Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень расстрэлу Ўладзіслава Галубка, год таму Алексіевіч выехала ў Нямеччыну


Уладзіслаў Галубок
Уладзіслаў Галубок

Падзеі 28 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

28 верасьня 1937 году савецкія карныя органы расстралялі Ўладзіслава Галубка, тэатральнага дзеяча, пісьменьніка, мастака, удзельніка нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

Быў час, калі я працаваў ня толькі за пісьмовым сталом, але яшчэ й хадзіў на службу. Тады, калі даймала начальства, калі душа ўзбунтоўвалася й прагла волі, мяне наведвала адно й тое ж нязбытнае жаданьне. О, як мне хацелася кінуць гэтую працу і стаць акторам у тэатры! Але не ў якім-небудзь, а — у вандроўным.

У юнацтве я недзе прачытаў, што ў 1920-я Беларусь мела якраз такі тэатар: ён езьдзіў з гораду ў горад, зь мястэчка ў мястэчка, зь вёскі ў вёску і нават афіцыйна называўся Вандроўным. Памятаю, як мая беларуская, зьмяшаная з цыганскаю кроў захвалявалася і ў твар дыхнуў сьвежы і салодкі вецер бясконцай дарогі. Пагатоў, тым тэатрам кіраваў чалавек з вольным, нябесным прозьвішчам — Галубок, што быў і драматургам, які напісаў сорак п’есаў, і рэжысэрам, і мастаком, і паэтам, і акторам, першым народным артыстам Беларусі.

Потым я даведаўся, што ўсё выглядала, вядома, зусім ня так ідылічна. Уладзе не спадабаліся гэтыя вандраваньні, якія цяжка трымаць пад пільным вокам, асабліва ўва ўмовах абвастрэньня клясавай барацьбы. Тым больш, перад кожным спэктаклем Галубок выступаў з выдатнай лекцыяй пра беларускую гісторыю й культуру.

Тэатар зрабілі аселым і загадалі ўвесьці ў рэпэртуар п’есы пра клясавае змаганьне. Самога ж Галубка ўрэшце забралі, каб прысудзіць да расстрэлу. Пры арышце загінуў і вялікі куфар з рукапісамі.

Жонка народнага артыста, якая спрабавала пасьля мужавага арышту скончыць жыцьцё самагубствам, здаецца, дачакалася ягонай рэабілітацыі, але ўжо не дажыла да адкрыцьця ў 1982-м у менскім Траецкім прадмесьці грамадзкай гасьцёўні імя Ўладзіслава Галубка.

Цяпер я добра абазнаны ў лёсе Галубка, але запаветная мара — хоць на месяц зрабіцца акторам ці проста рабочым сцэны вандроўнага тэатру — у маёй душы па-ранейшаму жывая.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 156-157.

У гэты дзень год таму

  • Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч 28 верасьня выехала на лячэньне ў Нямеччыну.
  • Распараджэньне старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу страціла сілу.
  • МУС Беларусі паведаміла, што падчас нядзельных маршаў пратэсту затрымалі звыш 350 чалавек.

Гэты дзень у гісторыі

1708 — бітва расейскага войска са швэдамі каля вёскі Лясная, непадалёк ад Прапойску, цяперашняга Слаўгарада.

1760 — узяцьцё Бэрліну расейскімі і аўстрыйскімі войскамі падчас Сямігадовай вайны.

1799 — у жаночым Сьвята-Троіцкім манастыры Менску адкрылася 2-я клінічная лякарня, найстарэйшая лячэбная ўстанова.

1864 — утвораны Першы Інтэрнацыянал — Міжнароднае таварыства працоўных.

1939 — у Маскве міністры замежных спраў СССР і Нямеччыны Молатаў і Рыбэнтроп падпісваюць «Нямецка-савецкую дамову аб дружбе і мяжы паміж СССР і Нямеччынай». Быў таксама падпісаны сакрэтны пратакол, паводле якога Літва ўключалася ў сфэру інтарэсаў Савецкага Саюзу.

Вячаслаў Молатаў і Ёахім Рыбэнтроп, Масква
Вячаслаў Молатаў і Ёахім Рыбэнтроп, Масква

1941 — нацысты зьнішчылі ў Мар’інай Горцы больш за тысячу габрэяў.

2008 — парлямэнцкія выбары ў Беларусі.

Акцыя пратэсту ў дзень парлямэнцкіх выбараў, Менск, 28 верасьня 2008 г. (фота Антона Матолькі)
Акцыя пратэсту ў дзень парлямэнцкіх выбараў, Менск, 28 верасьня 2008 г. (фота Антона Матолькі)

У гэты дзень нарадзіліся

551 да н. э. — Канфуцый, кітайскі філёзаф і мысьляр.

Канфуцый
Канфуцый

1803 ― Праспэр Мэрымэ, францускі пісьменьнік.

1934 ― Брыжыт Бардо, француская кінаакторка, актывістка руху абароны правоў жывёлаў, сэкс-сымбаль эўрапейскага кіно 1960-х.

Брыджыт Бардо
Брыджыт Бардо

1944 — Мілаш Зэман, прэзыдэнт Чэхіі.

1962 — Алена Анісім, беларуская мовазнаўца і палітычная дзяячка, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Алена Анісім
Алена Анісім

У памяці

1966 — Андрэ Брэтон, францускі паэт.

1970 — Джон Дос Пасас, амэрыканскі пісьменьнік.

1970 — Гамаль Абдэль Насэр, першы прэзыдэнт Эгіпту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG