Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афганскага перакладчыка, які дапамог выратаваць Байдэна, эвакуавалі


Афганскія ўцекачы
Афганскія ўцекачы

Перакладчык Аман Халілі, які працаваў на амэрыканскую армію, і ягоная сям’я эвакуаваныя з Афганістану. Яны перабраліся ў Пакістан, затым — у іншую бясьпечную краіну, паведамляе ABC News.

У 2008 годзе Халілі дапамог выратаваць будучага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Тады ён займаў пасаду сэнатара ад штату Дэлавэр. Байдэн і яшчэ двое сэнатараў прыбылі ў Афганістан зь візытам. Іх верталёт трапіў у сьнежную буру і зрабіў аварыйную пасадку. Некалькі чалавек, у тым ліку Халілі, адправіліся на дапамогу. Дзякуючы іх намаганьням сэнатараў удалося вывезьці зь небясьпечнага раёну.

У жніўні 2021 году, калі амэрыканскія вайскоўцы пачалі эвакуацыю сваіх салдат і афганскіх грамадзянаў, якія ім дапамагалі, Халілі ня змог атрымаць спэцыяльную іміграцыйную візу. Пасьля чаго ён зьвярнуўся да Байдэна празь некалькі амэрыканскіх СМІ і папрасіў прэзыдэнта вывезьці яго з краіны. «Ратуйце мяне і маю сям’ю. Не забывайце мяне тут», — пісаў перакладчык.

Арганізацыя Human First Coalition, якая эвакуавала Халілі і яшчэ каля двухсот афганцаў з групы рызыкі, падзякавала прэм’ер-міністру Пакістану Імрану Хану і некалькім супрацоўнікам Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША за дапамогу.

Эвакуацыя грамадзян Афганістану, якія супрацоўнічалі з заходнімі міжнароднымі арганізацыямі і вайскоўцамі, пачалася на фоне вываду з краіны амэрыканскіх войскаў.

Армія ЗША і яе саюзьнікі заставаліся ў Афганістане амаль 20 гадоў. Ваенная апэрацыя пачалася неўзабаве пасьля тэрактаў 11 верасьня 2002 году, арганізатарам якіх выступіў лідэр тэрарыстычнага руху «Аль-Каіда» Ўсама бін Ладэн, які жыў тады ў Афганістане. Прытулак яму далі прадстаўнікі руху «Талібан», якія кантралявалі большую частку краіны.

Апошні амэрыканскі самалёт пакінуў аэрапорт Кабулу 30 жніўня 2021 году. Пасьля гэтага прадстаўнікі «Талібану» абвясьцілі аб завяршэньні вайны і сваёй перамозе ў ёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG