Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэслаў Сэнюх, ён жа Чэслаў Любча


Чэслаў Сэнюх
Чэслаў Сэнюх

Уладзімер Арлоў піша пра Чэслава Сэнюха.

...Мы сядзелі з Чэславам у ягонай варшаўскай кватэры, і я, як зазвычай, насалоджваўся ягонай калярытнаю нязмушанай беларускай моваю. Мы падымалі келіхі за нядаўняе завяршэньне галоўнай перакладчыцкай працы гаспадара. Пераўвасабленьню «Новай зямлі» для польскага чытача (натхняльнікам гэтага гераічнага чыну быў Янка Брыль) Сэнюх аддаў цэлае дзесяцігодзьдзе — з 1991 да 2001-га.

Ён дасьціпна і хвостка апавядаў пра расейскі пераклад Сяргея Гарадзецкага, дзе зьнікалі нават не асобныя радкі, а цэлыя фрагмэнты, якія, маўляў, былі б незразумелыя тамтэйшаму чытачу. Нешта не разумеў, відаць, сам перакладчык, а нешта — ягоныя ідэалягічныя куратары. Ну як гэта просты дарэвалюцыйны беларускі лясьнік мае некалькі кароў, дзьве цялушкі, бычка, коней, сьвіней, а яшчэ й курэй зь іншай дробнай «живностью»? Непарадак! Беларус ва ўяўленьні «старшего брата» мусіў быць, напэўна, вечна галодным лапцюжнікам.

Чэслаў падчапіў на відэлец круглячок духмянай пханай пальцам каўбаскі і па памяці прадэклямаваў коласаўскі разьдзел пра Вялікдзень:

Ляжала шынка, як кадушка, / Румяна-белая пампушка, / Чырвона зьверху, сакаўная, / Між сьцёган, сала і грудзінак / Красуе ўсмажаны падсьвінак, / Чысьцюткі, сьвежы і румяны, / Як бы паніч той надзіманы. / Муштарда, хрэн — адно дзяржыся, / У рот паложыш — сьцеражыся! /А пірагі, як сонца, зьзялі, / I ў роце бабкі раставалі...

Ён прапанаваў знайсьці гэтую амаль раблезіянскую карціну ў расейскай вэрсіі й, весела падміргнуўшы, пачаставаў яшчэ адной цытатаю:

Яичко матушка несёт...

Народжаны ў 1930-м у беларускай сялянскай сям’і ў Любчы, Чэслаў пазьней, выбіраючы псэўданім, далучыць назву малой радзімы да свайго імя. Бацькі пераехалі ў знакамітае сваім замкам заходнебеларускае мястэчка ў 1920-я з Кіева. Ратаваліся ад бальшавікоў. Але калі прыйшлі першыя, перадваенныя «саветы», дзесяцігадовы Чэсік роспачна спрабаваў адбараніць татку ад узброеных людзей, якія называлі Сэнюха-старэйшага «врагом народа», а малодшага — «гадёнышем».

Бацька памёр у турэмным лягеры пад Навасібірскам, а маці з сынам пераехалі па вайне ў Польшчу. Там Чэслаў скончыў філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Ён дасканала валодаў некалькімі славянскімі мовамі, але самай важнай у перакладчыцкай дзейнасьці лічыў беларускую. Дзякуючы Сэнюху да палякаў прыйшлі Караткевічаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і Быкаўская «Аблава», «Споведзь» Ларысы Геніюш, паэмы і вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева... Дзякуючы Сэнюху загаварыла па-польску «Беларуска» таямнічай Марты Піньскай — таленавітая містыфікацыя пачатку ХХІ стагодзьдзя. Менавіта ён першым пераклаў на польскую маё эсэ «Незалежнасьць — гэта..» З канца 1980-х Чэслаў са старонак прэсы ў Польшчы і Беларусі зьвяртаўся да чытачоў і як публіцыст, нязьменна праводзячы думку, што дзьве паяднаныя гістарычным лёсам краіны непазьбежна сустрэнуцца ў агульнаэўрапейскай будучыні.

Калі мы адзначалі 80-годзьдзе Акту 25 сакавіка, Сэнюх апублікаваў заяву з просьбаю лічыць яго грамадзянінам БНР.

Ён марыў убачыць адрэстаўраваным Любчанскі замак.

  • Чэслаў Сэнюх памёр 8-га кастрычніка ў Варшаве на 92-м годзе жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG