Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Латвіі асудзілі рэжым Лукашэнкі на Генасамблеіі ААН

абноўлена

Анджэй Дуда падчас прамовы ў ААН
Анджэй Дуда падчас прамовы ў ААН

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда з трыбуны ААН заклікаў вызваліць палітычных вязьняў у Беларусі і заявіў, што Польшча не саступіць у міграцыйным крызісе.

«Каля польскай мяжы адбываюцца трагічныя падзеі, пра якія, здаецца, чалавецтва забылася», — так пачаў Анджэй Дуда сваю прамову ў частцы, прысьвечанай Беларусі.

«Мы патрабуем большай салідарнасьці міжнароднай супольнасьці з народам Беларусі»

«COVID-19 таксама зацямняе многім тое, што адбываецца ў суседняй з Польшчай Беларусі, дзе ад жніўня 2020 году сотні тысяч людзей штодня выходзілі на мірныя акцыі пратэсту, патрабуючы толькі аднаго: павагі да вынікаў выбараў. Замест гэтага яны сутыкаліся з дручкамі, сьлезацечным газам, а нярэдка і кулямі з боку рэжыму, які бараніў сябе ад уласнага народу.

Калі я кажу гэтыя словы, у Беларусі ў турмах знаходзіцца больш за 650 чалавек, у асноўным маладыя жанчыны і мужчыны, патрыёты, якія проста хацелі мець магчымасьць сумленна выбраць свайго лідэра. Яны цярпяць зьняволеньне з палітычных матываў. Нядаўна суд прыгаварыў дваіх зь іх — Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака — да 10 і 11 гадоў пазбаўленьня волі. Разам зь імі ў турмах і пад арыштам за сваю дэмакратычную дзейнасьць знаходзяцца лідэры польскай меншасьці ў Беларусі — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Гэта толькі некалькі імёнаў сярод сотняў перасьледаваных. Мы патрабуем вызваленьня ўсіх іх і большай салідарнасьці міжнароднай супольнасьці з народам Беларусі, які проста хоча ў сябе сумленнай дзяржавы, сумленнай дэмакратыі.

Што ж такога кепскага зрабілі гэтыя людзі? Нічога. Яны хацелі гэткага ж права выбіраць уладу, якое маюць французы, палякі, амэрыканцы, карэйцы, аўстралійцы ці жыхары Аргентыны ці ЗША. Яны хацелі свабодных выбараў, за якія выступаюць многія з нас, прэзыдэнтаў свабоднага сьвету, і важнасьць якіх так выразна падкрэсьліла Генэральная Асамблея ААН у шэрагу гістарычных ужо цяпер рэзалюцый „Павышэньне эфэктыўнасьці прынцыпу пэрыядычных і сапраўдных выбараў“. На мяжы 80 і 90-х гадоў яны засьведчылі, што права на стварэньне ўласнага ўраду — гэта не заходняя прыдумка, а ўнівэрсальнае права чалавека. Беларусы, грамадзтва гэтай дзяржавы, хочуць мець магчымасьць патрабаваць ад сваіх уладаў выкананьня гэтага ўнівэрсальнага закону, яны плацяць за гэта пакутамі, плацяць за гэта зьняволеньнем», — сказаў Дуда.

Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

У Польшчы знайшлі прытулак амаль 150 тысяч беларусаў

«Я кажу ўсё гэта як кіраўнік краіны, у якой прытулак і працу знайшлі амаль 150 тысяч беларусаў, у тым ліку тысячы ўдзельнікаў пратэстаў. Нядаўна я сказаў нашым беларускім братам, што мы рады іх вітаць і што Польшча будзе для іх домам столькі часу, колькі яны палічаць патрэбным і неабходным. Я цьвёрда трымаюся гэтых слоў», — адзначыў Дуда.

«Рэжым ставіцца да імігрантаў як да пешак у палітычнай гульні»

«Аднак салідарнасьць таксама мае сваю цану. Бо рэжымы абараняюцца ня толькі ад уласных грамадзян, але і ад дэмакратычных дзяржаў.

Адказам аўтарытарнага рэжыму Беларусі была беспрэцэдэнтная гібрыдная атака на межы Польшчы, Латвіі і Літвы, трох дзяржаў усходняга флянгу NATO і Эўрапейскага Зьвязу. Ужо шмат тыдняў рэжым Аляксандра Лукашэнкі прывозіць у сваю краіну дзясяткі тысяч адчайдушных жыхароў Блізкага Ўсходу, якіх пад паліцэйскімі дручкамі прымушае пераходзіць нашы межы і спрабуе выклікаць штучны „гуманітарны крызіс“. Потым гэтыя людзі качуюць на мяжы, а рэжым застаецца глухім да нашых прапаноў гуманітарнай дапамогі. Рэжым ставіцца да гэтых людзей, імігрантаў, як да пешак у палітычнай гульні, зьневажае іх годнасьць і элемэнтарныя правы», — лічыць Дуда.

«Мы не саступім у гэтым крызісе»

«Мы не саступім у гэтым крызісе, бо ня згодныя з інструмэнтальным стаўленьнем да мігрантаў, з выкарыстаньнем іх цяжкага становішча для ўчынкаў, скіраваных супраць бясьпекі нашых межаў, межаў, абарона якіх — наш абавязак, у тым ліку як дзяржавы — сябра ЭЗ, якая ахоўвае мяжу эўрапейскай супольнасьці», — заявіў польскі прэзыдэнт.

«Я кажу гэта, каб яшчэ раз нагадаць вам, што сьвет не стаяў на месцы падчас пандэміі. Пандэмія не пазбавіла імкненьне народаў да дэмакратыі і людзей ад іх прагі жыць свабоднымі», — дадаў Дуда.

Ён адзначыў, што Польшча і далей будзе падтрымліваць дэмакратычныя рухі ў рэгіёне.

«Бо гэта моманты, якія аднаўляюць веру ў асноўныя каштоўнасьці чалавецтва і актывізуюць пласты салідарнасьці ў іншых краінах, у тым ліку ў маёй», — адзначыў Дуда.

Прэзыдэнт Латвіі: «Адзінае вырашэньне крызісу ў Беларусі — новыя сумленныя выбары»

Эгілтс Левітс на трыбуне ААН
Эгілтс Левітс на трыбуне ААН

Тэму Беларусі падняў у ААН і прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левітс.

Латвія «ўважліва сачыла за драматычным разьвіцьцём падзеяў у суседняй зь ёй Беларусі, дзе жорстка душацца спробы грамадзтва прыняць рашэньне пра будучыню сваёй краіны», — сказаў ён.

«Латвія рашуча асуджае дзеяньні рэжыму Лукашэнкі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і журналістаў. Улады зайшлі так далёка, што захапілі міжнародны рэйс.

Беларусь эксплюатуе і падстаўляе пад сурʼёзную рызыку безабаронных людзей з розных рэгіёнаў сьвету, спрабуючы стварыць мэтавыя інтэнсіўныя міграцыйныя плыні ў Літву, Латвію і Польшчу, каб дэстабілізаваць Эўропу.

Наш абавязак і права — бараніць нашу дзяржаўную мяжу! Але ў той жа час Латвія ў супрацоўніцтве з сваімі няўрадавымі арганізацыямі аказвае гуманітарную дапамогу людзям, якія сталі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі.

Адзінае вырашэньне крызісу ў Беларусі — новыя сумленныя свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары ў прысутнасьці міжнародных назіральнікаў», — адзначыў Эгілс Левітс.

Прэзыдэнт Літвы заклікаў адбіць у мігрантаў ахвоту парушаць межы і «вырашыць пытаньне» зь Беларускай АЭС

Гітанас Наўседа ў ААН
Гітанас Наўседа ў ААН

Літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа з трыбуны ААН нагадаў пра перасьлед грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі, якія Літва лічыць міжнароднымі.

Пра рэпрэсіі

«Я таксама з глыбокім сумам успамінаю падзеі мінулага году ў Беларусі, калі сапраўдны пратэставы рух, які ўзьнік пасьля фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, быў жорстка задушаны. Незалежную грамадзянскую супольнасьць і СМІ змушаюць маўчаць, сотні людзей арыштоўваюць, жорстка бʼюць і катуюць».

Пра пасадку Ryanair

«Безадказныя дзеяньні беларускага рэжыму могуць зрабіць значна большы ўплыў на міжнародную бясьпеку. Мы былі сьведкамі гэтага 23 траўня, калі быў учынены згон і прымусовая пасадка самалёта авіякампаніі Ryanair. Гэта было яўнае парушэньне міжнароднага права. Такія дзеяньні павінны разглядацца як акт спансаванага дзяржавай тэрарызму».

Пра міграцыйны крызіс

«Беларускі рэжым таксама выпрабоўвае новыя мэтады гібрыдных дзеяньняў. Вось ужо некалькі месяцаў Літва сутыкаецца зь беспрэцэдэнтнай гібрыднай атакай. Штучна ствараючы і скіроўваючы плыні нелегальнай міграцыі, Беларусь імкнецца чыніць палітычны ціск на Эўрапейскі Зьвяз.

Літва рашуча адкідае гэтую спробу пасеяць разлад і заклікае Арганізацыю Абʼяднаных Нацый заняцца рашэньнем гэтага пытаньня. Нам усім неабходна актыўна змагацца з гандлем людзьмі, разбурыць бізнэс-мадэль кантрабандыстаў і адбіць у мігрантаў ахвоту рызыкаваць сваім жыцьцём. Неабходна правесьці сурʼёзныя дыскусіі пра тое, як ня даць адной краіне выкарыстоўваць нелегальную міграцыю для ціску на іншую краіну. Мы мусім выразна заявіць, што нельга выкарыстоўваць людзей у якасьці інструмэнтаў».

Пра БелАЭС

«Апроч таго, Беларусь нядаўна ўчыніла яшчэ адно абуральнае дзеяньне — пачала камэрцыйную эксплюатацыю небясьпечнай ядзернай электрастанцыі, якая месьціцца паблізу мяжы зь Літвой. Ігнаруючы шматлікія трывожныя інцыдэнты і не выконваючы асноўных міжнародных стандартаў бясьпекі, беларускі рэжым чарговы раз прадэманстраваў поўную адсутнасьць пачуцьця адказнасьці.

Перакананы, што было б калясальнай памылкай ставіцца да такіх парушэньняў гэтаксама, як і да кліматычна дружалюбных вытворцаў, якія шануюць навакольнае асяродзьдзе і выконваюць правілы ядзернай бясьпекі. Вырашэньне пытаньня Беларускай АЭС мае вялізнае значэньне для нашага навакольля і ёсьць пытаньнем бясьпекі ўсіх жыхароў Эўропы», — сказаў Гітанас Наўседа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG