Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад за датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу. Лукашэнка засьцерагае ад «размываньня грошай»


Маладая маці, ілюстрацыйнае фота
Маладая маці, ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў плянуе пашырыць магчымасьці датэрміновага выкарыстаньня сямейнага капіталу. Нормы ўключаць у праект адпаведнага ўказу.

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заявіла, што датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу прапануецца пашырыць за кошт такіх кірункаў як жытло, мэдыцына, адукацыя. Таксама зьявіцца магчымасьць купіць сродкі сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі для сем’яў, у якіх дзеці альбо бацькі маюць інваліднасьць.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў паставіў пытаньне аб апраўданасьці і своечасовасьці пашырэньня межаў датэрміновага выкарыстаньня сямейнага капіталу.

«Размываць гэтыя грошы нельга. Нельга разьменьваць доўгатэрміновую падтрымку на імгненныя патрэбы. Прынамсі хацеў бы пачуць дадатковыя аргумэнты. Але ў цэлым жыцьцё паказвае, што мы выбралі правільны шлях. Колькасьць шматдзетных сем’яў прырастае. За апошнія 10 гадоў — практычна ўдвая, сёньня іх больш за 115 тысяч. Мэханізм праграмы працуе эфэктыўна, значыць, трэба разьвіваць яго далей», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, праграмай сямейнага капіталу скарысталіся ўжо больш за 100 тысяч шматдзетных сем’яў.

З мэтай дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў, стымуляваньня нараджальнасьці пры зьяўленьні трэцяга або наступных дзяцей дзяржавай даецца так званы «сямейны капітал» — аднаразовая падтрымка ў форме безнаяўных грашовых сродкаў, цяпер гэта 23 737 рублёў.

Сямейны капітал прызначаецца пры нараджэньні (усынаўленьні) з 1 студзеня 2020 году па 31 сьнежня 2024 году трэцяга ці наступных дзяцей, калі з улікам народжанага (усыноўленага) у сям’і выхоўваюцца ня менш як трое дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў.

Права на сямейны капітал можа быць рэалізавана толькі адзін раз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG