Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заглухла пытаньне». Лукашэнка зноў выказаўся пра канстытуцыйную рэформу і перадачу «часткі паўнамоцтваў»


«Рамонт Канстытуцыі», карыкатура.
«Рамонт Канстытуцыі», карыкатура.

Пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 28 верасьня. Пра гэта ён сам сказаў падчас нарады з кіраўніцтвам Савету міністраў.

Паводле праўладнага тэлеграм-каналу «Пул первого», Лукашэнка незадаволены, што ягоныя падначаленыя «дачасна супакоіліся».

«Заглухла пытаньне! Зрабілі некалькі крокаў — і супакоіліся! Перадача паўнамоцтваў прэзыдэнта, каб, не парушаючы Канстытуцыю, гэта зрабіць; перадача паўнамоцтваў ураду, мясцовым органам улады і гэтак далей», — пералічыў ён, адзначыўшы, што частку працэдурных пытаньняў рэальна ажыцьцявіць і бязь зьмены Асноўнага Закону.

«Ну, і праект Канстытуцыі. Мы бліжэйшым часам абмяркуем яго. У цэлым з камісіяй хачу сустрэцца — пасьля таго як яны скончылі ў сябе абмеркаваньне. А далей створым канкрэтную невялікую групу, якая будзе прафэсійна дапрацоўваць праект. Думаю, у наступны аўторак варта правесьці пасяджэньне камісіі з удзелам прэзыдэнта», — выказаў пажаданьне Лукашэнка, папракнуўшы сваю адміністрацыю ў цяганіне.

«Па лініі адміністрацыі прэзыдэнта ў нас вельмі шмат набралася пытаньняў — палітычных, ідэалягічных, кадравых. Хутка рэфэрэндум, ёсьць пра што пагаварыць. Таму трэба парлямэнтарам, адміністрацыі, дый ураду падлучыцца, сабраць 5–6 пытаньняў. Абавязкова на гэтай нарадзе неабходна разгледзець перадачу часткі паўнамоцтваў прэзыдэнта», — падсумаваў Лукашэнка.

Як адзначаюць экспэрты, пакуль што спробы «перадачы паўнамоцтваў» носяць выключна касмэтычны характар і ніяк не падобныя да намеру падзяліцца рэальнай уладай.

На Ўсебеларускім народным сходзе ў лютым Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы цягам году. У сярэдзіне сакавіка ён падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі, якой было даручана распрацаваць прапановы наконт зьмены Асноўнага Закону. У яе склад увайшлі 36 чалавек на чале з кіраўніком Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. Ніхто зь ліку апанэнтаў улады туды ня трапіў.

Камісія прапанавала ўнесьці зьмены ў 59 артыкулаў, уключыць 16 новых, а 2 выключыць. Адна з ініцыятываў — падвысіць да 40 гадоў узроставы цэнз для абраньня на пасаду прэзыдэнта (цяпер прэзыдэнтам можа быць грамадзянін, не маладзейшы за 35 гадоў, які пастаянна пражывае ў краіне ня менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі). Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны.

Паведамляецца, што камісія ўжо падала Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум, дата якога пакуль што афіцыйна не абвешчаная.

30 ліпеня Лукашэнка папракнуў старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, старшыню Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча і старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку — за тое, што яму далі недапрацаваны праект зьменаў у Канстытуцыю: «Заўваг аж на 170 старонак!»

«Я сёньня вярнуў усю гэтую пісаніну вам. Зьбірайцеся і паспрабуйце гэта да чытаньня на ўзроўні прэзыдэнта прывесьці ў адпаведнасьць. А потым разам са мной (я абяцаў гэта) мы сядзем і пойдзем па кожным разьдзеле, па кожным артыкуле. А потым вынесем на ўсенароднае абмеркаваньне — няхай людзі азнаёмяцца. І не пазьней за люты мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG