Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад парады лячыцца гарэлкай да забароны прымусовай вакцынацыі. Што Лукашэнка казаў пра каранавірус


Лукашэнка і каранавірус. Каляж
Лукашэнка і каранавірус. Каляж

Упершыню пра каранавірус Аляксандар Лукашэнка публічна загаварыў у сярэдзіне сакавіка 2020 году: сказаў, што вірусу няма, што гэта паніка, псыхоз. А калі і ёсьць,то найлепшыя лекі — гарэлка, лазьня, трактар, хакей. Праз год рыторыка Лукашэнкі зьмянілася: маўляў, пра гарэлку і трактар ён жартаваў, а СМІ яго ня так зразумелі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістравалі 573 943 хворых са станоўчым тэстам на COVID-19, а памерлі 4 417 пацыентаў. Ужо тыдзень Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што за дзень заражаюцца больш за 2 тысячы чалавек, а памірае 15-16.

З 19 кастрычніка ў краіне часова прыпынілі плянавую мэдычную дапамогу. Больш за адну траціну ложкавага фонду перапрафілявалі пад хворых на ковід.

Свабода прыгадвае найбольш скандальныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

«40-50 грамаў у пераліку на чысты сьпірт — труціць гэты вірус»

16 сакавіка 2020-га на нарадзе падчас кадравых перастановак Аляксандар Лукашэнка параіў новым прызначэнцам часьцей мыць рукі і засьцерагацца гарэлкай:

«Часьцей мыйце рукі, своечасова сьнедайце, абедайце і вячэрайце. Я чалавек непітушчы, але апошнім часам жартам кажу, што гарэлкай, напэўна, ня толькі рукі трэба мыць, але і ў дзень 40-50 грамаў у пераліку на чысты сьпірт — труціць гэты вірус. Але не на працы! Прыемна глядзець у тэлевізары — людзі на трактары працуюць, ніхто не гаворыць пра вірусы. Там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць».

Спорт і лёд — антывірусныя лекі

28 сакавіка 2020-га Аляксандар Лукашэнка падчас хакейнага матчу заявіў журналістам тэлеканала АНТ, што ад каранавірусу лечыць спорт і лёд. Журналісты АНТ запыталіся, што яго можа спыніць ад выхаду на коўзанку.

«А навошта? Можна, але навошта? Я не разумею... Дзе вы бачыце вірус? Тут няма вірусаў ніякіх. Гэта халадзільнік. Самае лепшае здароўе! Лепш, чым спорт, асабліва лёд [нічога няма]. Антывірусны лек, самы сапраўдны. Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. І ўчора была трэніроўка з хакеістамі, сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся там, калашмацім адзін аднаго і гэтак далей».

Патрэбна тлустая ежа, асабліва сьметанковае масла

2 красавіка 2020 году ў інтэрвію тэлеканалу «Мир» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што самаізаляцыя не эфэктыўная ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Каб змагацца з інфэкцыямі, ён параіў часьцей бываць на сьвежым паветры, займацца спортам і добра харчавацца.

«Учора адзін вельмі разумны расеец, я паслухаў, кажа: трэба фізычна змагацца зь ім. Я думаю, як жа фізычна? Трэба сябе засьцерагчы ад небясьпекі. Спортам займацца трэба і на сьвежым паветры бываць. Трэба лёгкім дапамагчы.

Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбна тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сьметанковае масла трэба цяпер есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».

Найлепшая аддушына ад каранавірусу — козачкі

3 красавіка 2020 году падчас наведваньня Смалявіцкага раёну Аляксандар Лукашэнка расказаў, што найлепшы лек ад каранавірусу — козачкі.

«...Пазаўчора зайшоў на фэрму — у мяне там козачкі, маленькія козачкі, толькі прыплод зьявіўся, зусім маленькія. І я адчыняю стойла гэтае вялікае, а там, як сьнег: усе беленькія, маленькія, белыя-белыя, вось як халат. Вось гэта аддушына. А ты кажаш: «Каранавірус, каранавірус». Вось лячэньне ад вірусу».

«У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін!»

13 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка ды іншых кіраўнікоў краіны. На нарадзе Лукашэнка стаў разважаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае.

«У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін! Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне. Яны памерлі ад букету хранічных хваробаў, якія ў іх былі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасьць, лёгачная недастатковасьць. У комплексе. І цукровы дыябэт. А потым яшчэ такія дыягназы, што я нават прачытаць не магу. І дадаецца каранавірус.

Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей. Таму мы за кожнага чалавека будзем не змагацца, а біцца. І калі гэты чалавек не апусьціў рукі, ён абавязкова паправіцца».

«Я трапіў у залаты фонд Беларусі, перанёсшы гэты вірус»

28 ліпеня 2020 году, наведваючы вайсковую частку 3214, Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што сам перахварэў на каранавірус.

«Я прыношу прабачэньні за свой голас. У апошні час даводзіцца шмат гаварыць. Але самае дзіўнае, што вы сустракаецеся з чалавекам, які на нагах умудрыўся перанесьці каранавірус. Такое заключэньне зрабілі ўчора лекары. Бессымптомна.

Як я і казаў, 97% насельніцтва пераносяць гэту заразу бессымптомна. Слава Богу, мне ўдалося трапіць у гэту кагорту бессымптомных. Нарэшце і я трапіў у залаты фонд Беларусі, перанёсшы гэты вірус», — пажартаваў Лукашэнка.

«Калі толькі паддаўся паніцы — ты ня хворы, ты мярцьвяк, ты нябожчык»

У жніўні 2020-га года ў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону Лукашэнка расказаў пра «асаблівы беларускі шлях» змаганьня з каранавірусам.

«Дзіма, мы ніколі не адмаўлялі каранавірусу. Так было пададзена ў СМІ. Як можна адмаўляць тое, што ёсьць на самой справе? Каранавірус у нас ад таго, што мы вельмі акуратна да яго ставіліся, разьвіваўся пазьней, чым у астатніх краінах. Я нават памятаю прозьвішчы тых, хто прывёз яго, і як мы разгортваліся. Гэта давялося мне рабіць. Я кантраляваў усё гэта як прэзыдэнт.

У нас шлях быў іншы. Я разумеў, што самае страшнае ў любой хваробе — гэта мазгі. Калі толькі паддаўся паніцы — ты ня хворы, ты мярцьвяк, ты нябожчык. І калі я бачу, што псыхоз разгарнуўся па ўсёй плянэце, калі СМІ пачалі трубіць, што экскаватарамі магілы капаюць, суправаджаюць гэта такімі відэа. А тут яшчэ пандэмія эканамічная з цэнамі на нафту, пандэмія палітычная, калі выбары... Ды вось, мы пайшлі шляхам асаблівым, ня так, як вы... Факт зьявіўся — кантакты і расьсьледаваньне праводзіцца. Толькі ня сьледчыя вядуць, а санітарныя службы...

Я сказаў беларусам: вы хочаце — мы вас закрыем. Цягам сутак закрыем, і ніхто нават носу зь дзьвярэй ня высуне, як той прусак. Мы пайшлі іншым шлягам: ачаг — шпіталізавалі, падрыхтавалі ложкі, ШВЛ. Ваеннае было становішча...

Я ж ня ведаў, калі захварэў, у мяне магчымасьцяў не было — я ж круціўся як вавёрка ў коле...»

«Госпад, напэўна, каранавірусам нас пакараў»

5 студзеня 2021 году падчас размовы з працоўным калектывам прадпрыемства «Гарызонт» Лукашэнка заявіў, што каранавірус — гэта кара Божая.

«У сваім пасланьні я электрамабілі згадваў, але галоўны пасыл быў, што Госпад, напэўна, каранавірусам нас і пакараў за тое, што мы проста па-хамску ставімся да прыроды. Калі ў нас ня будзе гармоніі з прыродай, мы будзем нездаровыя і дзеці нашы будуць жабракамі».

«У нас павінна быць гатовая вытворчасьць. Як у Расеі»

12 жніўня 2021 году на нарадзе ў пытаньнях распрацоўкі процівірусных вакцын Лукашэнка заявіў, што неўзабаве Беларусь распрацуе ўласную вакцыну ад каранавірусу.

«Чарговы раз хачу запэўніць усіх: мы з гэтай бядой — каранавірусам — на сёньняшні дзень спраўляемся. Мы бясплатна прышчапляем сваё насельніцтва і за невялікія грошы прымаем на прышчэпку ўсіх ахвотных іншаземцаў.

Будзем распрацоўваць свае вакцыны. Ня толькі ад COVID-19. Сёньня пытаньне вытворчасьці ўласнай вакцыны ад COVID-19. Але мы ствараем вытворчасьць усіх вакцын. Сёньня гэта ковід, а заўтра нейкая іншая зараза будзе. Але ў нас павінна быць гатовая вытворчасьць. Як у Расеі.

Будзем прыстасоўваць вакцыну пад будучыя хваробы. Мы вырабляем вакцыну такую, каб прыстасаваць яе да любых зьмяненьняў, да любога штаму гэтага вірусу».

«Ніякай прымусовай вакцынацыі быць не павінна»

На той самай нарадзе аб распрацоўцы вакцын 12 жніўня 2021 году Лукашэнка строга папярэдзіў, што вакцынацыя — справа добраахвотная.

«Паколькі мы шмат чаго ня ведаем, я б не хацеў, каб мы вар’яцелі, як гэта было ва ўсім сьвеце на першым этапе хваробы. У сувязі з гэтым — ніякай гвалтоўнай вакцынацыі. Катэгарычна папярэджваю: ня дай Бог да мяне дойдзе інфармацыя, што хтосьці кагосьці прымушае, нахіляе і гэтак далей. Ведаеце, што рэакцыя з майго боку будзе неадкладнай і катэгарычнай. Добраахвотная вакцынацыя! Хоча чалавек вакцынавацца — хай вакцынуюць, ня хоча — ня трэба...

...Ніхто ня мае права нікога прымушаць. Папрасіце, пераканайце, у нас людзі талковыя. Ніякага прымусу!»

ЗША і Брытанія сваю мэдыцыну развалілі, а Беларусь захавала

2 кастрычніка ў інтэрвію тэлеканалу СNN Лукашэнка заявіў, што пра лячэньне лазьняй і гарэлкай быў жарт. І што штодня ў Беларусі памірае 6–8 чалавек з падазрэньнем на ковід, у ЗША і Брытаніі гінуць тысячамі і сотнямі.

«Мы лечым па адных пратаколах Сусьветнай арганізацыі здароўя. Яна дае адзін пратакол: што ў Амэрыцы, што ў Вялікай Брытаніі, што ў Расеі, што ў нас... Але аказаліся больш пасьпяховымі, таму што вы сваю мэдыцыну развалілі, а мы яе ўзмацнялі пастаянна...

Што тычыцца сьмерцяў. У нас 6–8 чалавек памірае за суткі з падазрэньнем на ковід. І мы ўсіх з патолягаанатамам правяраем. І не заўсёды гэта (ковід) пацьвярджаем. У ЗША тысячамі гінуць, у Вялікай Брытаніі сотнямі гінуць».

Лукашэнка — міністру: «Вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю»

19 кастрычніка 2021 году Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб COVID-19 выступіў супраць прымусовай вакцынацыі і штрафаў.

«Нягледзячы на маё нэгатыўнае і жорсткае стаўленьне да напружаваньня людзей (маскі і іншае), вакцынавацца трэба. Я ніколі супраць гэтага ня быў. Інакш навошта я з Пуціным дамаўляўся, каб мы атрымалі гэты «Спутник». Я не магу забараняць вакцынаваць людзей, але і напружваць вы людзей ня будзеце», — сказаў Лукашэнка.

Ён даручыў міністру аховы здароўя Дзьмітрыю Піневічу вярнуцца да таго, «што мы рабілі ў першую хвалю» і заявіў, што «пашыраючы фэйкі і чуткі пра сытуацыю ў Беларусі, праціўнікі дзяржавы з-за мяжы хочуць ускалыхнуць краіну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG