Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Барыса Гюнтэра. Год таму: больш за 1100 работнікаў чыгункі запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў


Барыс Гюнтэр на плошчы ў жніўні 1991. Фота Ул. Кармілкіна
Барыс Гюнтэр на плошчы ў жніўні 1991. Фота Ул. Кармілкіна

Падзеі 2 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

2 верасьня 1943 году нарадзіўся Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 году пастановы аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11-12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму.

Зьлева направа — дэпутаты БНФ Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі. 1990 год.
Зьлева направа — дэпутаты БНФ Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі. 1990 год.

Барыс Гюнтэр нарадзіўся ў сям’і актораў. Маці — расейка, бацька — з павалжанскіх немцаў. З 8 гадоў жылі ў Разані прама ў тэатры.

Пасьля таго, як васьмігадовы Барыс сунуў алавяннага салдаціка ў разэтку і выключыў усё сьвятло ў тэатры, нехта напісаў данос, што хлопец сарваў патрыятычны спэктакль. Гэта расцанілі як дывэрсію і арыштавалі бацькоў Барыса, а праз тры дні і яго самога. З бацькамі Барыс сустрэўся толькі праз тры гады — калі іх вызвалілі. Хлопчыка месяц трымалі ў разанскім сьледчым ізалятары, у камэры разам зь ім было каля 30 чалавек — дзяцей рознага ўзросту. Падчас допытаў Барыса фізычна катавалі, выбіваючы прызнаньне, што нехта яго падштурхнуў да дывэрсіі. Суду не было. Перавезьлі ў Маскву і адправілі на двухмесячны этап да гораду Ангарску ў дзіцячы дом для дзяцей асуджаных. Бацькі вызваліліся ў 1954 годзе, уладкаваліся на працу ў Іркуцку і толькі потым маглі забраць сына з інтэрнату. (Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій ў Беларусі).

Год таму, 2 верасьня 2020

  • Юрыст Максім Знак паведаміў, што ўлады палохаюць бацькоў адабраньнем дзяцей за ўдзел у пратэстах.
  • Уладзімер Макей у Маскве заявіў, што ў Беларусі спынілі каляровую рэвалюцыю.
  • Больш за 1100 работнікаў чыгункі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў.
  • Надпіс «Не забудзем!» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ля мэтро «Пушкінская» засыпалі пяском.
  • Адбыўся ператрус у кампаніі Мікіты Мікады. Ён прапанаваў дапамогу сілавікам, якія пакінуць службу.
  • Купалаўскі тэатар адмяніў паказы ўсіх спэктакляў да канца лістапада.
Пратэст супрацоўнікаў «Купалаўскага тэатру», жнівень 2020 года
Пратэст супрацоўнікаў «Купалаўскага тэатру», жнівень 2020 года

Таксама ў гэты дзень

1192 — скончыўся трэці крыжовы паход, кароль Рычард Львінае Сэрца і султан Саладын падпісалі мірную дамову.

1834 Сэм’юэл Кольт запатэнтаваў рэвальвэр.

1928 — у Ленінградзе стварылі кінастудыю «Савецкая Беларусь». У 1939 годзе студыя пераехала ў Менск, у 1946 годзе яе перайменавалі ў «Беларусьфільм».

1945 — капітуляцыяй Японіі скончылася Другая сусьветная вайна.

1971 — Аб’яднаная Арабская Рэспубліка распалася на Егіпет і Сырыю

1991 — Нагорна-Карабаская Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць ад Азэрбайджану

1996 — ва Ўкраіне ўвялі нацыянальную валюту — грыўну.

У гэты дзень нарадзіліся

1911 Юлі Таўбін, беларускі паэт, перакладчык. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД.

Юлій Таўбін, 1928 год
Юлій Таўбін, 1928 год

1955Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзеяч.

У памяці

1800 Мацей Радзівіл, беларускі драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэт.

1814 Жан Эмануэль Жэлібэр, францускі натураліст, хірург і анатом, стваральнік і кіраўнік Гарадзенскай мэдыцынскай акадэміі.

1973Джон Рональд Руэл Толкін, брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.

1998Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG