Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International скрытыкавала Польшчу за адносіны да мігрантаў


Мігранты, якія незаконна перасеклі польскую мяжу 30 верасьня 2021 г.
Мігранты, якія незаконна перасеклі польскую мяжу 30 верасьня 2021 г.

Amnesty International абвінаваціла Польшчу ў незаконным прымусовым выцясьненьні мігрантаў назад у Беларусь.

Гэтак званае «дыгітальнае расьсьледаваньне» міжнароднай праваабарончай арганізацыі, вынікі якога былі апублікаваныя 30 верасьня, выявіла невядомыя раней падрабязнасьці пра сытуацыю з афганскімі просьбітамі прытулку, якія затрымаліся на мяжы Беларусі з Польшчай. У дакладзе падкрэсьліваецца, што прымушаць людзей пакінуць краіну, не ацаніўшы іх патрэбу ў абароне, — гэта парушэньне міжнароднага права.

У канцы жніўня дэлегацыя Amnesty International наведала вёску Уснар Горны ў падляскім ваяводзтве Польшчы, дзе пад вартай на працягу 15 дзён знаходзілася група мігрантаў. Amnesty International, пры дапамозе спадарожнікавых здымкаў, удалося ўстанавіць, што ў канцы жніўня гэтую групу мігрантаў літаральна за адну ноч адціснулі з польскай тэрыторыі на беларускую. Пры гэтым Amnesty International атрымала паведамленьні аб ужываньні сілы і пагрозаў гвалту з боку польскіх памежнікаў пры адпраўцы групы назад у Беларусь. Тым самым Польшча сур’ёзна парушыла правы просьбітаў прытулку, перадае «Голас Амэрыкі» словы дырэктаркі прадстаўніцтва Amnesty International пры эўрапейскіх інстытутах у Брусэлі Іў Гедзі.

«Мы ўбачылі жахлівую гуманітарную катастрофу — калі ў групы ўцекачоў няма доступу да ежы, пітной вады, схованкі ці мэдыкамэнтаў. Мы таксама выявілі нелегальныя дзеяньні з боку польскіх памежнікаў. Мы ўбачылі, што за адну ноч група перамясьцілася з тэрыторыі Польшчы назад у Беларусь. Гэта зьяўляецца незаконным выгнаньнем з боку польскіх памежнікаў. У гэтую самую ноч мы назіралі маштабную прысутнасьць польскіх вайскоўцаў на мяжы зь Беларусьсю. Я думаю, важна адзначыць, што Польшча, Літва і Латвія зьяўляюцца чальцамі ЭЗ, і законы ЭЗ дзейнічаюць на іх тэрыторыях. У гэтых краін ёсьць сілы і магчымасьці справіцца з сытуацыяй на сваіх межах у адпаведнасьці з законам і захаваньнем асноўных правоў чалавека», — заявіла Іў Геды.

Amnesty International таксама паведамляе, што беларускія памежнікі дапамагаюць людзям пераходзіць мяжу ў Польшчу, Літву і Латвію. 6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе спыняць людзей, якія перасякаюць мяжу гэтых краін. Аднак, на думку праваабаронцаў, гэта не павінна выкарыстоўвацца ў якасьці падставы для адмовы ў доступе да працэдуры наданьня прытулку. У адпаведнасьці з заканадаўствам ЭЗ і міжнародным заканадаўствам аб уцекачах Польшча абавязаная забясьпечваць індывідуальную ацэнку ўсіх хадайніцтваў аб прытулку.

Amnesty International запатрабавала, каб польскі ўрад надаў мігрантам часовае жытло, прадукты харчаваньня і ваду, а таксама забясьпечыў доступ да адвакатаў і неабходную мэдычную дапамогу.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі, балтыйскіх краін і Польшчы працягваецца ўжо чацьвёрты месяц. У ЭЗ міграцыйны крызіс на мяжы зь Беларусьсю называюць «гібрыднай атакай» Лукашэнкі.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG