адзначаюць для абаронцаў палітвязьняў зьмены ў заканадаўстве аб адвакатуры, якія набылі моц 30 кастрычніка 2021 году? І чаму цяпер самім адвакатам патрэбная абарона?

Пра гэта ды іншае ў эфіры Свабоды Premium гаворым зь вядомым адвакатам Дзьмітрыем Лаеўскім, якога ў ліпені выключылі з Калегіі адвакатаў праз два дні пасьля абвяшчэньня прысуду Віктару Бабарыку, якога ён абараняў.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Адвакаты — людзі, якія бароняць чалавека ад дзеяньняў уладаў, але сёньня самім адвакатам патрэбная абарона. І яна — у неабыякавым стаўленьні грамадзтва.
  • Некаторыя гавораць пра рэформу адвакатуры. Гэта не рэформа, гэта карная апэрацыя. У адпаведнасьці са зьменамі ў заканадаўстве адбылася ліквідацыя адвакацкіх бюро і прыватнай адвакацкай практыкі.
  • Прыкладна 30 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі за прафэсійную дзейнасьць цягам апошняга году. Частка адвакатаў будзе сыходзіць з адвакатуры сама, бо яны ня згодныя працаваць ва ўмовах юрыдычных кансультацый.
  • Так званая рэлякацыя адвакатаў з адвакацкіх бюро ў юрыдычныя кансультацыі закранае дзесьці траціну адвакатаў. Немагчыма працаваць эфэктыўна, і людзі робяць выбар — сысьці з прафэсіі.

Фрагмэнты размовы зь Дзьмітрыем Лаеўскім

Што азначае для Віктара Бабарыкі пазбаўленьне ўсіх адвакатаў

— Нас пазбавілі магчымасьці практыкаваць, а Віктара Дзьмітрыевіча пазбавілі людзей, якім ён давяраў, якіх ён абраў. Гэта можна разглядаць як псыхалягічны ціск ня толькі на яго, але і на іншых палітвязьняў. Створаная дадатковая перашкода на шляху Віктара Бабарыкі да вызваленьня. Мы не прызнаём прысуд яму прававым, мы кажам, што ён незаконны і неабгрунтаваны.

Ці можа Бабарыка наняць новага адваката

— Гэта будзе рабіцца ў любым выпадку, але не адмяняе таго, што адхіленьне нас ад працы парушыла правы Віктара Дзьмітрыевіча. Гэта пэўнае выйсьце, але наўрад ці яго можна назваць эквівалентам. І гэта не такая простая рэч — знайсьці новага адваката. Мае калегі, якія маюць сьмеласьць змагацца за свайго падабароннага, ужо рызыкуюць з гэтай прычыны. Тэндэнцыя апошняга часу, калі адвакатаў раптам адхіляюць, ня можа не аказваць уплыву на маральны стан і тых, хто застаецца ў прафэсіі.

Чаму грамадзтву трэба выступаць у абарону адвакатаў

— Стаўленьне грамадзтва можа пэўным чынам уплываць і замарудзіць гэты працэс страты добрых адвакатаў. Асьвятленьне гэтай праблемы ў СМІ, абмеркаваньне яе, выказваньне любымі грамадзкімі ініцыятывамі крытыкі ў адносінах да таго, што адбываецца, будзе паказваць уладам, што грамадзтва ня згоднае. У пэўным сэнсе магчымасьці ўжо страчаныя. Калі б мы змаглі мабілізавацца і выказацца супраць пазбаўленьня ліцэнзіі адвакатаў год таму, калі ўсё гэта пачыналася, магчыма, гэта мела б эфэкт. Сёньня гэта стала нормай для людзей, якія перасьледуюць адвакатаў.

Я неяк не зафіксаваў да сёньняшняга часу, каб былі патрабаваньні з боку грамадзкасьці да ўладаў спыніць перасьлед адвакатаў. Ёсьць незадаволенасьць у людзей, асабліва ў сваякоў тых, хто губляе абаронцаў, але гэта не атрымлівае нейкай аб’ектыўнай формы, не гучыць. Я думаю, што калі б гучалі канкрэтныя патрабаваньні спыніць перасьлед, аднавіць ліцэнзіі, гэта было б вельмі істотна. У гэтым кірунку можна разглядаць магчымую дапамогу для адвакатуры. Адвакаты — гэта людзі, якія бароняць чалавека ад дзеяньняў уладаў, але сёньня самім адвакатам патрэбная абарона. І яна — у неабыякавым стаўленьні грамадзтва.

Што азначаюць зьмены ў заканадаўстве аб адвакатуры, якія набылі моц 30 кастрычніка

— Гэта палітычна матываваныя зьмены. Некаторыя цяпер кажуць пра рэформу адвакатуры. Гэта не рэформа, гэта карная апэрацыя. У адпаведнасьці з гэтымі зьменамі адбылася ліквідацыя адвакацкіх бюро і прыватнай адвакацкай практыкі. Маё адвакацкае бюро было вымушанае прыняць рашэньне пра ліквідацыю, як і ўсе іншыя адвакацкія бюро. Адбываецца прымусовы «загон» адвакатаў зь бюро ў юрыдычныя кансультацыі.

Як гэта паўплывае на працу адвакатаў

— У Міністэрства юстыцыі цяпер неабмежаваныя паўнамоцтвы ў дачыненьні да адвакатаў. Мін’юст іх можа рэалізоўваць як праз органы адвакацкага самакіраваньня, так і непасрэдна сваімі ўласнымі рукамі, і праз загадчыкаў юрыдычных кансультацый, у якіх з 1 лістапада ўсе адвакаты працуюць. У адвакацкіх бюро адвакаты, якія абаранялі палітвязьняў, былі больш незалежныя. Як мінімум, бюро кіраваў кіруючы партнэр, кандыдатура якога не ўзгаднялася зь Міністэрствам юстыцыі, то бок адвакаты, якая зьбіраліся ў адвакацкае бюро, самі вызначалі, хто будзе кіраваць.

А загадчыка юрыдычнай кансультацыі прызначаюць з узгадненьнем Міністэрства юстыцыі. Пэрсанальны склад рады тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў вызначаюць па ўзгадненьні зь Мін’юстам, як і старшыню калегіі адвакатаў. За кошт гэтых трох ступеняў сфармаваўся такі мэханізм, што калі ўзьнікне патрэба паўплываць на адваката, які працуе ў юрыдычнай кансультацыі і абараняе палітвязьняў, то гэта можна зрабіць. Напрыклад, загадчык юрыдычнай кансультацыі мае паўнамоцтвы ўплываць на графік адваката. Можна паставіць адваката дзяжурыць і фактычна гэтым не дазволіць яму займацца працай па іншых справах.

Якая роля адваката на палітычна матываваных працэсах

— Што такое палітычна матываваны працэс? Гэта выглядае як суд, але мае на мэце не разгляд нейкага злачынства (найхутчэй, злачынства ўвогуле не было), а выключэньне чалавека з грамадзка-палітычнай дзейнасьці. З гэтага пункту гледжаньня даволі наіўна спадзявацца, што прысуд у дачыненьні да Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі ці іншых — прадукт рэальнай судовай дзейнасьці. Людзі часта кажуць, што быццам неістотна, ці ёсьць адвакат, бо ён ні на што не ўплывае. Я не зусім з гэтым магу пагадзіцца.

Як мы пабачылі на справе Віктара Бабарыкі, нашае пазбаўленьне прафэсіі і права практыкаваць — сьведчаньне таго, што нават сёньня гэтыя публічныя, прававыя абгрунтаваньні і аргумэнтацыя палохаюць тых, хто ня хоча кіравацца законам. Нам здаецца, што ім усё роўна, але так выглядае, што ня ўсё роўна. У працэсах ключавых вязьняў фігура і місія адваката мае сэнс. І без адвакатаў гэтыя людзі аказваюцца ў вельмі бяспраўным становішчы.

Дзьмітры Лаеўскі і ягоны падабаронны палітвязень Алесь Бяляцкі. Лістапад 2011 году.
Дзьмітры Лаеўскі і ягоны падабаронны палітвязень Алесь Бяляцкі. Лістапад 2011 году.

Адна справа — абстрактна гаварыць пра перасьлед за погляды, а калі маеш рэальнае пісьмовае абгрунтаваньне з фактамі і доказамі, гэта зусім іншае. Калі мы кажам, што дачакаемся часоў, калі будзе перагляд справаў, то такое пісьмовае абгрунтаваньне, што робяць адвакаты ў гэтых працэсах, — гэта бадай што апраўдальны вырак, які проста потым трэба будзе ўзяць і зафіксаваць. І людзі будуць рэабілітаваныя.

Якія маштабы перасьледу адвакатаў, якія абараняюць палітвязьняў

— Прыкладна 30 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі за прафэсійную дзейнасьць цягам апошняга году. Частка адвакатаў будзе сыходзіць з адвакатуры сама, бо яны ня згодныя працаваць ва ўмовах юрыдычных кансультацый. Некаторыя пакуль будуць заставацца, але могуць сысьці, калі скончаць абарону сваіх падабаронных палітвязьняў. Так званая рэлякацыя адвакатаў з адвакацкіх бюро ў юрыдычныя кансультацыі закранае дзесьці траціну адвакатаў. Немагчыма працаваць эфэктыўна, і людзі робяць выбар — сысьці з прафэсіі.

Ці дапамогуць палітвязьням прызначаныя дзяржавай адвакаты

— Падчас судовага працэсу і сьледзтва чалавек, які знаходзіцца ў статусе абвінавачанага, можа заявіць патрабаваньне, і яму дзяржава абавязаная забясьпечыць так званага прызначанага абаронцу. Я ня чуў, каб такіх бракавала. Наколькі гэта эфэктыўна? Уявім, што палітвязьняў 2 тысячы, а ў нас адвакатаў менш за 2 тысячы. Наколькі прызначаны абаронца будзе прыкладаць намаганьні для таго, каб нешта ў гэтай справе зварухнуць? Ня думаю.

Нават калі забыцца пра ўмовы і рызыку для прызначанага абаронцы, то адзін дзень ягонай працы аплачваецца ў памеры 32 беларускія рублі. Можна памножыць на 20 працоўных дзён у месяц, адняць падаткі, і атрымаецца лічба, якая не дазваляе задаволіць элемэнтарныя патрэбы. Пра гэта ніхто не гаворыць.

Кіраўніцтва адвакатуры, якое ператварыла і ператварае адвакатуру ў «камсамольскае фармаваньне», робіць выгляд, што грамадзтва забясьпечанае адвакатамі, а адвакаты маюць умовы для працы. Але якія гэта ўмовы? Калі чалавек зьяўляецца адвакатам і кожную хвіліну думае, як яму элемэнтарна пракарміцца, то ахвяраваць сабой дзеля падабароннага наўрад ці ён будзе. Можна «закрыць» дзіркі адвакатамі па прызначэньні, але гэта будзе вялікая праблема, якая становіцца ўсё больш адчувальнай.

Якія тры прафэсіі найбольш запатрабаваныя ў Беларусі

— Калі паглядзець на тое, чаму ў нашай краіне зараз небясьпечна, то я назаву тры прафэсіі, якія цяпер самыя небясьпечныя — сумленны прафэсійны судзьдзя, сумленны прафэсійны міліцыянт і сумленны прафэсійны доктар. Гэтыя прафэсіі вельмі запатрабаваныя. Каб у нас незалежна і прафэсійна дзейнічалі суды, усяго гэтага, у тым ліку і такой колькасьці палітвязьняў, у нас не было б. Але калі яны так будуць дзейнічаць, гэта для іх будзе вельмі небясьпечна. Што пра дактароў казаць! Не знаходзяцца цяпер людзі, якія маглі б адкрыта крытычна выказацца наконт адмены масачнага рэжыму. Так, вельмі запатрабаваныя цяпер судзьдзя, міліцыянт і доктар. Сумленныя і кампэтэнтныя.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG