«Гэтая ініцыятыва накіравана на забесьпячэньне таго, каб кожны з нас валодаў самымі сучаснымі магчымасьцямі, неабходнымі нам для манэўраваньня і абароны ад пагрозаў, якія хутка разьвіваюцца», — цытуе ВВС прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Аўстралія, Вялікая Брытанія і ЗША занепакоеныя ростам вайсковай прысутнасьці Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Новае партнэрства павінна супрацьстаяць рэгіянальнаму ўплыву Пэкіну, асабліва ў спрэчным Паўднёва-Кітайскім моры, а таксама процідзейнічаць узмацненьню Кітаю ў вайсковай і тэхналягічнай сфэрах, піша Politico са спасылкай на амэрыканскія крыніцы.
Першым праектам AUUKUS будзе наяўнасьць у Аўстраліі атамных падводных лодак бязь ядзернай зброі. Аўстралія атрымае ад саюзьнікаў тэхналёгіі будаўніцтва, адмовіўшыся ад пагадненьня з Францыяй на 66 мільярдаў даляраў. Парыж абураны. «Гэта сапраўды ўдар у сьпіну. Саюзьнікі так ня робяць», — заявіў кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Лё Дрыян у эфіры радыёстанцыі France Info.
У 2017 годзе Аўстралія абвясьціла пра кантракт з францускай суднабудаўнічай кампаніяй Naval Group на будаўніцтва 12 падлодак коштам больш за 60 мільярдаў даляраў. Гэта найбуйнейшы абаронны кантракт у гісторыі краіны.
Прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан паведаміў, што яго краіна купіць амэрыканскія крылатыя ракеты вялікай дальнасьці «Тамагаўк». Іх усталююць на эсьмінцы каралеўскага ваенна-марскога флёту Аўстраліі для нанясеньня ўдараў на вялікія адлегласьці, заявіў аўстралійскі прэмʼер журналістам.
У рамках партнэрства AUUKUS Аўстралія, Вялікабрытанія і ЗША маюць намер таксама цесна супрацоўнічаць у сфэры кібэртехналёгіяў, штучнага інтэлекту і квантавых тэхналёгій, гаворыцца ў заяве аб стварэньні альянсу.