Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр знакаміты беларускі футбаліст Сяргей Герасімец

абноўлена

Сяргей Герасімец
Сяргей Герасімец

Ён забіваў пераможны гол Нідэрляндам і некалькі гадоў быў адным з найбольш моцных і пазнавальных гульцоў зборнай Беларусі.

На 56-м годзе жыцьця памёр знакаміты беларускі футбаліст Сяргей Герасімец, паведамляе Tribuna.

Па паходжаньні Герасімец — украінец, ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1965 году ў Кіеве, там жа і пачаў кар’еру. У 1989 годзе прыехаў у Менск выступаць за «Дынама», а ў выніку застаўся ў Беларусі і пачаў выступаць за зборную краіны.

У 1993 годзе Сяргея Герасімца прызналі найлепшым гульцом Беларусі.

Акрамя Ўкраіны і Беларусі, паўабаронца атакавальнага пляну выступаў у чэмпіянатах Ізраілю, Літвы, Расеі.

У складзе зборнай Беларусі Сяргей Герасімец правёў 25 матчаў і забіў 7 галоў, самы знакаміты зь якіх у браму зборнай Нідэрляндаў у 1995 годзе. У тым сэзоне амстэрдамскі «Аякс» перамог у Лізе чэмпіёнаў, а яго футбалісты складалі аснову нідэрляндзкай зборнай. Тым ня менш, гол Герасімца стаў адзіным у той сустрэчы і прынёс Беларусі адну з найяскравейшых перамог у яе гісторыі.

Пасьля завяршэньня кар’еры гульца ў пачатку 00-х Герасімец стаў трэнэрам, у апошнія гады працаваў зь некалькімі клюбамі ў Расеі, а таксама Армэніі.

За некалькі гадзін да сьмерці ягоная каманда «Ядро» перамагла ў чэмпіянаце Паўночна-Заходняй фэдэральнай акругі Санкт-Пецярбургу, клюб паведаміў у інстаграме, што Герасімец быў шчасьлівым і ўжо будаваў пляны на наступны сэзон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG