Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Віктара Ганчара; год таму выкралі Марыю Калесьнікаву


Зьніклыя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар
Зьніклыя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар

Падзеі 7 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

7 верасьня 1957 году нарадзіўся беларускі палітык Віктар Ганчар. 16 верасьня 1999 году Ганчар разам са сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім зьніклі бязь зьвестак. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.

Віктар Ганчар, ліпень 1999
Віктар Ганчар, ліпень 1999

У гэты дзень год таму

Марыя Калесьнікава на мітынгу каля Дому ўраду ў Менску, 22 жніўня 2020
Марыя Калесьнікава на мітынгу каля Дому ўраду ў Менску, 22 жніўня 2020

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву раніцай каля Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку. Увечары сваякі Марыі Калесьнікавай падалі заяву ў міліцыю па факце зьнікненьня.

Таксама ў гэты дзень

1581 — пачалася аблога Пскова войскамі Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторыем у часе Інфлянцкай вайны.

1667 — беларускі асьветнік Сімяон Полацкі быў афіцыйна абвешчаны настаўнікам 13-гадовага расейскага царэвіча Аляксея.

Помнік Сімяону Полацкаму
Помнік Сімяону Полацкаму

1764 — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выбраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

1812 — падчас вайны паміж Расеяй і Францыяй адбылася Барадзінская бітва.

У гэты дзень нарадзіліся

1714 — Міхал Карыцкі, вялікалітоўскі паэт-лацініст эпохі Асьветніцтва, манах-езуіт, пэдагог, доктар філязофіі.

1832 — Людвік Нарбут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве.

Блізка знаёмы з Каліноўскім, Людвік стаў на чале інсургентаў у Лідзкім павеце. Аддзел Нарбута, аснову якога складалі сяляне, быў, бадай, самым баяздольным ува ўсім краі. Пасьля некалькіх перамогаў над расейскімі карнікамі паўстанцкія ўлады надалі Людвіку званьне палкоўніка, а генэрал-губэрнатар краю Назімаў прызначыў за ягоную галаву буйную грашовую ўзнагароду і кінуў супраць трох сотняў змагароў, узброеных толькi косамі й паляўнічымі стрэльбамі, дзьве тысячы салдат і казакоў.

На пачатку траўня 1863-га ў Дубіцкім лесе над ракой Котраю Людвік, якога адзін з сучасьнікаў назваў «выразьнікам духу і гераізму эпохі», уступіў у свой апошні бой. Каб канчаткова адолець нарбутоўцаў, расейскім карнікам спатрэбілася восем атак.

Праз год пасьля паўстаньня знакаміты беларускі мастак, італіец з паходжаньня, Міхал Андрыёлі, які ваяваў пад камандаваньнем Людвіка, створыць вядомы графічны твор, прысьвечаны сьмерці героя. Існуе думка, што сярод паўстанцаў на карціне паказаны і малады Францішак Багушэвіч, які змагаўся ў тым самым аддзеле.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 58–59.

1885 — Палута Бадунова, беларускі палітык, адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі.

Выпускніца петраградзкіх Вышэйшых гістарычналітаратурных курсаў, сябра ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а пазьней — сакратар ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Палута не губляла ўпэўненасьці ў любой кампаніі палітыкаў-мужчынаў. Яна была ў ліку арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду, а на пачатку 1918-га ўвайшла ў склад Народнага Сакратарыяту — першага Ўраду БНР. Подпісы Бадуновай стаяць пад Другой і Трэцяй Устаўнымі Граматамі, дзе абвяшчалася пра ўтварэньне й незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Сакратарыяце Палута была адзінай жанчынаю. Яе пасада народнага сакратара апекі адпавядала партфэлю міністра сацыяльнай абароны. Адначасова яна ўзначаліла жаночае дабрачыннае таварыства «Цётка», названае ў гонар знакамітай паэткі. Палута і сама была адораная яскравым літаратурным Палута Бадунова імёны свабоды 187 талентам, што засьведчыла выдадзеная, на жаль, адно ў 2019-м яе кніга прозы «Творы». Належачы да партыі беларускіх эсэраў, Бадунова пасьлядоўна выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. За свае непахісныя погляды ёй давялося адседзець спачатку ў польскай турме ў Менску, а потым у бальшавіцкай — у Маскве. Гэта была славутая Бутырка, дзе Палута за паўгоду зьняволеньня трымала некалькі галадовак, штораз даводзячы сябе да крытычнага стану.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 186–187.

1919 — Алесь Асіпенка, беларускі пісьменьнік, сцэнарыст, заслужаны работнік культуры БССР (1979).

1935 — Станіслаў Астапчык, беларускі вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і фізыкі мэталаў.

1939 — Уладзімер Халіп, беларускі і савецкі сцэнарыст, літаратар.

У памяці

1954 — у Мюнхэне ў загадкавых абставінах памёр Леанід Карась, журналіст беларускай службы Радыё Вызваленьне.

Навучаючыся ў бэльгійскім Лювэне на інжынэра, ён даведаўся пра стварэньне Беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне (Свабода) і выехаў у Мюнхэн, адкуль павінна было распачацца вяшчаньне. Апрача журналісцкіх задаткаў, ён ужо валодаў ангельскай моваю і меў — што для супрацоўніка радыё надзвычай важна, — прыемны зычны голас.

У траўні 1954-га беларускія перадачы пайшлі ў этэр. Галоўным «сьпікерам» стаў Леанід Карась.

Прафэсія журналіста заўсёды была небясьпечная. Нязьмерна больш за іншых рызыкавалі ў той Леанід Карась імёны свабоды 253 час супрацоўнікі радыё, што несла праўду за жалезную заслону, туды, дзе перадачы глушыліся, а спэцслужбы рыхтавалі супраць вызваленцаў свае брутальныя акцыі.

Аднойчы ў верасьні таго самага 1954 году Леанід Карась не зьявіўся ў студыю. Праз тыдзень ягонае цела знайшлі на беразе мюнхэнскай ракі Ізар. Злачынства засталося нераскрытае, але сябры й калегі не сумняваліся, што гэта справа камуністычных агентаў. Яшчэ праз два месяцы ў сваёй кватэры быў закатаваны шэф азэрбайджанскай рэдакцыі Аба Фаталібэй.

Радыё Свабода ішоў першы год, Леаніду Карасю — трыццаць першы.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 252–253.

2004 — памёр беларускі пісьменьнік і перакладчык Алесь Асташонак.

Кім толькі ён ні працаваў!

Перакладчыкам у Альжыры, выхавальнікам у каледжы, настаўнікам францускае мовы, рэдактарам часопіса «Крыніца», асыстэнтам псыхіятра й памочнікам нарколяга. Але на сваім месцы Алесь быў адно за пісьмовым сталом.

Ён цікава й імкліва пачынаў. Прадмову да яго першай кнігі прозы «Фарбы душы» напісаў Алесь Адамовіч.

Асташонкава п’еса «Камэдыянт» пасьля сцэнічнага ўвасабленьня зьявілася ў вэрсіі мастацкага тэлефільму, а іншы фільм паводле Алесевага сцэнару — «Сон» — атрымаў першую прэмію на міжнародным конкурсе ў Гішпаніі.

Нашыя дзеці чыталі ў ягоных таленавiтых перакладах на беларускую мову «Востраў скарбаў» Стывэнсана й «Плянэту малпаў» П’ера Буля.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 524–525.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG