Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любімую не аддаюць, а б’юць: як рэжым Лукашэнкі спрыяе хатняму гвалту


Зь мінулага жніўня ў Беларусі часта праводзяць аналёгію паміж паводзінамі Лукашэнкі і хатнім гвалтам. Мы сказалі і паказалі, што сыходзім, а агрэсар адмаўляецца гэта прымаць і сілай вымушае быць разам. Цяпер жа, ліквідуючы грамадзкае аб’яднаньне «Радзіслава», якое шмат гадоў дапамагала жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, так званыя ўлады паказваюць, што мы ўсё правільна зразумелі і зрабілі правільныя параўнаньні. Яны ня могуць дапусьціць, каб нават на сямейным узроўні пацярпелыя маглі сыходзіць. Што ўжо казаць пра ўзровень цэлай краіны?

І гэта, вядома, катастрофа.

На фоне татальнага зьнішчэньня трэцяга сэктару ў Беларусі можа падацца, што гэта проста чарговая ліквідацыя, нічым не прыкметная. Але я ўсё ж дазволю сабе праранжыраваць недзяржаўныя арганізацыі. Не паводле важнасьці для грамадзтва, не! Усе яны, безумоўна, важныя, і для паўнавартаснага разьвіцьця нам трэба, каб былі НДА ва ўсіх сфэрах. Але ўсё ж варта прызнаць, што ёсьць такія арганізацыі, якія выконваюць задачы экстраных службаў. І вось іх зьнікненьне — гэта катастрофа не ў далёкай пэрспэктыве, а проста зараз.

Гэта як параўноўваць зьнішчэньне бібліятэк і лякарняў. Пры ўсёй павазе да літаратуры і пры ўсім разуменьні, якую важную ролю яна грае ў гісторыі народаў, відавочна, што ў крытычных сытуацыях нам трэба найперш мэдыкі. Гэтак жа і з НДА — для грамадзтва вельмі патрэбны і адукацыйныя, і напаўзабаўляльныя ініцыятывы, але каб было каго адукоўваць і забаўляць, трэба, каб людзі выжывалі.

І тут ужо не да мэтафар і прыгожых аналёгій, бо ліквідацыя «Радзіславы» значыць, што жанчыны будуць паміраць.

У прытулак арганізацыі траплялі тыя, каму больш не было куды ісьці, каб схавацца. І не, дзяржаўныя прытулкі — ня выйсьце. Я асабіста ведаю як мінімум адну гісторыю, як у прытулак «Радзіславы» засялілася жанчына пасьля дзяржаўнай схованкі, куды змог увайсьці яе муж, ад якога яна зьбегла. Таксама я памятаю гісторыю, як міліцыянты ня ведалі, што зь іх апорнага пункту ёсьць дзьверы наўпрост у такую схованку.

І куды цяпер ісьці жанчынам? Забіваць сябе, пакуль не забіў той, хто калісьці кляўся ў вечным каханьні? Ці пакуль не забіў уласны сын? Краіна для жыцьця, што тут скажаш.

Колькасьць самагубстваў і забойстваў і праўда, хутчэй за ўсё, папоўніцца «сямейнымі гісторыямі», але на афіцыйным узроўні гэта праігнаруюць і дакладна ня будуць зьвязваць са зьнішчэньнем недзяржаўнай арганізацыі. Гэта будзе статыстычная хібнасьць, нявартая ўвагі людзей, якія пасадзілі на дзесяць гадоў сьведку забойства Генадзя Шутава, зьбілі да сьмерці Рамана Бандарэнку і трымаюць у СІЗА Ксенію Луцкіну, у якой расьце пухліна галаўнога мозгу. Для іх некалькі забітых сваякамі жанчын — звычайная «бытавуха». Маўляў, ня трэба драматызаваць, нагадваючы, што кожнае такое забойства — гэта трагедыя, якой можна было пазьбегнуць, і што кожная жанчына павінна мець абарону з боку грамадзтва і дзяржавы.

А тым, хто дагэтуль любіць задаваць пытаньне «чаму ж яны не сыходзяць», я хачу нагадаць, што беларускае грамадзтва пачалі масава зьбіваць і катаваць акурат пасьля таго, як мы заявілі, што хочам сысьці ад Лукашэнкі. Людзі, якіх цікавіць выключна ўлада і кантроль над сытуацыяй, такога не прабачаюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG