Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае зьбіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку, нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты», якая неўзабаве зьявіцца на нашым сайце ў электронным варыянце. Пакуль прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.



Палітычны 1996 год у Беларусі пачаўся 11 студзеня. У гэты дзень Цэнтральная выбарчая камісія разглядала скаргу на масавыя фальсыфікацыі і парушэньні закона ў Смаргонскай выбарчай акрузе.

Увогуле, вызначальныя палітычныя падзеі часьцей за ўсё адбываюцца ў сталіцах. Аднак хаця гэты сюжэт разгортваўся ня ў Менску і нават не ў абласным цэнтры, а ў невялікім гарадку, ён істотна паўплываў ня толькі на палітычны лёс галоўнага ўдзельніка, але, упэўнены, і на лёс беларускай дэмакратыі ў наступныя чвэрць стагодзьдзя.

У траўні 95-га ў новы Вярхоўны Савет ня быў прапушчаны ніводны кандыдат ад БНФ, у тым ліку і лідэр Фронту. Многім кандыдатам БНФ не хапіла аднаго-двух працэнтаў для перамогі, яны набіралі большасьць галасоў, але лічылася, што выбары не адбыліся, бо не прыйшла неабходная колькасьць выбарнікаў. Валянціну Голубеву, напрыклад, не хапіла 25 чалавек, Юрасю Беленькаму – 69, Міраславу Кобасу – 92 чалавекі. Лукашэнкава «не хадзіце, бо ўсё роўна падмануць» парадаксальным чынам працавала адразу ў двух супрацьлеглых кірунках: падман адбываўся адразу падвойны.

Але рэч была ня толькі ў папулярнасьці папулісцкага лідэра – заклікамі справа далёка не абмяжоўвалася. І фокусе ўладаў, якія атрымалі кантроль над адміністратыўным апаратам і спэцслужбамі, натуральна, апынуўся БНФ і яго старшыня Зянон Пазьняк. Адзінства розных дэмакратычных сіл заўсёды праблематычнае, але пад час умацаваньня аўтакратыі яно самазабойчае. Не было каардынацыі дэмакратычных сіл, у многіх акругах кандыдаты перашкаджалі адно аднаму, расьцягвалі галасы, адштурхоўвалі выбарнікаў. У траўні парлямэнт ня быў абраны.

Давыбары былі прызначаныя на канец лістападу, Фронт ізноў выстаўляў сваіх кандыдатаў. Краіна магла аказацца ўвогуле без парлямэнту і адразу праваліцца ў квазіманархічную аўтакратыю. Навошта ўладам праводзіць у парлямэнт сваіх паслухмяных дэпутатаў, не прапускаць незалежных, калі можна адным ударам пазбавіцца ад самой праблемы падзелу ўлады. Увосень дзяржаўная тэлерадыёкампанія на чале з Рыгорам Кісялём адмовіла старшыні ВС-12 Мечыславу Грыбу ў радыёэфіры — і сьпікер прыехаў у менскае бюро Радыё Свабода, каб зачытаць зварот да грамадзянаў Беларусі з заклікам прыйсьці на выбары.

Сам я на восеньскіх «давыбарах» ня ўдзельнічаў, хаця на травеньскіх выйшаў у другі тур ва Ўруцкай акрузе.

Я адчуваў, што ніводнага кандыдата ад БНФ улады не прапусьцяць. Тым ня менш трэба было скарыстаць усе магчымыя шанцы, і я патлумачыў Сойму БНФ свой няўдзел у выбарах тым, што лепей буду дапамагаць прабіцца ў дэпутаты іншым. На маё месца ва Ўручанскай акрузе пажадаў вылучыцца Ігар Гермянчук — рэдактар газэты «Свабода», дэпутат Апазыцыі БНФ, мой колішні аднакурсьнік. Але ён, як і іншыя нашыя кандыдаты ў парлямэнт не былі дапушчаны.

На акрузе Пазьняка ў Смаргонях адпрацоўваюць мэханізм фальсыфікацыяў

У Фронце лічылі, што па вакантных сталічных акругах варта чакаць непрыемных сюрпрызаў і таму разглядалі варыянты ў рэгіёнах. Найлепш у гэтым сэнсе выглядалі раёны, дзе на прэзыдэнцкіх выбарах Пазьняк сабраў найбольш галасоў.

Спыніліся на Смаргонях, дзе на прэзыдэнцкіх выбарах лідэр БНФ апярэдзіў і Лукашэнку (18%), і Кебіча (16%). У Смаргонскім раёне яго паказчык быў 34%. Тут была вялікая суполка БНФ — яна налічвала 250 чалавек. Народнаму Фронту ўдалося зарэгістраваць там 372 назіральнікі.

Вырашылі вылучаць Пазьняка не ад партыі, на сойме, а зборам подпісаў — што ўжо было пачаткам выбарчай кампаніі.

Улада таксама ацаніла выбар Пазьняка і кінула на Смаргоні усе сілы. Два месяцы ў раёне бязвылазна сядзеў прэзыдэнцкі дарадца Сяргей Посахаў. Мясцовыя жыхары ніколі ня бачылі такой колькасьці чыноўнікаў і «людзей у цывільным» зь Менску і Горадні.

Фармальна ў Пазьняка было два канкурэнты — вылучэнец камуністычнай партыі і доктар мясцовай лякарні (якая, між іншым, месьціцца на тым самым месцы, дзе калісьці была знакамітая мядзьведжая «Смаргонская акадэмія», дзе вучылі мядзьведзяў танчыць).

Гэта прымушала дапускаць варыянт другога туру. Але незадоўга да галасаваньня прадстаўнік кампартыі сваю кандыдатуру зьняў. Заставаліся два кандыдаты — Пазьняк і лекар Сьвятаслаў Савіцкі, які ня ўтойваў, што яго падтрымліваюць улады. Здавалася б, зьняцьце другога суперніка было на карысьць Пазьняку, бо менш канкурэнтаў. Насамрэч — наадварот.

Зьняцьце камуністамі свайго кандыдата, па-першае, рабіла немагчымым другі тур, а па-другое, і гэта галоўнае — адсякала ад удзелу ў выбарах частку пракамуністычных грамадзянаў, якія прыйшлі б на ўчасткі галасаваць за свайго кандыдата-камуніста. А цяпер вось ня пойдуць.

Ключавыя словы тут — не «прагаласавалі б за свайго кандыдата», а — «прыйшлі б на ўчасткі», бо ў выпадку Пазьняка, які, і гэта было бачна, быў лідэрам, важнай была яўка выбарнікаў.

Нешта падобнае было ўвесну ў акрузе былога міністра МЗС Пятра Краўчанкі: выбары былі прызнаныя несапраўднымі праз адсутнасьць належнай яўкі выбарнікаў — не хапіла 700 зь выбарнікаў. Парадокс быў у тым, што калі б гэтыя 700 прыйшлі і ўсе як адзін аддалі б свае галасы за канкурэнта Краўчанкі — Краўчанка ўсё роўна быў бы абраны.

Словам, улада выбрала стратэгію зрыву выбараў.

«Зрабілі ўсё, што маглі»

Тое, што ў лістападзе 95-га ўлады рабілі ў Смаргонях, шмат для каго было шокам. Затое ў наступныя гады па ўсёй краіне гэта будзе даведзена да аўтаматызму і слова «Ярмошына» набудзе сапраўды эўрапейскую вядомасьць. Ды й сусьветную.

Лідэра БНФ не пускалі ў працоўныя калектывы, не дазвалялі праводзіць публічныя сустрэчы з выбарнікамі. 24 лістапада ў памяшканьні райвыканкаму быў знойдзены стос ананімных улётак, дзе Пазьняка называлі Гітлерам і фашыстам, абражалі ягоную маці. На запыты, пратэсты, звароты кандыдата ўлады не рэагавалі ні на месцах, ні ў вобласьці, ні ў сталіцы.

Пазьняк зьвярнуўся да эўрапейскіх структураў і праваабарончых арганізацый з заклікам накіраваць у Смаргонь міжнародных назіральнікаў — але зварот быў праігнараваны.

29 лістапада прайшло галасаваньне.

Адразу пасьля падліку галасоў карэспандэнт Радыё Свабода Галіна Прыгара перадавала з Смаргоняў:

«Гэтая акруга адзіная ў Беларусі, дзе пры яўцы 67% выбарнікаў у галасаваньні выбары не адбыліся. Дэпутат не абраны таму, што выпалі несапраўдныя бюлетэні, дзе выкрасьленыя два прозьвішчы, ды тыя, дзе выбарнікі выкрасьлілі абодвух. Такіх 13%, прыкладна 2185 чалавек».

Атрымлівалася, што кожны восьмы выбарнік прыйшоў, каб выкрасьліць абодвух кандыдатаў ці кінуць у скрынку чысты бюлетэнь. У сярэднім у Беларусі лічба несапраўдных бюлетэняў дасягала 5%, а ў Смаргонях у два з паловай разы больш. Яшчэ з таго рэпартажу:

«Ні на адным выбарчым участку ў Смаргонскай акрузе не было магчымасьці наладзіць належны кантроль. Міліцыянты ды члены камісіяў перашкаджалі назіральнікам хадзіць па выбарчым участку, каб сачыць за працэсам выдачы бюлетэняў. На некаторых выбарчых участках падчас падліку галасоў назіральнікі не былі дапушчаныя да нагляду, ім проста дазволілі паглядзець потым ужо сфармаваныя стосы».

Пазьняк не чакаў абвяшчэньня лічбаў — зьвяртаўся зь пісьмовымі заявамі да пракурора горада ды старшыні акруговай выбарчай камісіі, тэлефанаваў старшыню КДБ Уладзімеру Ягораву, дзяжурнаму пракурору Генпракуратуры, прадстаўнікам Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Менску.

Яшчэ з таго рэпартажу на Радыё Свабода: «Як сказала пры сьведках у тэлефоннай размове з прадстаўніком мясцовай выканаўчай улады адна са старшыняў участковай камісіі: «зрабілі ўсё, што маглі».

Пасьля скаргі Пазьняка ЦВК накіравала ў Смаргоні адмысловую камісію для праверкі — камісія двойчы выяжджала ў Смаргоні і абодва разы вярталася з пацьверджанымі фактамі парушэньняў.

І вось 11 студзеня 1996 году, калі ўжо працаваў новаабраны Вярхоўны Савет, ЦВК разглядзела вынікі праверак. Я быў на тым пасяджэньні. Адзін толькі пералік пацьверджаных (падкрэсьліваю — пацьверджаных) парушэньняў, які зачытваў член ЦВК Алесь Жук, заняў паўгадзіны.

Да непрапарцыйна вялікай, папросту нерэальнай колькасьці сапсаваных бюлетэняў (13% пры тым, што звычайна яна не перавышае 5%, а традыцыйна складае 1-2%) дадалося шмат чаго іншага.

Бюлетэні на ўчастках выдаваліся без прад’яўленьня дакумэнтаў, стваралася магчымасьць галасаваньня двойчы.

Складаліся таемныя сьпісы выбарнікаў.

Колькасьць выбарнікаў не адпавядала сьпісачнаму складу ў пачатку галасаваньня і ў канцы галасаваньня.

Дапускалася галасаваньне без пашпартоў (пацыенты Слонімскай лякарні маглі прагаласаваць двойчы, яшчэ і па месцы жыхарства).

На ўчастках з’яўляліся людзі ў вайсковай форме, вызначыць прыналежнасьць якіх не ўдалося.

На чатырох участках падлік галасоў быў штучна зацягнуты да 3 гадзінаў ночы (менавіта на тых участках колькасьць галасоў, пададзеных за Пазьняка, была найменшая).

Міліцыянтам было загадана не дапускаць назіральнікаў да скрыняў бліжэй чым на 10 мэтраў, і міліцыянты сьпінамі закрывалі сталы пры падліку галасоў.

У наступныя гады ўсё гэты зробіцца нормай, міліцыянты будуць ня проста закрываць бюлетэні, а пачнуць сілай выводзіць назіральнікаў з памяшканьняў, а на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020-м атрады міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП) будуць затрымліваць, а потым катаваць тых, хто падыходзіў да ўчасткаў, каб даведацца пра вынікі галасаваньня.

Але тады ў Смаргонях улады шмат што выпрабоўвалі ўпершыню.

Самае галоўнае: як высьветліла камісія ЦВК, штучна завышаная колькасьць выбарнікаў у акрузе Пазьняка складала 561 чалавек; на пасяджэньні ЦВК было паведамлена, што ўсе старшыні ўчастковых камісіяў прызналіся, што рабілі гэта. Старшыня ЦВК Аляксандар Абрамовіч там жа, на пасяджэньні ЦВК, заявіў, што такія ўчынкі ўжо трапляюць пад дзеяньне Крымінальнага Кодэксу.

«Цяпер кіраўнікі ўчастковых камісіяў будуць даваць тлумачэньні ня нам, а праваахоўным органам» — адзначыў спадар Абрамовіч.

ЦВК вырашыла накіраваць матэрыялы ў пракуратуру, дзе яны і былі сьпісаныя ў архіў, каб калі-небудзь зрабіцца здабыткам гісторыкаў.

У самой жа Цэнтральнай выбарчай камісіі было тры варыянты дзеяньняў. Першы — прызнаць выбары несапраўднымі і прызначыць новыя выбары. Другі — выкрасьліць са сьпісу 561 чалавек; у такім выпадку Пазьняк набірае больш чым 50% і лічыцца абраным дэпутатам. І, нарэшце, не рабіць нічога.

І пры тым, што старшыня ЦВК сказаў пра крымінальнае парушэньне закону, што матэрыялы накіравалі ў пракуратуру — камісія зрабіла выснову, што істотных парушэньняў, якія паўплывалі б на вынікі галасаваньня, не было. І пакінула ў сіле ранейшае рашэньне акруговай камісіі.

Зрабіла ўсё, што магла.

Усім без выключэньня кандыдатам БНФ раптам не хапіла выбарнікаў.

Валянціну Голубеву для таго, каб лічыцца дэпутатам, не хапіла 67 галасоў. Пры гэтым выявілася, што ў сьпісы для галасаваньня былі ўключаныя грамадзяне, якіх там не павінна было быць: памерлыя і прызваныя ў войска.

Старшыня 40-й участковай камісіі Сьцепанюк прызнаўся, што выкрасьліць са сьпісу прызваных у войска і памерлых (!) яму забараніў супрацоўнік Маскоўскага райвыканкаму г. Менску Дземяшкевіч.

ЦВК праверыла сьпісы па 40-м участку — так, 19 чалавек не павінны былі там быць. Несумненна, падобнае было і на іншых адзінаццаці ўчастках (калі б аналягічная колькасьць была выяўленая хаця б яшчэ па трох участках, Голубеў набіраў бы патрэбныя для дэпутацтва 50 % плюс адзін голас). Але ЦВК адмовілася іх правяраць.

Валянцін зьвярнуўся да новаабранага Вярхоўнага Савету, аднак, як і варта было чакаць, безвынікова.

У дні, калі разглядаліся запыты кандыдатаў БНФ, абмяркоўвалася сытуацыя вакол дэпутата ад Віцебску Ўладзімера Гарбунова — прадстаўніка ня тое што прарасейскага, але і праімпэрскага хаўрусу «Марскіх афіцэраў». Спачатку высьветлілася, што яго ня мелі права рэгістраваць кандыдатам у Віцебску, бо ён быў прапісаны ў Менскім раёне і не ўваходзіў у цэнтральны кіруючы орган якой-небудзь партыі. А потым аказалася, што Гарбуноў... ня меў права на беларускае грамадзянства.

Тым ня менш, дэпутацкія паўнамоцтвы Гарбунова прызнаюць, а пасьля рэфэрэндуму 96-га ён будзе прызначаны ў Палату прадстаўнікоў, увойдзе ў міжнародную камісію так званага «парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі», заслужыць падзякі Лукашэнкі і атрымае 1-ю клясу дзяржаўнага служачага.

Улада цягнула ў дэпутаты нават не грамадзянаў Беларусі — паставіўшы бэтонную заслону для тых, для каго незалежнасьць Беларусі была сэнсам жыцьця.

Арганізатар паразы БНФ вяртаецца ў Расеі і кажа, што «беларускі народ яшчэ не дасьпеў да поўнай свабоды».

Некалькі словаў пра тое, як склаўся лёс некаторых удзельнікаў падзеяў.

Старшыня ЦВК Абрамовіч неўзабаве быў прызначаны намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, а ягоная дачка пазьней зойме пасаду члена канстытуцыйнага суду. Пабыў Абрамовіч і віцэ-сьпікерам нацыянальнага сходу. Памёр у сьнежні 2018 году.

Памочнік прэзыдэнта палкоўнік Сяргей Посахаў, які ад адміністрацыі быў адным з каардынатараў выбараў па Смаргонскай акрузе, потым адыграў сваю ролю ў супрацьстаяньні Вярхоўнага Савета з Лукашэнкам і рэфэрэндуме 96-га году. У адным з тэлеэфіраў Посахаў адправіць апазыцыю «гаўкаць на Бангалор» — плошчу, выдзеленую ўладай для апазыцыйных мітынгаў.

Канкурэнт Пазьняка ў акрузе, лекар Сьвятаслаў Савіцкі, як я ўжо казаў, не хаваў падтрымкі з боку вэртыкалі. Ён стаў кандыдатам навук, дэпутатам абласнога савета і галоўным урачом Гарадзенскай абласной бальніцы. У пачатку 2019-га быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі за незаконныя фінансавыя дзеяньні і шкоду дзяржаве памерам больш як у 40 тысяч рублёў.

Свой удзел у недапушчэньні прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, найперш БНФ, у парлямэнт, Посахаў у інтэрвію «Народнай волі» у 2009 годзе абгрунтуе тым, што, цытую, «Нават самая дэмакратычная палітыка мае ў сваім падмурку сілавы складнік». А свой досьвед выбарчых тэхналёгіяў абагульніць у доктарскай дысэртацыі «Выбарчыя тэхналёгіі і фармаваньне вышэйшых органаў улады ў Рэспубліцы Беларусь». Пазьней Посахаў зьедзе ў Расею. «Я нарадзіўся ў Расеі. І прыехаў на сваю радзіму» — сказаў ён у інтэрвію «Народнай волі», заявіўшы, што «беларускі народ яшчэ не дасьпеў да поўнай свабоды».

Гэтыя і іншыя асобы, ад простых сяброў участковых камісій да старшыні ЦВК, ад участковых міліцыянтаў да генэральнага пракурора, зрабілі ўсё, што маглі, каб не выконваць свае абавязкі перад законам і Канстытуцыяй.

Адсутнасьць у новым Вярхоўным Савеце прадстаўнікоў БНФ, асабліва з досьведам парлямэнцкай і палітычнай барацьбы адыграе крытычную ролю ў падзеях, якімі завяршаецца гэтая кніга.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG