Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пачала візыт у Францыю. Яе прыняў міністар замежных справаў


Сьвятлана Ціханоўская зь Жан-Івам Лё Дрыянам
Сьвятлана Ціханоўская зь Жан-Івам Лё Дрыянам

Падчас першага дня візыту ў Францыю Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам Жан-Івам Лё Дрыянам у Парыжы. З пачатку беларускага крызісу францускі міністар рэгулярна падтрымліваў сувязь зь лідаркай апазыцыі.

Як паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай, у размове зь міністрам яна падкрэсьліла:

  • нельга дапусьціць гандлю палітвязьнямі, усе зьняволеныя з палітычных матываў мусяць быць вызваленыя і рэабілітаваныя;
  • трэба працягваць дыпляматычную ізаляцыю рэжыму, амбасадары ні ў якім разе не павінны ўручаць даверчыя лісты, легітымізаваць рэжым ці яго дзеяньні;
  • важна таксама працягваць дапамогу беларускаму грамадзтву. Адным з крокаў можа быць спрашчэньне візавых працэдураў, у тым ліку выдача гуманітарных візаў для тых, каму патрэбна тэрміновая рэлякацыя зь Беларусі, а таксама адмена шэнгенскіх візаў для беларусаў;
  • трэба разглядзець пытаньне прыпыненьня сяброўства Беларусі ў Інтэрполе і падтрымаць рэзалюцыю ў трэцім камітэце ААН аб Беларусі.

«Вельмі важна, каб Францыя, краіны ЭЗ, усе дэмакратычныя краіны гаварылі адным голасам, выступалі ў падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне — у Радзе Бясьпекі ААН, на саміце G20», — адзначыла Ціханоўская.

Міністар Лё Дрыян заявіў, што Францыя падтрымлівае ўвядзеньне новых санкцый супраць рэжыму. Таксама, паводле міністра, Францыя працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць.

«Я хацеў бы пацьвердзіць салідарнасьць Францыі зь беларускім народам, прымаючы сёньня ў Парыжы Сьвятлану Ціханоўскую. Мы не пагодзімся з жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму і актамі дэстабілізацыі супраць нашых эўрапейскіх партнэраў», — напісаў Лё Дрыян у сваім твітэры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG