Алесь Пушкін: пакараньне карцарам і напісаньне п’есы
У лісьце на волю Алесь Пушкін паведаміў, што адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні, яму давялося правесьці 5 дзён у карцары. За паўгода свайго зьняволеньня ён раздаў ужо каля сотні партрэтаў зьняволеных, паведамляе тэлеграм-канал BY_culture.
Пушкін дзеліцца плянамі пра супольную выставу з мастакамі, якія зазналі турму, а таксама працуе над стварэньнем п’есы пад рабочай назвай «Чорны бусел».
30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала Горадзенская пракуратура «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму» паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці).
Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Мастака трымаюць у сьледчай турме ў Жодзіне.
Валянцін Стэфановіч: гістарычныя лекцыі ў камэры і «прыгоды кісуна»
Валянцін Стэфановіч піша, што адчувае вялікую падтрымку ад блізкіх, калегаў і неабыякавых людзей, але ўсё роўна сумуе па сям’і. Ён успрымае сваё зьняволеньне як творчую камандзіроўку, адзначаючы, што чуў за кратамі шмат сьмешных гісторый, якія яму б хацелася выкласьці на паперы ў выглядзе невялічкіх апавяданьняў разам з «асэнсаваньнем пачутага і перажытага».
«Таксама я і тут удасканальваю свае навыкі выкладчыка. Малюю мапы Эўропы часоў Першай сусьветнай і апавядаю пра гісторыю гэтай вайны. Учора, напрыклад, пра Ціхаакіянскі тэатар баявых дзеяньняў у часы Другой сусьветнай вайны. Таксама намаляваў для лепшай нагляднасьці мапу. Іншым разам расказаў пра войны ў Індакітаі. Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс. Просяць распавядаць яшчэ. Так што я тут ліквідую прабелы ў адукацыі».
Таксама Стэфановіч адзначыў, што ў іх падключылі ацяпленьне. Пад вокнамі зьбіраліся каты, праваабаронца нават намаляваў невялічкую гісторыю аб іх прыгодах, аднак «малюнкі кісуна» не прапусьціла цэнзура.
Намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1 ужо 2,5 месяца. Яго, як і старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага і юрыста Ўладзя Лабковіча, абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу) і арганізацыі і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).
Віктару Бабарыку забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні
Як гаворыць адвакат палітвязьня, умовы знаходжаньня Віктара Бабарыкі ў калёніі пагаршаюцца. У памяшканьні пякарні, дзе працуе пасаджаны ў турму прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзыдэнты высокая тэмпэратура і недастатковая вэнтыляцыя. Цяпер жа стала вядома, што Бабарыку забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні падчас афіцыйных 10-хвілінных перапынкаў.
Таксама за мінулы тыдзень палітвязьню не перадалі ніводнага ліста. Праблемы зь ліставаньнем назіраюцца таксама ў іншых палітзьняволеных. Пра гэта рэгулярна паведамляюць адвакаты, праваабаронцы, сваякі вязьняў і тыя, хто ім піша.
У Беларусі ўжо больш за 700 палітвязьняў
У аўторак палітвязьнямі прызналі яшчэ 11 чалавек — затрыманых прадстаўнікоў «Рабочага Руху». Гэта Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімер Жураўка, Валянцін Цераневіч, Дзьмітрый Елісееў, Сьвятлана Зыль, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Максім Саковіч, Ганна Аблаб і Аляксандар Капшуль.
Цяпер у Беларусі 702 палітвязьні.