Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паказуха для аднаго чалавека». Як неабмежаваныя інвэстыцыі ў хакей абярнуліся незваротнымі стратамі


Аляксандар Лукашэнка падчас цырымоніі на «Менск-арэне» 8 верасьня 2011
Аляксандар Лукашэнка падчас цырымоніі на «Менск-арэне» 8 верасьня 2011

Зборная Беларусі па хакеі чарговым разам праваліла адборачны алімпійскі турнір і прапусьціць зімовыя Гульні-2022 у Пэкіне. Апошні раз беларусы былі на Алімпіядзе 2010 году ў Ванкувэры.

На кваліфікацыйныя матчы ў Браціславу беларускія выхаванцы заакіянскага трэнэра Крэйга Вудкрафта выпраўляліся ў рангу фаварытаў разам з гаспадарамі арэны, зборнай Славаччыны. Аднак асечка здарылася ўжо ў першым матчы супраць палякаў, яўных аўтсайдэраў групы. Адрозна ад беларусаў, тыя выступаюць у трэцім па сіле дывізіёне, але змаглі ня толькі выстаяць, а і перамагчы зь мінімальным лікам 1:0 — упершыню ў афіцыйных сустрэчах між сабой.

Гэтак жа няўдала пачыналася наступная гульня з аўстрыйцамі — «гарэлі» 0:2 пасьля першага пэрыяду, але пасьля вострай крытыкі з боку галоўнага хакеіста краіны Аляксандра Лукашэнкі нейкім чынам сабраліся ды адолелі суперніка, які зарана расслабіўся.

Лёс адзінай пуцёўкі ў Пэкін вырашаўся ў апошнім супрацьстаяньні з Славаччынай, якая да таго перайграла і Аўстрыю, і Польшчу. Каб выканаць задачу, беларусам трэба было перамагаць у асноўны час. Цуду ня здарылася, хоць доўга лік на табло быў 1:1. У канцоўцы славакі забілі ў пустыя вароты, яны ў лютым 2022-га і паедуць у Кітай. А для Беларусі гэта ўжо трэці алімпійскі пралёт запар.

Што адбываецца зь беларускім хакеем, які мае велізарныя інвэстыцыі ды прэфэрэнцыі з боку дзяржавы і асабіста Лукашэнкі — капітана «самай моцнай аматарскай каманды сьвету», як не стамляецца паўтараць афіцыйная прапаганда ў прывязцы да штогадовых менскіх калядных турніраў?

«Прыйшоў час напляваць на вынікі дарослых камандаў»

Беларускія хакеісты ня ведаюць праблемаў зь фінансаваньнем, шчодра аплачваецца праца нятанных замежных трэнэраў, раздаюцца нацыянальныя пашпарты амэрыканскім і канадзкім легіянэрам. А вынік апошнім часам адзін — аўтсайдэрскія пазыцыі ў сусьветнай эліце ды паразы ў матчах з камандамі, якія дзякуючы беларусам папаўняюць статыстыку сваіх рэдкіх перамогаў.

Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі здарыўся, як кпяць ягоныя апанэнты, «палацавы пераварот». Нягледзячы на адмоўную рэнтабэльнасьць, па ўсёй Беларусі пачалі масава ўзводзіць лядовыя арэны — іх лік ужо пераваліў за чатыры дзясяткі, агучваюцца пляны навабудаў у яшчэ неахопленых рэгіёнах.

Агулам у Беларусі хакеем займаюцца прыкладна 7 тысяч чалавек толькі ў спэцыялізаваных дзіцячых школах і пры камандных акадэміях, ня лічачы аматарскіх калектываў на прадпрыемствах і ў рамках абласных першынстваў.

Прыкладна тысяча выступае ў рангу прафэсіяналаў. Акрамя менскага «Дынама» — прадстаўніка Беларусі ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе — гуляецца чэмпіянат краіны ў Экстралігах А і Б, а таксама Вышэйшая ліга. Агулам 45 камандаў.

Сфармаваныя пяць рознаўроставых нацыянальных зборных — галоўная, моладзевая, юніёрская і дзьве юнацкія. У фэдэрацыі не знайшлося месца толькі жаночаму хакею, праз брак сродкаў гэты напрамак давялося згарнуць.

Такая разгалінаваная гаспадарка вымагае значных затратаў. Адзін толькі тытульны спонсар «Беларуськалій» на ўтрыманьне зборнай Беларусі, менскага «Дынама» ды салігорскага «Шахцёра» за некалькі апошніх гадоў патраціў больш за 100 мільёнаў даляраў. Гэта ня лічачы «сацыяльнай нагрузкі» з боку нафтаперапрацоўкі, банкаў, камэрсантаў. З улікам практычна нулявых посьпехаў названых калектываў на міжнароднай арэне нават Лукашэнка распарадзіўся прыпыніць бескантрольнае фінансаваньне, прэміруючы за канкрэтныя дасягненьні.

Чаму адчувальныя інвэстыцыі аказаліся марнымі? Запыталі ў Яўгена Мазуры — хакейнага мэнэджара, у мінулым супрацоўніка Фэдэрацыі хакею, заснавальніка і экс-дырэктара аршанскага клюбу «Лякаматыў» (да таго ўдзельнічаў у стварэньні камандаў у Бабруйску, Баранавічах, Пінску).

Хакейны мэнэджэр Яўген Мазура
Хакейны мэнэджэр Яўген Мазура

Ён рэдкі прадстаўнік хакейнай галіны, хто летась выразна акрэсьліў грамадзянскую пазыцыю, удзельнічаў у пратэставых акцыях, падпісаў ліст спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Празь перасьлед вымушана пакінуў Беларусь, дзе на яго завялі крымінальную справу нібыта за перавышэньне матэрыяльнага ліміту падчас набыцьця экіпіроўкі для гульцоў каманды.

«Як прадстаўніку гэтага віду спорту мне хакейнай інфраструктуры, можа, нават і не хапае. А якая ёсьць, на жаль, неэфэктыўна выкарыстоўваецца. Перадусім — работа дзіцячых школаў. Вось за што неабходна тэрмінова брацца, напляваўшы ў тым ліку на вынікі дарослых камандаў. Асабіста я не разумею сэнсу менскага „Дынама“ ў КХЛ. Гэта дакладна ня кузьня кадраў, бо за 10 гадоў экспэрымэнтаў зборная мацнейшай ня стала. Так, зьявілася чарада легіянэраў зь беларускімі пашпартамі, але падчас кваліфікацыі і яны не дапамаглі. Хоць быў максымальны склад, у Браціславу прыехалі самыя лепшыя».

«На пляцоўцы немагчыма застацца па-за палітыкай»

Камандны спорт — гэта ня столькі індывідуальны ўзровень асобнага гульца, колькі здольнасьць знайсьці абсалютнае паразуменьне на пляцоўцы, тлумачыць Яўген Мазура. Але цалкам дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца ў Беларусі, хакеісты так і ня здолелі.

«У падборы гульцоў Беларусь была фаварытам. Іншае пытаньне — не дасягаюцца высокія вынікі з-пад палкі. Можа быць нешта разавае на сполаху, але ў камандных дысцыплінах важныя прафэсіяналізм, кураж, настрой. Тады раскрываецца патэнцыял. А цяперашні псыхаэмацыйны стан не найлепшы. Амэрыканцы, канадцы, якія маюць беларускія пашпарты, пад пэўным ціскам на сваіх радзімах — маўляў, выступаюць за дыктатара. Тыя ж беларусы, хоць і казыраюць „спортам па-за палітыкай“, таксама ўсё бачаць, спрабуючы, як дзеці, „зачыніцца ў доміку“. Адсюль і разабраны стан зборнай, якая ў першым жа матчы адгрэбла ад палякаў. Тыя не баяліся, што іх жонкі паедуць падмятаць на „Белкалій“, калі прайграюць».

Яўген Мазура
Яўген Мазура

Заняткі хакеем — прыемнасьць ня з танных. Сотні патэнцыйных маладых самародкаў ня маюць магчымасьці раскрыцца, бо многім сем’ям не пацягнуць самастойна выдаткі на амуніцыю — толькі першачарговыя ўкладаньні могуць перавысіць 1000 даляраў. Нават зыходзячы з гэтага трэба зусім інакш весьці працу на нізавым узроўні, бо дом з даху ніхто не будуе, перакананы Яўген Мазура.

«Будуць нармальныя дзіцячыя трэнэры і зацікаўленасьць у працэсе — усё наладзіцца. Не састарэлыя савецкія мэтодыкі, па якіх рыхтуюць у школах, а сучасныя праграмы. Плюс досьвед краін, якія ўжо дасягнулі посьпехаў. Каб знайсьці самародак, трэба прамыць тоны пароды. Чым больш дзяцей, тым вышэйшая верагоднасьць удачы. Таму і кажу: грошы, бяздумна патрачаныя на „Дынама“, маглі б пайсьці на годны заробак трэнэрам і экіпіроўку. Не бацькі павінны залазіць у даўгі, набываючы камплект формы за 500–1000 даляраў, яго паівнна выдаваць школа. Дзіця за год яе ня зносіць, проста вырасьце. Прыйдзе наступны — хай карыстаецца. Стымул для ўсіх».

Падобны падыход спэцыяліст ілюструе з уласнага досьведу: у Воршы са зьяўленьнем «Лякаматыву» дзіцячы хакей у літаральным сэнсе атрымаў другое дыханьне. Па-першае, сталі нашмат большыя наборы, па-другое, рэзка падскочылі вынікі. Так, па выніках мінулага сэзону аршанскія падлеткі (2008 году нараджэньня) фінішавалі на трэцім радку ўнутранага першынства ў сваёй катэгорыі.

«Усё робіцца, каб пацешыць самалюбства аднаго чалавека»

Посьпехі нацыянальнай зборнай на пачатку 1990-х, калі з трэцяга дывізіёну каманда мэтанакіравана рушыла ў эліту, Яўген Мазура зьвязвае з гульцамі старой школы, якія ўмелі даць вынік. А калі майстры скончыліся, пачалася эпоха заняпаду.

«Цяпер усё робіцца, каб пацешыць самалюбства аднаго чалавека — самі ведаеце каго. Нікога не падрыхтавалі, вакантныя „дзіркі“ пачалі замяшчаць легіянэрамі. На жаль, гэта мела дрэнныя наступствы для зборнай. Я заўсёды казаў: трэба гуляць беларусамі. Зьбярыце 25 чалавек, хай яны ня будуць выступаць у элітным дывізіёне, скоцяцца ў А1 ці В1, але атрымаюць практыку на добрым узроўні, і з часам гэта дасьць плён. Як тыя ж палякі. Так, няма сваёй варатарскай школы, натуралізавалі канадца. Але не паўкаманды. Чаму не давяраць беларусам? Ня трэба ставіць задачу адразу трапіць на Алімпіяду, а прынамсі засьвяціцца на такіх турнірах, паказацца агентам, можа хто зацікавіцца нават у той жа НХЛ».

А ў выніку атрымалася, працягвае Яўген Мазура, што ў Браціславе пад дзяржсьцягам Беларусі лішні раз далі папрактыкавацца немалому паўночнаамэрыканскаму дэсанту. Гэта брамнік Дэні Тэйлар, гульцы Нік Бэйлен, Шэйн Прынс, Франсіс Парэ, Джэф Плэт ды галоўны трэнэр Крэйг Вудкрафт.

«Гэтыя хлопцы едуць зарабляць, а не за краіну паміраць. КХЛ — другая ў сьвеце ліга і па моцы, і па фінансах. Хто праз шалёную канкурэнцыю не трапляе ў НХЛ, скіроўваюцца сюды, дзе асноўны донар — Расея. Атрымліваюць беларускія пашпарты, каб проста тэхнічна замацавацца на тэрыторыі. Бо нават калі не атрымаецца ў Менску, зьедуць у маскоўскі „Спартак“ ці ўфімскі „Салават“. Галоўная мэта — трапіць у лігу, маючы гадавыя кантракты на 500–700 тысяч даляраў, а то і мільён. І лічыць, што яны будуць цалкам аддавацца за чужую краіну, — ілюзія. Паўтаруся, паказуха для аднаго чалавека, якому не да законаў».

«Краіны — суседкі, а падыходы да хакею прынцыпова розныя»

Прыклад, люстэркава адваротны Беларусі, — разьвіцьцё хакею ў Латвіі. Адрозна ад суседзяў, латышы пасьпяхова пераадолелі кваліфікацыйнае сіта і зьбіраюцца на Алімпіяду ў Кітай.

У хакей латвійскі ўрад не ўкладаецца сотнямі мільёнаў эўра, дзеля хуткацечных паказьнікаў дзяржава не натуралізуе іншаземцаў, а лядовыя палацы можна зьлічыць на пальцах адной рукі.

Сёлета Беларусь і Латвія меліся сумесна прыняць хакейны чэмпіянат сьвету. Калі праз парушэньне правоў чалавека і беспрэцэдэнтны гвалт спаборніцтвы ў Менску забралі, Рыга правяла іх уласнымі сіламі, хоць тое і вымагала значных арганізацыйных намаганьняў.

Чаму маленькая Латвія стала па-сапраўднаму хакейнай дзяржавай, а Беларусь упэўнена адсоўваецца на спартовыя задворкі?

«Складана параўноўваць Беларусь і Латвію, бо нібыта краіны-суседкі, а падыходы да справы прынцыпова розныя. Прынамсі, дзіцячая школа падрыхтоўкі там нашмат лепшая. Адзін з такіх плюсаў — эўрапейскі пашпарт гульца, які дазваляе падлеткам выбірацца па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Паўночную Амэрыку. Штогод парадку 10–15 хлопцаў зьяжджаюць за акіян — хай у ніжэйшых лігах, але маюць неацэнны досьвед. Нашых толькі нядаўна пачалі драфтаваць у НХЛ, пару чалавек ужо замацаваліся за клюбамі. Праз пару гадоў гэта павінна даць пэўны штуршок, але ў латышоў усё гэта здарылася нашмат раней».

Нягледзячы на правал алімпійскай кваліфікацыі, старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітры Баскаў, унесены ў санкцыйны сьпіс Міжнароднага алімпійскага камітэту праз імаверную датычнасьць да сьмерці гарадзкога актывіста Рамана Бандарэнкі, зрабіў выснову: хлопцы так біліся за краіну, што відавочна адно — у беларускага хакею ёсьць будучыня.

Спорт — перадусім відовішча. Але пры гэтым заўзятары не прымаюць фальшу, парыруе хакейны мэнэджар Яўген Мазура. І калі мэты апрыёры завышаныя, неадэкватныя або падмяняюцца, абы дагадзіць адной ці некалькім асобам, ня варта чакаць і годных вынікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG