Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасварыліся Лукашэнка і Пуцін? Тлумачыць намесьнік рэдактара Carnegie.ru


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Ці сапраўдныя дадзеныя апытаньня ВЦИОМ у Беларусі, апублікаваныя днямі расейскімі тэлеграм-каналамі? Хто прымаў рашэньне аб абнародаваньні гэтых дадзеных? Што азначае выпад беларускага прапагандыста Пуставога на адрас Пуціна? Ці будуць 4 лістапада падпісаныя саюзныя праграмы, як пра гэта абвяшчалася раней?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў.

Самарукаў

  • Я ня бачу нічога дзіўнага ў тым, што нейкія каляўладныя сацыялягічныя службы РФ вывучаюць грамадзкія настроі ў Беларусі.
  • Тыя дадзеныя ВЦИОМ, якія былі абнародаваныя, зусім кепскія, здаецца, яны нават горшыя, чым вынікі заходніх апытаньняў — Zois і Chatham House.
  • Можа і сапраўды ўсё настолькі кепска ў беларускай улады.
Максім Самарукаў
Максім Самарукаў
  • Характар абнародаваных дадзеных ВЦИОМ не дазваляе зрабіць выснову наконт іх сапраўднасьці.
  • Мяне асабліва нічога не зьдзівіла ў гэтых дадзеных.
  • Расейскія каляўладныя колы ніколі ня бралі на сябе абавязак любіць Лукашэнку.
  • Яны могуць нават сублімаваць сваю нелюбоў да расейскай улады на Аляксандра Рыгоравіча, бо гэта бясьпечна.
  • А чаму ва ВЦИОМе павінныя былі гарой уставаць за Лукашэнку? Яны калі ад нечай ласкі і залежаць, дык ад ласкі Крамля, а не ад ласкі Лукашэнкі.
  • Няма ніякага сакрэту ў тым, што многія ў расейскім кіраўніцтве ня любяць Лукашэнку.
  • Мы гэта бачылі і ў апошнія гады, і на працягу дзесяцігодзьдзяў.
  • І тое, што людзі ў расейскім кіраўніцтве, якія ня любяць Лукашэнку, спрабуюць падставіць яму падножку — што ў гэтым дзіўнага?
  • І «Хросных бацек» нехта рабіў, і канфлікты з амбасадарам Бабічам былі.
  • Я ня думаю, што наконт гэтага выцеку спыталіся асабіста ў Пуціна.
  • Вы перабольшваеце пагалоску ад гэтага выцеку. У Расеі гэта ня стала навіной.
  • Беларуская апазыцыя гэта абмяркоўвае. А што — раней ня ведалі, што з рэйтынгам у Лукашэнкі ня ўсё добра?
  • Няма падставаў беларускай апазыцыі рабіць з гэтага выцеку выснову — Масква за намі.
  • Масква шматгаловая. Хтосьці за вамі, а хтосьці не за вамі.
  • У што я ня веру — што гэта частка новай вялікай стратэгіі, што ў Крамлі сабралася нарада з прэзыдэнтам, распрацавалі стратэгію, першым крокам якой зьяўляецца публікацыя гэтых дадзеных ВЦИОМа.
  • Я не выключаю, што гэты выцек — адказ на ўласны выпад Лукашэнкі на адрас Пуціна, калі ён сказаў завуаляваную гадасьць пра Пуціна.
  • Лукашэнка сказаў на нядаўняй нарадзе, што ён паўсюль пускае людзей бяз масак і ПЛР-тэстаў.
  • І гэта чулі ўсе. І гэты выпад у бок Пуціна мог легітымізаваць выпад у ягоны бок.
  • Да таго як па беларускім тэлебачаньні прагучалі заявы пра «бункер» і «ботакс», быў выступ Лукашэнкі на ўрадавай нарадзе, дзе ён пахваліў нейкага міністра за тое, што той бяз маскі.
  • Лукашэнка тады сказаў, што ёсьць прэзыдэнты, да якіх два тыдні ня трапіш праз карантын.
  • Нешта падобнае гучала ў 2020 годзе, напярэдадні 9 траўня, маўляў, у расейскім кіраўніцтве баязьліўцы, а мы парад правядзем, нам памяць продкаў даражэйшая.
  • Беларускія прапагандысты на тое і беларускія, што працуюць на Лукашэнку.
  • І пачўушы такі сыгнал ад Галоўнага, чаму б на гэтым не згуляць?
  • Калі гэты выпад беларускага журналіста пра нешта сьведчыць, дык пра тое, што крыху перабольшаная вэрсія, што расейскія прапагандысцкія дэсанты кантралююць усе наратывы беларускай прапаганды.
  • Беларускія прапагандысты па-ранейшаму значна больш арыентаваныя на тое, што хоча пачуць Лукашэнка, чым на тое, што хоча пачуць Крэмль.
  • Што тычыцца арышту журналіста «Камсамольскай праўды», дык тут падыход Крамля такі — калі гэта не закранае расейскія інтарэсы, дык хай саджае каго хоча.
  • З усіх апошніх інфармацыйных нагодаў самая важная — гэта паведамленьне, што саюзныя праграмы могуць ня быць падпісаныя на пасяджэньні Вышэйшага савету «саюзнай дзяржавы» 4 лістапада.
  • З таго, што было апублікавана пра гэтыя саюзныя праграмы, вынікае, што нічога рэвалюцыйнага, кардынальна новага ў іх няма.
  • І нават у такім выглядзе гэтая інтэграцыя прабуксоўвае.
  • Ужо больш як год у Менску зьнікла магчымасьць якога б там ні было геапалітычнага манэўру, сувязі з Захадам, здавалася б, парваныя цалкам, залежнасьць ад Расеі поўная.
  • Але, нягледзячы на гэта, Расея ня можа праціснуць нават у такім мяккім, рэдукаваным выглядзе гэтыя інтэграцыйныя «мапы».
  • Мы раней пераацэньвалі значэньне заходняга фактару для супраціўленьня беларускага рэжыму ўсёй гэтай інтэграцыі.
  • Здавалася, што Менск можа супраціўляцца інтэграцыі толькі таму, што ён мае магчымасьць зблізіцца з Захадам.
  • Ніякага манэўру на Захад у беларускіх уладаў няма, але яны даволі пасьпяхова працягваюць адбрыквацца ад любога, нават сымбалічнага паглыбленьня інтэграцыі.
  • Беларуская сыстэма збудаваная так, што незразумела, як яна будзе працаваць, калі прыбраць Лукашэнку.
  • Для Крамля рызыкі захаваньня, кансэрвацыі сытуацыі ў Беларусі ніжэйшыя, чым рызыкі яе зьмены.

Што было раней

  • Шэраг СМІ і тэлеграм-каналаў апублікавалі закрытае апытаньне аб палітычных поглядах жыхароў Беларусі, якое, як сьцьвярджаецца, правёў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) для Міністэрства замежных спраў РФ.
  • Па выніках апытаньня, у сьпісе палітыкаў, да якіх беларусы ставяцца лепш за ўсё, лідзіруюць Марыя Калесьнікава (50%) і Віктар Бабарыка (48%), а таксама Сьвятлана Ціханаўская (46%).
  • Горш за ўсё, паводле апублікаваных дадзеных, беларусы ставяцца да старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай («антырэйтынг» 57%), Аляксандра Лукашэнкі (55%) і кіраўніка МЗС Уладзімера Макея.
  • Паводле дадзеных апытаньня, 76% апытаных беларусаў выступаюць за рашучыя эканамічныя рэформы, 66% — за зьяўленьне ў краіне новых палітычных партыяў, 65% — за пачатак перамоваў паміж уладай і апазыцыяй, 59% — за адхіленьне ад улады Лукашэнкі.
  • Дырэктар ВЦИОМ Валерый Фёдараў у размове з «Новой газетой» не адказаў наўпрост на пытаньне, ці праводзіў ВЦИОМ якія-небудзь апытаньні ў Беларусі апошні год і ці мае цэнтар дачыненьне да «закрытых» апытаньняў, апублікаваных у СМІ.
  • Вядучы беларускага дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Яўген Пуставой у сваёй перадачы «Палітыка бяз гальштукаў і купюраў» параўнаў Аляксандра Лукашэнку зь лідэрамі іншых краінаў, якія «падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі хаваюцца па бункерах».
  • Яшчэ ў адной рэпліцы пра Лукашэнку Пуставой зазначыў, што ў беларускага лідэра «бяссонныя ночы і перажываньні адбіваліся на твары. Ботаксам не карыстаецца».
  • 15 кастрычніка расейскі «Коммерсант» паведаміў, што Лукашэнка і Пуцін могуць не зацьвердзіць саюзныя праграмы 4 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG