Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 верасьня: суткі арышту псыхіятру за перапост, абмежаваньне волі за леташнія пратэсты

абноўлена

Суд Маскоўскага раёну Менска, архіўнае фота.
Суд Маскоўскага раёну Менска, архіўнае фота.

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за мірныя пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

Гамельчука асудзілі на 2,5 году «хіміі» за камэнтар у «Аднаклясьніках»

Раман Скапцоў пабачыў у сацыяльнай сетцы відэа затрыманьня, на якім міліцыянт каленам прыціскаў галаву пратэстоўца да зямлі, і напісаў камэнтар: «Усе людзі як людзі, а гэты — ч…о».

На яго завялі крымінальную справу за абразу міліцыянта. Каб не раскрыць асабістых зьвестак пацярпелага, суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пракурор Дзьмітры Гусакоў запатрабаваў пакараць Скапцова двума з паловай гадамі хіміі — і судзьдзя Яўген Шаршнёў вынес такі прысуд. Таксама Скапцоў мусіць заплаціць міліцыянту паўтары тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Ад паслуг адваката Раман Скапцоў адмовіўся.

(Паводле тэлеграм-каналаў «Сильные новости» и «Вясна»).

На блогера завялі дзьве крымінальныя справы: пагражае да 4 гадоў калёніі

На горадзенскага блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) завялі дзьве крымінальныя справы: за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за абразу дзяржаўнага сьцяга Беларусі (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу). За абразу яму пагражае да 4 гадоў калёніі. Пра гэта стала вядома ад сяброўкі блогера.

Суткі лекару за перапост артыкула пра сям’ю Тарайкоўскага

Суд Полацкага раёну пакараў 7-суткавым арыштам лекара-псыхіятра Віталя Савіцкага за перапост артыкулу ў сацыяльнай сетцы. Рашэнне прыняў судзьдзя Віктар Баліка.

Пратэстуючы супраць несправядлівага, на ягоную думку, рашэньня, мэдык пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў пра пачатак галадоўкі, паведамляе «Віцебская Вясна».

Перапост быў зроблены 16 чэрвеня ў «Вконтакте» ў групе «Плошча», якую прызналі экстрэмісцкай. У тэксьце расказвалася пра жыцьцё жонкі і дзіцяці Аляксандра Тарайкоўского, які летась загінуў у Менску падчас акцый пратэсту.

Віталя Савіцкага затрымалі 14 верасьня, калі ён прыйшоў у Полацкі РАУС паводле позвы, якую яму ўручыў на працы ўчастковы Віктар Кураш. Лекара абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 19.11 КаАП). Артыкул прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь або арышт.

На судзе Віталь Савіцкі не прызнаў сваёй віны, пагадзіўшыся, што сапраўды перапосьціў артыкул пра сям’ю Тарайкоўскага. Зазначыў, што ў тэксьце не было ніякіх заклікаў да гвалту ці «экстрэмісцкай дзейнасьці».

Суддзя Віктар Баліка заўважыў, што лекар «павінен разумець істотную пагрозу бясьпецы ад перапосту экстрэмісцкіх матэрыялаў», і пакараў яго арыштам на 7 сутак.

Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Віталь Савіцкі заявіў пра пачатак галадоўкі. Такім чынам мужчына выказаў пратэст супраць несправядлівага рашэньня суду.

На выхадзе з суду ўчастковы міліцыянт Віктар Кураш папярэдзіў усіх, хто там сабраўся, каб ніякіх фатаздымкаў з судовага паседжання не зьявілася ў сацыяльных сетках, прыгразіўшы штрафамі і арыштамі.

Чатыры выракі за леташнія пратэсты

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», 16 верасьня Фрунзэнскі раённы суд Менску вынес прысуд чатыром асобам, якіх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (грубае парушэньне грамадзкага парадку): Натальлі Астрэйка, Галіне Заронак і палітвязьням Сяргею Шчыцёнку і Сяргею Бялевічу.

Натальлі Астрэйцы, Галіне Заронак і Сяргею Шчыцёнку прысудзілі па тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову – «хатняй хіміі». Сяргея Бялевіча пакаралі трыма гадамі «хіміі». Менавіта такое пакараньне прасіў памочнік пракурора Фрунзенскага раёну Дзьмітры Хаваўка. Мужчын-палітвязняў вызвалілі ў залі суду, жанчыны дагэтуль знаходзіліся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Справу разглядала судзьдзя Юлія Блізьнюк.

Згодна з абвінавачаньнем, падчас леташніх пратэстаў яны ішлі па дарозе, пляскалі ў далоні, у кагосьці з абвінавачанага меўся сьцяг. Усё яны нібыта дакладна ўсьведамлялі, што выйшлі на несанкцыянаваныя мерапрыемствы, праявілі відавочнае непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і неаднаразова адмаўляліся выканаць патрабаваньні разысьціся.

Таксама іх абвінавацілі ў тым, што яны перапісваліся ў тэлеграм-чаце, дзе падбухторвалі да супрацьпраўных дзеянняў іншых удзельнікаў.

Судзяць за ўдзел у счэпцы і перанос лаўкі

Суд Маскоўскага раёну Менску 15 верасьня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 24-гадовага жыхара сталіцы Беларусі Паўла Яіцкага, паведамляе «Вясна».

Яго вінавацяць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК). Справу разглядае судзьдзя Тацяна Пірожнікава.

Паўла Яіцкага затрымалі 17 чэрвеня 2021 году за ўдзел у пратэстах 9-11 жніўня 2020 году. Абвінавачанага апазналі па фатаздымках у сацыяльных сетках: першы эпізод у справе — фота счэпкі недалёка ад стэлы, побач са скрыжаваньнем праспэктаў Пераможцаў і Машэрава. У судзе стала вядома, што падсудны падчас пратэстаў стаяў у счэпцы і дапамог паднесьці лаўку, якой перакрывалі вуліцу.

Дзьве справы на блогера Vadimati

На горадзенскага блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) завялі дзьве крымінальныя справы: за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за абразу дзяржаўнага сьцяга Беларусі (артыкул 370 КК Беларусі). За абразу яму пагражае да 4 гадоў калёніі. Пра гэта Свабодзе стала вядома ад сяброўкі блогера.

Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, жыве ў Горадні, па адукацыі юрыст. Прадае адзеньне на адным з гарадзкіх рынкаў, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў, вырашае «народныя праблемы», у апошні год наведвае «палітычныя» суды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG