Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 40 гадоў таму памёр біскуп Часлаў Сіповіч


Падзеі 4 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

40 гадоў таму ў Лёндане памёр першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у ХХ стагодзьдзі, апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў, заснавальнік Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане Часлаў Сіповіч.

1535 — з друку выйшла першая ў сьвеце Біблія на ангельскай мове. Вартая ўвагі акалічнасьць: беларусы дзякуючы Скарыну атрымалі сваю Біблію па-беларуску ў 1517 годзе, амаль на дваццаць гадоў раней за ангельцаў.

Instagram Скарыны: Жыцьцё першадрукара ў 13 падарожжах

1582 — паводле ўказу Папы Рымскага Грыгорыюса XIII наступіў пераход на новы каляндар, які быў названы грыгарыянскім.

1957 — Савецкі Саюз запусьціў у космас першы штучны спадарожнік Зямлі.

У гэты дзень нарадзіліся

1750 — у Віцебску польскі паэт Францішак Дыянізі Князьнін.

1816 — Эжэн Пацье, францускі паэт, удзельнік Парыскай камуны, які ўвайшоў у гісторыю як аўтар «Інтэрнацыяналу».

1895 — амэрыканскі камэдыйны актор Бастэр Кітан, адзін з найвыдатнейшых комікаў нямога кінэматографу.

1941 — амэрыканская пісьменьніца Эн Райс, аўтарка бэстсэлераў пра вампіраў.

У памяці

1669 — галяндзкі мастак Рэмбрант.

1947 — нямецкі фізык Макс Плянк, які ўвёў у фізыку тэрмін «квант».

1970 — амэрыканская сьпявачка Джэніс Джоплін.

1980 — у аўтамабільнай катастрофе загінуў першы сакратар ЦК КПБ Пятро Машэраў.

1981 — беларускі грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч.

Пакліканьне да царкоўнага жыцьця Чэсь адчуў зь дзяцінства, што і прывяло яго ў гімназію пры Друйскім кляштары беларускіх айцоў марыянаў. Як самыя багаславёныя гады прыга дваў Сіповіч час, калі слухаў у Віленскай alma mater курсы філязофіі й тэалёгіі ды жыў у Доме марыянаў, якім кіраваў айцец Язэп Германовіч. Атрымаўшы магчымасьць працягваць навучаньне ў Рыме, Часлаў прыняў бізантыйскі абрад. Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт ён скончыў ужо сьвятаром.

Пасьля вайны Сіповіч стаў заснавальнікам і першым рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, дзе браў чынны ўдзел у дзейнасьці Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі й Ангельска-беларускага таварыства, шмат гадоў супрацоўнічаў з часопісам «Божым Шляхам». Гэта айцец Часлаў навярнуў да беларушчыны выпускніка Сарбоны і Оксфарду Гая дэ Пікарду.

Як апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў у эміграцыі Часлаў Сіповіч зьдзейсьніў два падарожжы вакол сьвету, прывозячы адусюль бібліяграфічныя рэдкасьці для фондаў будучай Лёнданскай бібліятэкі імя Скарыны.

Адкрыцьцё Скарынаўкі ў 1971-м падаравала яму адзін з самых сьветлых момантаў жыцьця. Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што якраз у дзень адзначэньня дзесяцігодзьдзя бібліятэкі, што зрабілася найбагацейшым беларускім кнігазборам па-за межамі Беларусі, уладыка адышоў у лепшы сьвет. Сіповіч толькі-толькі пасьпеў адслужыць сьвяточную літургію ў лёнданскай Беларускай царкве Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

У памяці многіх уладыка застаўся асобаю, далёкай ад аскезы. Літаратуразнаў ца-беларусіст Арнольд Макмілін згадвае, як біскуп любіў уладкавацца ў садзе пад яблыняй з томам Дастаеўскага і бутэлькаю шаблі.

На пачатку гэтага стагодзьдзя выйшла кніга выдатнага рэлiгiйнага дзеяча нашай эмiграцыi, гiсторыка Беларускай царквы айца Аляксандра Надсана «Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус», якая адразу трапіла ў разрад рарытэтаў.

У друйскім касьцёле Сьвятой Тройцы да 100-годзьдзя Сіповіча ўсталяваная мэмарыяльная пліта — «Выгнанаму сыну гэтай зямлі ўдзячныя суродзічы».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 334–335.

2007 — Яўген Будзінас, беларускі пісьменьнік і журналіст.

Улюбёным ягоным дзіцём стаў музэйны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналёгіяў «Дудуткі» каля вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёну. Яны, паводле непахіснага перакананьня Будзінаса, былі якраз тымі Дудуткамі з «Слова пра паход Ігаравы», Яўген Будзінас імёны свабоды 581 дзе ў пракавецьці адзначыўся полацкі князь Усяслаў Чарадзей.

У 1994-м у Дудутках задыхаў кавальскі горан, закруціліся ганчарныя колы, азваліся ткацкія варштаты, пацягнула дымком ад бровару. На ладжаных Яўгенам шматлюдных сьвятах зь іхняй непаўторнай куражнай атмасфэраю вакол славутага тамтэйшага самагоннага агрэгату ўперамешку раіліся, нібы пчолы, дыпляматы й літаратары, журналісты й музыкі.

Уяўлялася, што Будзінаса любілі ўсе. Аднак знайшліся й тыя, каму Яўген, ягоныя таленты, вальнадумства, посьпех, яго афарызм, што «палітыка — гэта задворкі розуму», сталі ўсё больш замінаць.

Надышоў дзень, калі ён ня змог прыехаць у Дудуткі як гаспадар.

На самым схіле жыцьця, безнадзейна хворы на рак, Будзінас напісаў і пасьпеў выдаць кнігу пра каханьне «Давайте, девочки». У пакінутым мне аўтографе ён у сваім стылі выказваў веру ў тое, што мы іх усіх (меліся на ўвазе зусім не дзяўчаткі) перапішам, пераплюнем, перакрычым, пера… Далей ішла экспрэсіўная нецэнзурная лексыка.

Гэтыя ўсе ў апошні момант — і арэнда была аплочаная — подла сарвалі прэзэнтацыю «Девочек» у менскім Доме літаратара, які ўжо належаў не літаратарам, а тым, каму чытаць кнігі «нету ўрэмені». Але Яўген усё адно прэзэнтаваў кнігу — у Дудутках, у садзе каля ягонага загараднага дома.

Наступны раз мы сустрэліся там, калі ў садзе зьявіўся надмагільны камень.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 580–581.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG