Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія запрапануе візавыя абмежаваньні для «людзей, зьвязаных зь беларускім рэжымам»


Сьцягі ЭЗ перад будынкам Эўракамісіі ў Брусэлі
Сьцягі ЭЗ перад будынкам Эўракамісіі ў Брусэлі

Эўракамісія ў сераду, 29 верасьня, запрапануе прыпыніць дзеяньне «візавага кодэксу ЭЗ» для «людзей, зьвязаных зь беларускім рэжымам».

Пра гэта паведамляе брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьзвяк.

Паводле Польскага радыё, візавыя абмежаваньні закрануць «некаторых чыноўнікаў» беларускага рэжыму. Гэта павінна быць пакараньнем за гібрыдныя атакі, у якіх таксама ўдзельнічаюць мігранты, адзначае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Пламэцка ўдакладняе, што абмежаваньні будуць заключацца ў частковым прыпыненьні дзеяньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму і што яны закрануць дзьве групы чыноўнікаў, зьвязаных з рэжымам у Менску. Гэтыя асобы будуць праходзіць звычайныя, жорсткія працэдуры пры атрыманьні візы для ўезду ў Эўразьвяз. Яны ня будуць вызваленыя ад аплаты і не атрымаюць аўтаматычна шматразовых візаў.

Адзін з чыноўнікаў ЭЗ паведаміў Пламэцкай, што санкцыі не закрануць простых грамадзян, якія па-ранейшаму змогуць атрымаць выгаду ад спрашчэньня візавага рэжыму.

  • У студзені 2020 году Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Паводле візавага пагадненьня наступіла зьніжэньне для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньне тэрміну выдачы візаў да 10 дзён. Лукашэнка падпісаў ратыфікаваныя Палатай прадстаўнікоў пагадненьні аб візах і аб рэадмісіі ў красавіку 2020 году.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG