Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не зьяўляецца магчымым вызначыць асобу». Генпракуратура прыпыніла справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі


Партрэт Рамана Бандарэнкі падчас грамадзкай паніхіды ў Менску. 20 лістапада 2020 года
Партрэт Рамана Бандарэнкі падчас грамадзкай паніхіды ў Менску. 20 лістапада 2020 года

Расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце сьмерці актывіста Рамана Бандарэнка прыпынілі.

Пра гэта паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі. Ведамства спасылаецца на п. 1 ч. 1 арт. 246 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу — «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Там удакладнілі, што, у адпаведнасьці з п. 1 ч. 2 ст. 247 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі, пасьля прыпыненьня вядзеньня справы прымаюцца захады для вызначэньня асобы, якую належыць прыцягнуць у якасьці абвінавачанага.

Крымінальную справу завялі па факце нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, ад якіх Раман Бандарэнка памёр. Гэта здарылася ў лістападзе 2020 году. Актывіста затрымалі на «плошчы Перамен» (двор паміж дамамі на вуліцы Чарвякова ў Менску) пасьля канфлікту зь людзьмі, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. З Цэнтральнага РУУС ён трапіў у рэанімацыю, дзе памёр.

Улады, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, заяўлялі, што Раман Бандарэнка быў нецьвярозы. Гэта было зьняпраўджана на падставе мэдычных дакумэнтаў, якія абнародаваў доктар Арцём Сарокін і апублікавала журналістка парталу Тut.by Кацярына Барысевіч.

Барысевіч і Сарокіна прыцягнулі за гэта да крымінальнай адказнасьці: Кацярына атрымала рэальны тэрмін зьняволеньня, Арцём — пакараньне з адтэрміноўкай.

Спачатку расьсьледаваньнем сьмерці Бандарэнкі займаўся Сьледчы камітэт. Але на загад Лукашэнкі справу перадалі Генэральнай пракуратуры. У выніку ведамства яе спыніла.

Былыя сілавікі, якія аб’ядналіся ў арганізацыю ByPol, апублікавалі запісы размоваў прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і хакейнага функцыянэра Дзьмітрыя Баскава.

З аўдыёзапісу вынікае, што абое былі ў той вечар на «плошчы Перамен». Гэта стала адной з прычынаў, чаму Міжнародная фэдэрацыя хакею дыскваліфікавала Дзьмітрыя Баскава. Таксама сьцьвярджалася, што на месцы трагедыі быў спартовец Дзьмітры Шакута.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG