Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі — далёка ня ўнутранае пытаньне, а рэальна міжнародная пагроза». Літоўскія праваабаронцы пра крызіс на мяжы


ЛЯгер у Казіцішкесе
ЛЯгер у Казіцішкесе

Свабода пагутарыла з кіраўніком Рады ўцекачоў Літвы Юсуфам Мухамадзодам і дырэктарам праектаў фонду Freedom House, праваабаронцам Віцісам Юрконісам пра міграцыйны крызіс, умовы ўтрыманьня ўцекачоў, якія прыйшлі зь Беларусі, і пра тое, што зрабіць, каб палепшыць сытуацыю.

«Сытуацыя нагнятаецца, а зіма блізка»

Рада ўцекачоў Літвы — узначаленая ўцекачамі, няўрадавая арганізацыя, якая прадстаўляе ўцекачоў у Літве і сьвеце, дае магчымасьці быць пачутымі і ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў. Арганізацыю зарэгістравалі сёлета ў студзені і цяпер яна дапамагае ў вырашэньні мігранцкага крызісу.

«Цяпер у нас ёсьць прагрэс, мы працуем і знаёмім сябе з грамадзтвам. Першы праект мы зрабілі аб правах уцекачоў і культурнай разнастайнасьці. Гэтак жа мы на валянтэрскай аснове падключыліся да працэсу вырашэньня крызісу з уцекачамі», — апавядае кіраўнік Рады Юсуф Мухамадзода.

Юсуф падкрэсьлівае, што нельга называць уцекачоў нелегальнымі мігрантамі, гэта парушае правы чалавека. Людзі, якія пераходзяць мяжу і просяць прытулку дзеля ратаваньня, — менавіта ўцекачы. Рада трымае сувязь зь людзьмі, якія знаходзяцца ў некалькіх літоўскіх лягерах, яны забясьпечваюць інфармацыяй пра ўмовы ўтрыманьня. Для таго, каб туды трапіць неабходны адмысловы дазвол Міністэрства ўнутраных спраў, таму толькі нешматлікія НДА могуць гэта зрабіць.

«Мне ўдалося наведаць тры часовыя лягеры, сытуацыя там ня вельмі добрая. Парушэньне правоў чалавека — гэта стаўленьне да ўцекачоў. Ім не адкрываюць справы, каб вывучаць іх сытуацыі, чаму яны перайшлі мяжу. Людзей трымаюць за калючым дротам, як злачынцаў, а па новых законах гэта можа працягвацца да 6 месяцаў. Яны ізаляваныя цалкам, людзям там вельмі цяжка».

Літва не была гатовая да такой хвалі ўцекачоў, кажа Юсуф. Месцаў у лягерах не хапае.

«Там вельмі холадна. Лягер у Казіцішкісе (Kazitiškis) — гэта закрытая школа, непрыдатная для жыцьця, дзе ў маленькім клясным пакоі 21 чалавек на 7 кв м. У адным пакоі жыве 6 розных сем’яў: разам дзеці, маладыя пары. Усё гэта небясьпечна, будуць успышкі каранавірусу. Вядома, Літва імкнецца выправіць сытуацыю і накіраваць уцекачоў у месцы, дзе ўмовы лепшыя, напрыклад, у Руклу. Там у іх ёсьць кухня, каб яны маглі гатаваць, даюць трохі грошай, каб купіць ежу».

Лягер у Казіцішкісе
Лягер у Казіцішкісе

Бытавыя недахопы ёсьць, кажа Юсуф, але больш за ўсё людзі незадаволеныя стаўленьнем да іх, што яны ізаляваныя, таму многія спрабуюць уцячы ў іншыя краіны Эўропы.

«Гэта таксама вельмі небясьпечна для саміх уцекачоў у такі сэзон, бо яны не ведаюць Эўропы і прыяжджаюць у Літву дзеля выратаваньня. Сытуацыя нагнятаецца, а зіма блізка. Шмат ёсьць выпадкаў, калі яны ўцяклі і ніхто не ведае, дзе яны знаходзяцца цяпер. Праблема ў лягерах, што няма ўнутранага мэнэджмэнту, людзі жывуць самі па сабе. У Верэбіяі (Verebejai) мы не назіралі нават нармальнага разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі. Там была бойка паміж жанчынамі, калі хтосьці з журналістаў прывёз рэчы. Няма чалавека, якія б кіраваў гэтым працэсам».

Па словах Юсуфа, у лягерах цяпер большасьць уцекачоў — маладыя людзі.

«Мне напісаў уцякач з Руклы, што маладая сямʼя хацела ўцячы, але іх вярнулі, зьбівалі публічна. Астатнія ўцекачы адрэагавалі, пачалі пратэставаць і крычаць „Свабоду!“. Паліцыянты пырскалі сьлезацечным газам. У мяне ёсьць відэа. Сёньняшнія ўцекачы — гэта не людзі мінулага стагодзьдзя, яны ўсё дакумэнтуюць».

«Жыцьцё ўцекачоў залежыць ад ахоўнікаў»

Існуе праблема з мэдыцынскай дапамогай уцекачам. У лягеры ў Казіцішкесе доктар не наведваў людзей на працягу двух месяцаў, кажа Юсуф. Таксама, калі нават і даяжджае хуткая, фэльчары не могуць выпісаць лекі, бо гэта мусіць рабіць доктар.

«Была сытуацыя ў Верэбіяі: у маладога чалавека апухлі геніталіі, былі моцныя болі. Ён яшчэ два дні нікому не казаў, бо ён з Іраку і напэўна падумаў, што сорамна. Калі боль стаў невыносным, ён зьвярнуўся да ахоўнікаў і папрасіў выклікаць хуткую. Ахоўнікі адмовіліся, уцекачы самі паспрабавалі выклікаць і на „ламанай“ расейскай растлумачыць, што чалавеку вельмі дрэнна. Хуткая не прыехала. Тады ўцекачы зьвярнуліся да журналісткі і мы разам з ёй спрабавалі гэта вырашыць».

Хуткая адмовілася прыяжджаць, бо мае адмысловую інструкцыю, паводле якой без дазволу ахоўнікаў ня можа аказваць дапамогу, кажа Юсуф.

«Мы цэлы дзень з журналісткай спрабавалі дабіцца, каб хуткая паехала ў лягер. Я доктару казаў, што чалавек можа паміраць, бо гэта ўжо трэці дзень, гэта можа быць інфэкцыя. Жыцьцё ўцекачоў залежыць ад ахоўнікаў. А ахоўнікі іх не любяць, яны іх бʼюць, ставяцца да іх дрэнна. Кожны дзень да ўцекачоў прыяжджаюць людзі, якія не прадстаўляюцца і прымушаюць падпісаць паперу Дэпартамэнта міграцыі, што яны згодныя вяртацца добраахвотна дадому. Але гэтыя людзі не згодныя, гэта прымус».

Лягер у Ліплюнай
Лягер у Ліплюнай

Па выніках дасьледаваньня ў лягерах Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, у 54% выпадкаў прычына, па якой уцекачы прыяжджаюць у Літву, — гэта перасьлед, кажа Юсуф. Уцекачы не могуць вярнуцца дадому праз пагрозу іх свабодзе і жыцьцю.

«Дрэнныя погляды і стаўленьне забіваюць чалавека»

Стаўленьне да ўцекачоў у літоўскім грамадзтве дрэннае, часта яго фармуюць мясцовыя мэдыя, даносячы інфармацыю з нэгатыўнай афарбоўкай, лічыць Юсуф, але гэта зьмяняецца.

«Ёсьць вялікая розьніца паміж стаўленьнем да ўцекачоў-беларусаў, рускіх ці ўкраінцаў і ўцекачоў з Сірыі, Ірака, мусульман. Людзі беглі ў Літву ў імя выратаваньня, яны разгубленыя, яны вельмі хацелі быць у бясьпецы і чакалі зусім іншага прыёму ў Эўропе, але сутыкаючыся з тым, што да іх ставяцца як да злачынцаў, гэта іх вельмі кранае».

Існуе меркаваньне, што ўцекачы з усходу не могуць інтэгравацца ў эўрапейскае грамадзтва, выконваць эўрапейскія законы, але гэта ня так, сьцьвярджае Юсуф.

«Як можа чалавек быць нязгодным выконваць законы, калі гэтыя законы справядлівыя? Вядома, калі ставіцца да чалавека, як да злачынцы, то з такім законам ён не пагодзіцца. Але з іншымі эўрапейскімі законамі людзі згодныя. Чаму яны ўцякаюць у Эўропу? Яны думаюць, што тут бясьпечнае месца для жыцьця. Яны ведаюць, што гэта іншая культура, што будзе цяжка. Я сам уцякач. Я разумею, як асьцярога і недавер забіваюць чалавека. З аднаго боку, чалавек пазьбягае небясьпекі наўпроставай, каб яго не забілі ў яго краіне, але дрэнныя погляды і стаўленьне забіваюць, ён дэградуе праз іх».

Найгоршае стаўленьне, кажа Юсукф, да ўцекачоў-мусульманаў. Паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага Diversity Development Group, кажа Юсуф, мусульмане знаходзяцца ў рэйтынгу на трэцім месцы пасьля цыган і ЛГБТ сярод непажаданых людзей у Літве.

Лягер у Варэбіяй
Лягер у Варэбіяй

«Стаўленьне мяняецца вельмі павольна. Гэта дрэнна, людзі тут доўга жывуць і ім трэба інтэгравацца, а калі такое стаўленьне з боку мясцовых жыхароў то, вядома, інтэграцыя будзе праходзіць вельмі павольна. Праблема, што журналісты падаюць інфармацыю неаб’ектыўна. Цяпер уцекачы чытаюць навіны, яны ведаюць, што пра іх думаюць».

«Вельмі несумленна, выкарыстоўваць людзей, як палітычную зброю»

Юсуф знаёмы з уцекачом з Іраку, які скарыстаўся магчымасьцю зьбегчы са сваёй краіны, калі Беларусь павялічыла колькасьць рэйсаў Багдад-Менск.

«Ён прыляцеў у Беларусь са сваёй сямʼёй, з маленькім дзіцем з сындромам Даўна. Яны, вядома, скарысталіся момантам, ім трэба было бегчы. Вельмі несумленна, выкарыстоўваць гэтых людзей, як палітычную зброю. Людзям балюча, яны доўга чакаюць рашэньняў па сваіх справах, яны вельмі стаміліся. Нават калі паміж Літвой і Беларусьсю ёсьць палітычныя супярэчнасьці, гэта не павінна тычыцца гуманітарнай дапамогі. З боку Беларусі гэта вельмі несумленна выкарыстоўваць уцекачоў, як прадмет гандлю. Трэба пакараць такіх кіраўнікоў. Яны не маюць права гуляць лёсамі людзей, асабліва уразьлівых груп».

Юсуф прызнаецца, што трэба шмат працаваць, каб зьмяніць стаўленьне да ўцекачоў.

«Трэба рабіць шмат праектаў, мэдыя павінны быць абʼектыўнымі, таму што яны зьмяняюць шмат у сьвядомасьці людзей. Людзі не павінны глядзець на міграцыю, як на катастрофу. Яна заўсёды была, гэта натуральны працэс, калі людзі пакідаюць сваю краіну і хочуць знайсьці лепшае месца. У любых краінах жывуць людзі, якія калісьці прыяжджалі аднекуль. Не трэба ставіцца да ўцекачоў, як „яны“. Цяпер не XIX-XX стагодзьдзі, калі межы былі зачыненыя і былі „мы“ і „яны“. Мы жывем у глябальным сьвеце».

Юсуф дадае, што шмат літоўцаў зьяжджаюць у больш разьвітыя краіны.

«Тады іх што таксама трэба спыніць і сказаць: „Прабачце, але Нарвэгія для нарвэжцаў, а Англія — гэта для ангельцаў“. Атрымліваецца, што літоўцы зьяжджаюць у іншыя краіны — гэта нармальна, а тое, што людзі прыяжджаюць — гэта ненармальна. Трэба ставіцца да ўцекачоў як да звычайных людзей, як да сябе».

Кіраўнік Рады дадае, што ў Літве ёсьць людзі, якія ставяцца да ўцекачоў добра і вельмі важна гэта пашыраць, каб мясцовыя больш даведваліся пра іх лёсы.

«Людзі — усюды людзі. Ім бывае цяжка. Уцекачоў трэба зразумець. Таму мы праводзім адмысловыя трэнінгі аб правах уцекачоў, ладзім сустрэчы-знаёмствы літоўскіх сямей. Спадзяюся, мы дасягнем посьпеху. І я ўпэўнены, што так можна выйсьці з крызісу, калі казаць пра праблемы адкрыта і вырашаць іх разам».

«Мы разумеем, хто штучна стварыў гэту сытуацыю і ён адказны за ўсе ахвяры на мяжы»

Дырэктар праектаў фонду Freedom House, праваабаронца Віціс Юрконіс кажа, што не называў бы сытуацыю на мяжы крызісам.

«Я думаю, што гэта выклік, напружаная сытуацыя, але ўсё ж такі крызісам гэта назваць у параўнаньні з тым, што было 5-6 гадоў таму ў Эўразьвязе, нельга. Хаця восень набірае абароты, холадна і мы бачым выпадкі на баку Беларусі, што гэта можа скончыцца вельмі трагічна для некаторых людзей. Пакуль крызісам назваць рана, але я думаю, што некаторыя элемэнты гэтага існуюць».

Віціс кажа, што ўмовы ўтрыманьня ўцекачоў сапраўды не лепшыя, але гэта зьмяняецца.

«Іншыя краіны Эўразьвязу імкнуцца неяк дапамагчы палепшыць гэтую інфраструктуру, але гэта не робіцца за адзін дзень. Я так разумею, што ўжо людзей, якія жывуць у намётах, няма, бачым, што ёсьць прагрэс. Летась прыехалі тысячы беларусаў і плюс яшчэ накідаў афіцыйны Менск уцекачоў з краін Блізкага Усходу з Афрыкі, так што вядома, калі інфраструктуры і так не было, плюс яшчэ кантэкст пандэміі, не хапае наўпрост чалавечых рэсурсаў».

Праваабаронца прызнае, што хацелася б большай адкрытасьці афіцыйных установаў, каб у дапамогу ўключалася грамадзянская супольнасьць.

«Я думаю, што грамадзянская супольнасьць гатовая падставіць плячо, адгукнуцца, мы гэта бачым і па некаторых ініцыятывах, якія зьбіраюць вопратку, ежу. Гэтая дапамога запатрабаваная і ўлада магла б быць больш гнуткая і максымальна выкарыстоўваць гэта жаданьне грамадзянскай супольнасьці дапамагчы ў складанай сытуацыі».

Зрабіць перамяшчэньне ўцекачоў свабодным, кажа Віціс, складана, бо шмат зь іх зьбягаюць у іншыя краіны Эўразьвязу, перад якімі Літва адказная, бо ахоўвае зьнешнюю мяжу.

«Я ўпэўнены, што гэтае пытаньне вырашаецца. Тут вельмі далікатная сытуацыя. Расьсьледаваньне паказвае, што гэта нават не дзясяткі выпадкаў, калі людзі, якія прайшлі мяжу Беларусь-Літва зьехалі ў іншыя эўрапейскія краіны. Калі яны папросяць прытулку ў Нідэрляндах, то па Дублінскім пагадненьні яны павінны вяртацца ў Літву. І верагоднасьць, што ім дадуць станоўчы адказ статусу ўцекача вельмі падае. Так што людзі сябе такімі дзеяньнямі ставяць у яшчэ больш уразьлівую пазыцыю».

Праваабаронца падкрэсьлівае, што літоўскія ўлады павінны ўсімі сіламі імкнуцца знайсьці індывідуальны падыход, разгледзець кожны выпадак асобна.

«Вінаваціць аднаго вельмі проста. Мы разумеем, хто штучна стварыў гэтую сытуацыю і ён адказны за ўсе ахвяры на мяжы. Гэта чарговы доказ, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца далёка не ўнутраным пытаньнем, а рэальна міжнароднай пагрозай. І таму гэта павінна вырашацца не на двухбаковым узроўні, а на міжнародных плятформах. Эўразьвяз разумее, што тут адбываецца і яны гатовыя фінансаваць інфраструктуру і ўзмацняць памежныя службы, паляпшаць міграцыйную палітыку. Так што прагрэс бачны, ён нават адчувальны, але вядома гэта неабавязкова значыць, што заўтра будзе рашэньне па тысячах кейсаў з мігрантамі».

Таксама Віціс дадае, што пазыцыя «адштурхоўваньня» была прынятая, каб дапамагчы тым мігрантам, якія ўжо знаходзяцца ў Літве.

«Вядома, мне б хацелася, каб мы былі да такога моманту больш гатовыя, каб былі і адпаведныя будынкі для шукальнікаў прытулку, каб наша міграцыйная палітыка была больш гнуткая і магла хутчэй разглядаць справы не толькі з былой постсавецкай прасторы, але і краін Блізкага Усходу. Але ёсьць як ёсьць. Я думаю, што літоўскі ўрад і журналісты добра ўсьведамляюць, што ўмовы ў некаторых месцах нават не адпавядаюць стандартам, гэта ніхто не хавае. Таму і патрэбная зьнешняя дапамога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG