Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: вызваленьне з «Воўчых нораў», спатканьне Рабковай з мужам, дзень нараджэньня Стэфановіча

абноўлена

Палітзьняволеная Марфа Рабкова.
Палітзьняволеная Марфа Рабкова.

Па стане на 14 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 805 палітычных зьняволеных.

Палітвязень выйшаў пасьля адбыцьця пакараньня

14 кастрычніка на волю выйшаў 28-гадовы палітвязень Стэфан Лазавік, інфармуюць праваабаронцы «Вясны».

Справу супраць яго першапачаткова завялі па арт. 341 Крымінальнага кодэксу за нанясеньне пратэставых надпісаў («Он проиграл и стал убивать. Скот, уходи!») на адным з прыпыначных пунктаў у Горках на Магілёўшчыне.

Пад ціскам сьледчых Стэфан Лазавік прызнаў датычнасьць да нанясеньня надпісаў, але, калі адмовіўся запісаць відэа з пакаяньнем, пракуратара перакваліфікавала абвінавачаньне на ч. 1 арт. 339 (злоснае хуліганства).

Летась 26 лістапада маладога чалавека асудзілі на 1 год калёніі агульнага рэжыму. За кратамі Стэфан Лазавік прабыў амаль 11 месяцаў. Пакараньне ён адбываў у папраўчай калёніі № 22 «Воўчыя норы».

Палітвязень быў назіральнікам падчас прэзыдэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у поствыбарных пратэставых акцыях.

Дзень нараджэньня Валянціна Стэфановіча

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч 14 кастрычніка адзначае 49-годзьдзе, ягоная жонка расказала апошнія навіны пра мужа інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць».

Валянціна Стэфановіча ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яго, як і старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага і юрыста Ўладзімера Лабковіча, абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу) і арганізацыі і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).

Жонка праваабаронцы Аліна Стэфановіч адзначыла, што пасьля агучаных у літоўскім Сэйме фактаў перашкод у яе перапісцы са зьняволеным мужам, лісты сталі прыходзіць значна часьцей, прычым ня толькі ёй, але і знаёмым, сябрам, іншым сваякам.

У камэры ў Валянціна цёпла, але вельмі цьмянае сьвятло, што ўплывае на зрок і не дазваляе шмат чытаць. Зноў вярнулі тэлевізар, дзе паказваюць прапагандысцкія каналы. «Трэба пасядзець — пасяджу. Абы на карысьць краіне», — піша з-за кратаў Стэфановіч.

«Лісты для мяне зараз хіба адзіны канал камунікацыі са зьнешнім сьветам. Я зараз жыву лістамі ды снамі, у якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям’ёй, з жывымі і памерлымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў сутарэньнях Пішчалаўскага замку...

Сястра з мамай мне актыўна пішуць, ледзь не штодня. Вельмі сумую па іх, па жонцы і дзетачках. Так хочацца абняць сваіх дзяўчынак маленькіх і міленькіх, а таксама свайго такога ўжо дарослага сына. Але мне гэта ўсё недаступна і гэта бадай самае цяжкае для мяне».

Марфа Рабкова сустрэлася з мужам

У палітзьняволенай Марфы Рабковай адбылося гадзіннае спатканьне з мужам. Яно праходзіла ў кабінцы праз шкло, размаўлялі з дапамогай слухавак, піша «Вясна».

Муж Рабковай Вадзім Жаромскі адзначыў, што Марфа вельмі схуднела, выглядае выматанай і стомленай, колер твару мае попельна-бледны. Пасьля перанесенага каранавірусу ў яе баляць і павялічаныя лімфавузлы. Ёй да гэтага часу адмаўляюць у стаматалягічным лячэньні.

Падчас сустрэчы яна некалькі разоў паўтарала фразу: «Я вельмі хачу дадому. Калі я вярнуся дадому?».

Марфа Рабкова — каардынатарка валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе затрымалі 17 верасьня 2020 году. Яе абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці
  • ч. 3 арт. 130 — распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады групай нявысьветленых асоб
  • ч. 2 арт. 285 — удзел у злачыннай арганізацыі.

Рабковай пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Суд, як мяркуецца, пачнецца ў сьнежні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG