Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моц у тым, што ў цябе няма зброі». Як беларускія артысты і мастакі працягваюць сваю справу ў Польшчы


Беларускія творцы, якія трапілі пад рэпрэсіі і вымушаныя былі зьехаць за мяжу, аб’ядналіся на рэзыдэнцыі арт-тэрапіі. Свабода паразмаўляла з арганізатарамі і ўдзельнікамі праекту аб тэрапіі, творчым працэсе, уражаньнях і плянах на будучыню.

Творцы, якія апынуліся ў цяжкіх абставінах праз падзеі ў Беларусі, сабраліся на рэзыдэнцыі ў Бялцы Татршаньскай у паўднёвай Польшчы. Удзельнікі прайшлі рэабілітацыю праз адмысловыя трэнінгі, музыку, тэатар і мастацтва. Прафэсіянальныя музыкі і акторы, а таксама пачаткоўцы, стварылі «Эмацыйную опэру па-за гульнёй».

Арганізаваў рэзыдэнцыю музыка і сьпявак Сяржук Доўгушаў, які некалькі месяцаў таму вымушана пакінуў Беларусь. Музыка кажа, што на ўласным досьведзе зразумеў, у якім стане цяпер беларусы-рэляканты і як ён можа ім дапамагчы.

«Рэзыдэнцыя для беларускіх творцаў створаная, каб адаптавацца, гэта магчымасьць рэалізаваць творчыя праекты і задумы. Пасьля пераезду ў іншую краіну, патрэбны месяц, каб хоць мінімальна супакоіцца, а часам і паўгода. І, вядома, тым, хто быў у нечалавечых умовах у турмах, патрэбная групавая, індывідуальная тэрапія, трэба выгаварыцца, пражыць гэтыя стрэсы. У нас была арт-тэрапія, калі людзі малявалі свае страхі, унутраныя перажываньні, палілі, рвалі, а потым гэта ўсё ператварылася ў опэру», — тлумачыць арганізатар, музыка і сьпявак Сяржук Доўгушаў.

Рэзыдэнцыя праходзіла ў маляўнічых польскіх Татрах

«Рашэньне было за рэжысэрам Юрам Дзіваковым. Для яго была важная пляцоўка на вуліцы, каб нам не перашкаджалі людзі, каб машыны ня езьдзілі. Таму была мэта зьехаць далей ад гораду, і я вельмі задаволены, што выбралі гэтае месца — горы, горныя рэчкі, возера, прырода. У нас была свая прастора для заняткаў».

На працягу дзесяці дзён удзельнікі рэзыдэнцыі праходзілі розныя трэнінгі: тэатральныя, мастацкія і дыхальна-гукавыя. Апошнія праводзіў Сяржук Доўгушаў.

«Я даўно імі займаюся, у мяне ёсьць свой курс „Прыродны голас“. Я проста бачу на практыцы, як гэта працуе: пасьля сьпеваў у людзей усьмешка зьяўляецца, тонус, сьвятлейшым твар робіцца. Калі правёў адзін курс, два, тры, было шмат удзячных людзей, якія казалі, што ў іх нават асабістае жыцьцё наладзілася, што яны нейкія рашэньні знаходзілі. Таму гэта вельмі блізка мяжуе зь ёга-голасам, вакала-тэрапіяй, нейкімі духоўнымі практыкамі, бо голас — гэта такая вельмі тонкая рэч. Людзі, якія сьпяваюць, — шчасьлівыя людзі. Сьпевы — гэта і вібрацыі, і лячэньне свайго цела і духа, гэта паляпшае фізычна чалавека».

Анастасія Мацкевіч і Сяржук Доўгушаў
Анастасія Мацкевіч і Сяржук Доўгушаў

«Словамі і творчасьцю можна напужаць таго, у каго пісталеты»

Арт-трэнінгі на рэзыдэнцыі праводзіла сцэнограф, дызайнэр, ілюстратар, гід па мэтодыцы Марыі Мантэсоры для дзяцей ад 8 месяцаў да 6 год Тацяна Дзівакова. Творца кажа, што ўжо больш за 10 гадоў цікавіцца мастацтвам з боку тэрапіі.

«Асноўных эмоцый пяць, а ўсё астатняе — гэта іх варыяцыі. Я спрабавала разам са сваім дзіцем іх вывучаць, кантраляваць, разьвіваць, разумець, кіраваць імі, зь вялікага досьведу і нарадзілася жаданьне ўсё гэта зрабіць. Гэта ня толькі пра арт-тэрапію, тут яшчэ пра разуменьне, як сябе паводзіць, каб чалавек расслабіўся, мог сябе адпусьціць, намаляваць штосьці і не баяцца ўсяго працэсу», — тлумачыць Тацяна Дзівакова.

Тацяна Дзівакова
Тацяна Дзівакова

Ідэя трэнінгаў у Тацяны зьявілася празь цікавасьць да дасьледаваньня эмоцый.

«Нарадзілася ўсё са свайго досьведу. Калі ты зьехаў у іншую краіну, ты разабраны па частках, рукі, ногі, галава — усё асобна, а трэба неяк сабрацца. Мне вельмі спадабалася ва ўсім гэтым працэсе, што я дапамагала людзям, але насамрэч і яны мне вельмі шмат дапамаглі. Я ўбачыла, як людзі нарэшце сябе адпускаюць, узгадваюць, хто яны такія, не жывуць толькі праблемай, якая склалася».

На занятках з Тацянай удзельнікі апісвалі, прагаворвалі свае эмоцыі, а потым «вылівалі» іх на паперы, у плястыліне і іншых матэрыялах. Абмежаваньняў не было ніякіх. Далей зь пераўвасобленымі эмоцыямі можна было рабіць усё што заўгодна: сячы сякерай, паліць у вогнішчы, рваць ці захаваць.

Фота з прыватнага архіву Тацяны Дзіваковай
Фота з прыватнага архіву Тацяны Дзіваковай

«На працягу ўсяго летніка я спрабавала нагадваць, што ваша моц зьявіцца тады, калі вы станеце здаровымі, тады зможаце дапамагчы іншым. Моц у тым, што ў цябе няма зброі, што ты, вось такі голы, натуральны, жывы чалавек, можаш сваімі словамі і творчасьцю напужаць таго, у каго пісталеты. Мне здаецца, вось гэта неверагодная экалягічная зброя, і трэба пра гэта памятаць».

Таксама Тацяна настойвае, што ўсе людзі малююць.

«Калі ўзяць традыцыйнае народнае мастацтва, там усе людзі сьпявалі, гралі, танцавалі, бо гэта сродак, каб сябе расслабіць, каб перапрацаваць назапашаны досьвед у творчасьць. І праз тое, што зьявіліся такія прафэсіі [творчыя. — РС], быццам ты ня маеш права гэта рабіць. Няпраўда, абсалютна. Вельмі было шмат прац, калі людзі першы раз бралі ў рукі фарбу і выдатна малявалі, выказвалі свае думкі з дапамогай гэтых мастацкіх сродкаў. Гэта было вельмі прыгожа, і я вельмі шчасьлівая, што гэта ўсё здарылася».

«Аддзяліцца ад эмацыйнага і паспрабаваць прааналізаваць»

Акторскай працай з удзельнікамі, пастаноўкай і напісаньнем опэры займаўся рэжысэр Юра Дзівакоў. Творца кажа, што з радасьцю ўзяўся за працу над гэтым праектам, бо гэта было нешта новае і адрознае ад таго, чым ён займаўся да гэтага.

«Кожны вечар мы з Таняй абмяркоўвалі, што адбывалася з удзельнікамі ў яе на занятках, разважалі наконт усіх гэтых эмацыйных станаў. Я назіраў за малюнкамі ўдзельнікаў, плястычнымі творамі, якія яны рабілі. І потым ужо зьявілася нейкая хуткая канцэнтрацыя, і за вечар ці ранак я пісаў тэксты на кожную эмоцыю», — кажа Юра Дзівакоў.

Юра Дзівакоў
Юра Дзівакоў

«Эмацыйная опэра па-за гульнёй» складаецца зь пяці частак: «Гнеў», «Радасьць», «Жах», «Сум» і «Сорам». У опэры выкарыстоўваюцца лацінская, ангельская, беларуская і расейская мовы, тлумачыць рэжысэр.

«Я спачатку ўсё перакладаў на лаціну, разьбіраў і вырабляў зь ёй лібрэта. А другая частка, напрыклад, той жа самай „Радасьці“, напісаная па-беларуску. Была канцэнтрацыя той эмоцыі, якая ўзбуджаецца і людзьмі, якія працавалі над гэтым на працягу пяці дзён, і тым, што адбывалася ўва мне за гэты час».

Здаралася, тэксты рэжысэр пісаў за пару гадзін.

«І, канечне, я там прыдумляў нейкае дзеяньне фізычнае з тых рэчаў і абставін, што ў нас былі, з асяродзьдзя: камяні, дрэвы, галінкі, фарбы і тыя знакі, што мы зрабілі зь пенаплэксу. Апошняе мы прыдумалі раней і стваралі іх потым як сымбалі».

Над дэкарацыямі працавалі таксама музыкі і акторы праекту.

«Калі чалавек сам стварае, ён гэта цэніць, для яго гэта важна, — дадае Тацяна. — Ну, і гэта новы досьвед, падзяліцца тым, як робіцца спэктакль ад самага пачатку. Яшчэ ёсьць момант, што ты папрацаваў з эмоцыямі і выводзіш гэта на прафэсійны ўзровень. Ты як бы робіш прадукт са сваіх перажываньняў, са свайго досьведу. Гэта як аддзяліцца ад эмацыйнага і паспрабаваць прааналізаваць, паглядзець збоку, нарадзіцца нанава».

«Калі мы ў стане эміграцыі, нават 10 дзён дакладнасьці для нас вельмі важныя»

У хуткім тэмпе давялося працаваць усім. Опэру паставілі за некалькі дзён. Кампазытар Вольга Падгайская пісала музыку літаральна за пару гадзін, але кажа, што гэта было нескладана.

«Па-першае, былі людзі, якія натхняюць, глядзяць табе ў вочы і кажуць: „Вось давай гэта зробім!“. І гэта ўсё так інтрыгуе! Ты бачыш, якая ідэя цікавая, сцэнар, само месца. Складана было толькі, што ноты давялося пісаць ад рукі. Мне больш за ўсё спадабалася, як я сябе стала паводзіць. Я цэлы год не сьмяялася ад чыстага сэрца, а за гэтыя дні было столькі абсурдных сытуацый падчас працы, я сустрэла свайго чалавека — рэжысэра, і ў нас проста нейкія радыёхвалі супалі. Я сьмяялася да сьлёз. Шмат людзей супала ў адным пункце і ў адзін час», — кажа Вольга Падгайская.

Вольга Падгайская
Вольга Падгайская

Таксама Вольга праводзіла з удзельнікамі ўрокі па сальфэджыё і рыхтавала іх да сьпеваў на спэктаклі.

«Такія праекты вельмі важныя, асабліва для людзей, якія пацярпелі. Рэзыдэнцыя аб’ядноўвае, і зьяўляецца пачуцьцё, што ты не адзін у любой сытуацыі, дрэннай ці добрай, што б ні адбылося. Атрымліваеш такое станоўчае эмацыйнае насычэньне, усё прапрацоўваеш, і ад гэтага становіцца лягчэй жыць».

«Гэта сумесная творчасьць і разрадка, — дадае музыка, фагатыст Віталь Эппаў. — Цяпер, калі мы ў стане эміграцыі, нявызначанасьці, хоць бы гэтых 10 дзён нейкай дакладнасьці для нас вельмі важныя. Гэта было ў свабодным фармаце, такая атмасфэра дае магчымасьць тварыць. Мне вельмі спадабаліся практыкаваньні з малюнкам. Я апошні раз маляваў у школе, а тут я знайшоў новыя рэчы з колерамі і нават падумаў: можа, мне гэтым заняцца, паэкспэрымэнтаваць? Гэта вельмі зьмяніла нейкае каляровае ўспрыманьне жывапісу».

Віталь Эппаў
Віталь Эппаў

«Калі людзі выходзяць на пляцоўку, то яны ўжо становяцца прафэсіяналамі»

У опэры ўдзельнічалі як прафэсіянальныя акторы і акторкі, так і пачаткоўцы. Юра прызнаецца, што спачатку турбаваўся праз гэта, бо «прафэсіянал», які жыве ўнутры, патрабуе хуткасьці дзеяньняў. Але кажа, што потым падпарадкаваўся фізычнаму і эмацыйнаму стану ўдзельнікаў, і ўсё атрымалася.

«Нас вельмі шмат, мы ўсе розныя настолькі, што трэба быць уважлівымі адзін да аднаго. Калі людзі выходзяць на пляцоўку, то яны ўжо становяцца прафэсіяналамі. Вось гэты момант і ёсьць прафэсія, калі ты проста выходзіш на сцэну і робіш, незалежна ад таго, прафэсійныя з табою побач акторы ці не, ты сьпяваеш ці не, ты ўсё роўна выходзіш і робіш. Усе робяць па-рознаму, але ў гэты кароткі час мы змаглі сканцэнтравацца і зрабіць адзінае. Вельмі за кароткі час можна стаць прафэсіяналам ня меншым, чым той, хто займаецца шмат гадоў», — кажа Юра Дзівакоў.

Вось як апісвае свой досьвед на рэзыдэнцыі прафэсійная акторка, опэрная сьпявачка Дар’я Новік, якая грала ў вобразе вар’яткі:

«Я ня ведаю, як апісаць сваю ролю. Гэта ўсё на эмоцыях! І, канечне, яна мне падабаецца, таму што гэта я, толькі праз трошкі іншую прызму, — сьмяецца Дар’я Новік. — На летніку я ўпершыню за гэты год адчула, што магу ўсьміхацца, адчувала неверагодную любоў да ўсіх удзельнікаў. Ох, колькі было эмоцый! Усе тыя, пра якія мы кажам у опэры. І сьлёзы былі, і дзікі рогат! Мне падабаецца праца ў такім хуткім тэмпе, яна заўжды вельмі эмацыйная, лёгкая і сьвежая. Такія праекты важныя тым, што ў іх нараджаецца штосьці сапраўднае».

Акторкі і сьпявачкі Дар’я Новік і Анастасія Мацкевіч.
Акторкі і сьпявачкі Дар’я Новік і Анастасія Мацкевіч.

Рэжысэр Юра кажа, што вельмі задаволены тым, што атрымалася, але гатовы дапрацоўваць і ўдасканальваць спэктакль.

«Я вельмі задаволены і ўражаны, што была такая канцэнтрацыя. І музыкі, і акторы ўсе разам працуюць, ніхто ня зрушыўся ўлева ці ўправа і не сказаў: „Мне зараз кепска, я вас ненавіджу“. Было супэр. Я вельмі задаволены тым, што за такі кароткі тэрмін зроблена велізарная праца. Тэхнічна, канечне, я б яшчэ працаваў, зрабіў бы касьцюмы, сьвятло і інш. Але гэта замарочкі, бо заўжды думаеш, як зрабіць яшчэ лепш».

Акторы Аляксей Сапрыкін і Дзяніс Мароз
Акторы Аляксей Сапрыкін і Дзяніс Мароз

«Гэтая опэра павінна жыць»

Цяпер ідзе распрацоўка праграмы на падаўжэньне рэзыдэнцыі, кажа Сяржук Доўгушаў.

«Хочацца зрабіць праграмы яшчэ і для мастакоў, літаратараў і перакладчыкаў, паэтаў, каб гэта было з рознымі творцамі ў некалькі этапаў. Бо вялікай колькасьці беларускіх творцаў проста неабходна адпачыць, штосьці стварыць новае. Гэта важны этап, каб у нас нараджаліся нейкія творчыя прадукты, бо ў канцэнтрацыі нэгатыву вельмі складана штосьці зрабіць. Калі мы ў спакайнейшым месцы, то хочацца, каб зьявілася болей новай літаратуры, музычных твораў».

У бліжэйшым часе адбудзецца онлайн-прэзэнтацыя опэры і жывы выступ. Ёсьць ідэя паказаць яе ў Варшаве, а потым у іншых гарадах і краінах, кажа Сяржук.

«Я лічу, што гэта ўнікальная зьява, што за адзін тыдзень зьявілася опэра. У Беларусі такога б не адбылося, асабліва цяпер. Спэктакль — гэта вынік нашай рэзыдэнцыі, нашых перажываньняў, нашай працы. Бо мы пражывалі, прапрацоўвалі гэтыя эмоцыі, з чаго і нарадзілася „Эмацыйная опэра па-за гульнёй“. Гэтая опэра павінна жыць, гэта сапраўды нешта новае, сучаснае, і яно якраз расказвае пра наш эмацыйны стан — беларусаў і ўвогуле творцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG