Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Яўгена Глебава; год таму — Літоўскі сэйм прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальна выбраным лідэрам


Яўген Глебаў
Яўген Глебаў

Падзеі 10 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Шахтару Юрыю Корзуну, які прыкаваў сябе да горназдабыўнага абсталяваньня ў шахце на глыбіні 305 мэтраў, разрэзалі кайданкі і вынесьлі яго з шахты. Юрыя адправілі ў прыёмны пакой шпіталя.
  • Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш наклаў вэта на прапанову Польшчы запрасіць Сьвятлану Ціханоўскую на пятнічны саміт кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Эўропы, заявіўшы, што такі крок будзе заўчасным.
  • Літоўскі сэйм прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальна выбраным лідэрам. Аляксандра Лукашэнку назвалі нелегітымным кіраўніком.
  • Лідэры 10 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары прэзыдэнта цягам 6 месяцаў.

Таксама ў гэты дзень

1990 — пачалася ўстаноўчая канфэрэнцыя Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

1996 — ААН зацьвердзіла Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў.

У гэты дзень нарадзіліся

1809Аляксандар Рыпінскі, паэт, фальклярыст, мастак, выдавец, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1831 г., палітэмігрант.

Працуючы ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане, я пачуў ад знакамітага беларусіста Гая Пікарды гісторыю пра тое, як ён сядзеў зь менскім калегам Адамам Мальдзісам у адным зь мясцовых пабаў.

За вокнамі ішоў абложны дождж, таму цемнаскураму бармэну даводзілася наліваць наведнікам зноў і зноў, што той рабіў чамусьці безь вялікага стараньня.

Пры чарговым паходзе да стойкі прафэсар Мальдзіс уголас зазначыў, што некалі ў гэтым доме жыў і друкаваў свае кніжкі беларускі паэт Аляксандар Рыпінскі, і, калі б зьмясьціць на будынку мэмарыяльную табліцу, кожны беларус, трапіўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы славутага земляка прыстойнай колькасьцю кухляў «Гінэсу» ці келіхаў і кілішкаў чаго мацнейшага.

Бармэн прыкметна пажвавеў і прывёў гаспадара пабу. Першым пытаньнем было: колькі на сьвеце беларусаў?

У брытанскай сталіцы Рыпінскі апынуўся пасьля ўдзелу ў вызвольным паўстаньні 1831‑га і трынаццаці гадоў эміграцыі ў Парыжы. Лёндан прынёс яму вядомасьць як мастаку і фатографу (у Тотэнгемскім музэі дагэтуль захоўваюцца гравюры зь ягоных карцінаў).

Заснаваўшы ўласную вольную друкарню, былы інсургент разам з польскімі вершамі надрукаваў у ёй сваю беларускамоўную рамантычную баляду «Нячысьцік» — пра селяніна Мікіту, што «меў жонку, як зьмяю», а ў прыдачу парсючка, якога гаспадару собіла забіць на каўбасы акурат у Вялікі пост, пасьля чаго, натуральна, і зьявіўся ўсьцешаны нячысьцік.

Дзякуючы гэтаму твору з суровай маральлю (ня еж у пост скаромніны!) Аляксандра Рыпінскага лічаць адным з стваральнікаў жанру беларускай баляды.

Якраз Рыпінскі ўвёў у нашу мову літару «Ў», якая ў ягонай лацінцы выглядала як «Ŭ».

Дарэчы, у друкарні Рыпінскага ўпершыню апублікаваны хрэстаматыйны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы...».

Вярнуўшыся па амністыі на радзіму і жывучы пад строгім наглядам паліцыі, колішні паўстанец канчаткова ўсьвядоміў сябе за беларускага культурнага дзеяча і працаваў над гісторыяй айчыннай літаратуры.

На жаль, мэмарыяльнай табліцы там, дзе некалі весела хаваліся ад дажджу Мальдзіс і Пікарда, дагэтуль няма. Не захаваўся і паб.

У гэтым будынку цяпер клініка кітайскага дантыста, тая самая, што дала назоў выдадзенай у Бібліятэцы Свабоды кнізе падарожжаў Зьмітра Бартосіка. Нядаўна пабачыла сьвет і кніга Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента. Дакумэнтальная аповесьць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе».

Але дайце веры: побач з клінікаю лёнданскага кітайца ёсьць іншы паб.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, ст.86-87.


1893Аляксандар Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг (расстраляны НКВД).

Ляўданскі стаў арганізатарам першых у БССР археалягічных экспэдыцыяў. Ён дасьледаваў Віцебск, Воршу, Заслаўе, даў першую тапаграфію Полацку, дзе вывучаў Сафію і зруйнаваныя потым бальшавікамі Бельчыцкія храмы.

Аднак паралельна зь сьпісам навуковых публікацыяў больш пульхным рабілася й дасье на вучонага. Апрача яго агульнай незалежніцкай пазыцыі, у «органах» зьвярнулі ўвагу на лісты зласьліўцаў, якія выступілі супраць высновы Ляўданскага, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Відаць, значна лепей было б, каб тут спрадвеку жылі савецкія калгасьнікі.

У 1937-м па яго прыехаў «чорны воран». У тым самым годзе вучоны стаўся мішэньню для ката з чырвонай зорачкай на форменнай фуражцы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, ст. 150-151.

1923Мікола Бірыла, беларускі мовазнаўца, акадэмік. Асноўныя навуковыя працы датычылі беларускай дыялекталёгіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы.

1929 Яўген Глебаў, беларускі кампазытар.

Яўген Глебаў і Васіль Быкаў
Яўген Глебаў і Васіль Быкаў

Адзін з найвыдатнейшых беларускіх кампазытараў ХХ стагодзьдзя Яўген Глебаў нарадзіўся ў Рославе. Толькі зусім недасьведчаныя ў гісторыі маглі называць яго «рускім чалавекам, які ўнёс вялікі ўклад у мастацтва Беларусі». Паходзячы зь беларускага этнічнага абшару, Глебаў быў шчодра надзелены найлепшымі рысамі нашай мэнтальнасьці, што выяўляліся як у творчасьці, так і ў паўсядзённым жыцьці.

У школе Жэня марыў пра мора і выправіўся паступаць у бакінскую мараходку. Адтуль, перапалохаўшы родных, ён прыехаў з чорным, як у мурына, тварам: ад самага Баку ехаў на вагонных дахах. Няпройдзены конкурс стаўся шчасьцем для беларускае музыкі.

Ягоныя эмацыйныя, інтанацыйна багатыя, нетрадыцыйныя сымфоніі й канцэрты, сюіты й араторыі, балеты «Курган», «Альпійская баляда», «Тыль Уленшпігель», «Маленькі прынц», опэра «Майстар і Маргарыта» заўсёды рабіліся падзеямі.

Відаць, кожнаму жыхару краіны знаёмыя глебаўскія п’есы для эстраднага аркестру «Залатая восень» і «Начны дыліжанс», якія тысячы разоў гучалі й працягваюць гучаць на нашым радыё.

Уляўраны й адзначаны самымі высокімі званьнямі й прэміямі, Глебаў ніколі ня быў кампазытарам прыдворным.

Ён сябраваў з Быкавым, кнігі якога ня раз рабіліся для Яўгена Аляксандравіча літаратурнай асноваю музычных твораў.

Студэнты зь Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі, калегі й сябры захапляліся ня толькі яго магутным талентам і працавітасьцю, але і адметным гумарам. Кажуць, ён працаваў наступным чынам: сымфонію — за два месяцы, балет — за паўгода, а пра песьні казаў: «Не пасьпеў да абеду, то ня трэба й выседжваць — ня яйка ж!».

Стаўленьне народнага артыста да сёньняшняй улады цудоўна адлюстравалася ў гісторыі пра яго віншаваньне з 70-годзьдзем, калі з букетам да Глебава (які пасьля інсульту страціў зрок, але не пачуцьцё гумару) заявіўся тагачасны намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч.

— Прэзыдэнт цэніць вас!
— І я яго цаню!
— Прэзыдэнт паважае вас!
— І я яго паважаю.
— Прэзыдэнт любіць вашы балеты!
— І я яго балеты люблю, — рэзюмаваў маэстра.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, ст. 464-465.

У памяці

1866 — памёр Міхаіл Мураўёў, расейскі генэрал, кіраўнік здушэньня паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.

1916 — памёр Аляксандар Ельскі, беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф, публіцыст.

1937Язэп Мамонька, палітычны дзяяч.

Язэп Мамонька
Язэп Мамонька

Лёс падараваў гэтаму неўтаймоўнаму случаку талент дзівосным чынам вырывацца з-за кратаў.

У 1921-м на даручэньне кіраўніцтва БНР Мамонька едзе ў Менск для каардынацыі вызвольнага змаганьня ў Заходняй Беларусі. Новы арышт бальшавікамі і высылка ў Казань.

Але ворагі й апанэнты рана радаваліся: у верасьні таго самага году палітуцякач, пераадолеўшы некалькі эўрапейскіх межаў, зь лёгкай усьмешкай на сваім адкрытым сялянскім твары ўвойдзе ў залю паседжаньняў першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе.

На другой, Бэрлінскай, канфэрэнцыі 1925 году ён рэзка выступіць супраць роспуску Ўраду БНР і на знак пратэсту ляпне дзьвярыма. Тым ня менш усьлед за шмат якімі паплечнікамі Язэп Мамонька празь некалькі гадоў прыме фатальнае рашэньне вярнуцца ў Беларусь і атрымае савецкую візу.

Роднае неба ён будзе бачыць бяз кратаў усяго некалькі хвілін. На памежнай з Латвіяй беларускай станцыі Бігосава да Мамонькі адразу падыдуць супрацоўнікі ОГПУ. Гэтым разам уцячы з-пад арышту ня ўдасца.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, ст. 152-153.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG